Разьдзел 21 |
1. І калі падыйшлі да Ерусаліму і ўвайходзілі ў Віфагію пры гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім: 2. “Ідзеце ў аселішча, што проста перад вамі, і зараз-жа знойдзеце асьліцу прывязаную й пасьля зь ёю. Адвязаўшы, прывядзеце іх да Мяне. 3. І калі хто скажа вам штось, адкажэце, што яны патрэбны Госпаду – і ўраз-жа пашле”. 4. Усё гэта сталася, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: “Скажэце дачцы Сыонавай: вось Уладар твой ідзе да цябе, лагодны, седзячы на асьліцы й асьляці, сыне пад’ярэмнай”. 6. І, пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус. 7. Прывялі асьліцу й асьля й палажылі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх іх. 8. Гурмы народу пасьцілалі вопратку сваю па дарозе, а іншыя зразалі галінкі дрэў і пасьцілалі імі дарогу. 9. Мноства народу, што йшло перад Ім і за Ім, ідучы ўсклікалі: “Гасанна Сыну Давідаву! Дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе! Гасанна ў вышынях!”. 10. І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, усё места ўзрушылася, і гаварылі: “Хто-ж гэта?”. 11. Народ-жа адказаў: “Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага”. 12. Ісус-жа, увайшоўшы ў сьвятыню Божую, выгнаў усіх прадаўцоў і пакупнікаў у сьвятыні й сталы мянялаў і лавы гандляроў галубамі перавярнуў. 13. І сказаў: “Напісана ёсьць: дом Мой домам малітвы назавецца, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў”. 14. І прыступілі да Яго ў сьвятыні сьляпыя й калекі, і Ён іх аздаравіў. Архірэі-ж і кніжнікі, гледзячы на цуды, якія Ён стварыў, і на дзяцей, якія ўсклікалі ў сьвятыні: “Гасанна Сыну Давідаву!” – праняліся нянавісьцяй. 16. І сказалі Яму: “Ці чуеш, што яны гавораць?” Ісус-жа кажа Ім: “Так! Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што з вуснаў дзетак і сасункоў Ты ўчыніў хвалу?” 17. І пакнінуўшы іх, пайшоў зь места ў Віфанію й там застаўся. 18. А нараніцы, вяртаючыся ў места, адчуў голад. І, угледзеўшы пры дарозе смакоўніцу, падыйшоў да яе, і не знайшоўшы на ёй нічога, апрача толькі лісьця, сказаў да яе: “Няхай-жа ніколі ня будзе на табе плоду давеку”. І смакоўніца зараз жа засохла. 20. Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся й гаварылі: “Як-жа хутка засохла смакоўніца”. 21. Ісус-жа ў адказ сказаў ім: “Папраўдзе кажу вам, калі будзеце мець веру бяз сумліву, дык ня толькі падобнае да смакоўнічага створыце, але каб і гары гэтай сказалі: Узьніміся й кінься ў мора – гэтак станецца. 22. І ўсё, чаго папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце”. 23. І калі прыйшоў Ён у храм і навучаў, прыступілі да Яго архірэі й старшыні народныя, кажучы: “Якою ўладаю Ты гэта чыніш, і хто Табе даў гэткую ўладу?” 24. У адказ ім Ісус сказаў: “Я таксама дам вам адно пытанне, і калі вы Мне адкажаце, то й Я вам скажу, якою ўладаю гэта чыню”. 25. “Хрышчэньне Янава адкуль было? Зь неба ці ад людзей?” Яны-ж разважылі між сабою: “Калі скажам: Зь неба, Ён скажа нам: - Чаму-ж вы не паверылі яму?” 26. А калі скажам – ад людзей, боязна прад народам, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока”.27. І ў адказ Ісусу сказалі: “Мы ня ведаем”. Тады Ісус сказаў ім: “Не скажу й Я вам, якою ўладаю гэта чыню. 28. Як вы думаеце? Нейкі чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага сказаў: Сыне, ідзі сёньня працаваць у вінаградніку маім. 29. Той-жа ў адказ сказаў: Я йду, гаспадару – і не пайшоў. 31. Каторы з двух выканаў волю бацькі?” Кажуць Яму: “Першы”. Ісус гаворыць ім: “Папраўдзе кажу вам, што мытнікі й блудніцы йдуць наперадзе вас у Валадарства Божае. 32. Бо прыйшоў да вас Ян Хрысьціцель шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму; а мытнікі й блудніцы паверылі яму; вы-ж, бачыўшы гэтае, не пакаяліся потым, каб паверыць яму”. 33. “Іншую прыпавесьць слухайце. Нейкі чалавек, гаспадарны домаўласьнік, насадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго, выкапаў у ім сьцёк, пабудаваў вежу і, здаўшы яго вінаградарам, адышоў. 34. Калі-ж надышоў час плёнаў, ён паслаў слугаў сваіх узяць плёны свае. 35. Вінаградары, схапіўшы слугаў яго, аднаго прыбілі, іншага забілі, а яшчэ іншага каменьнямі пабілі. 36. Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, як першы раз. І зь імі зрабілі тое самае. 37. Урэшце, паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: Яны ўважаць на сына майго. 38. Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца, давайце заб'ём яго й заўладаем спадчынай ягонай”. 39. І ўзяўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніку й забілі. 40. Што-ж зробіць гаспадар з гэтымі вінаградарамі, калі вернецца дадому?” 41. Кажуць яму: “Злыдняў гэтых аддасьць на ліхую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плёны ў свой час”. 42. Ісус кажа ім: “Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні, што камень, зганьбаваны будаўнічымі, той самы стаўся галавою вугла; ад Госпада сталася гэта, і ёсьць дзіўна ў вачох вашых. 43. Дзеля гэтага кажу вам, што адыймецца ад вас Уладарства Божае й дадзена будзе народу, які творыць плёны яго. 44. І хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, разатрэ”. 45. І, пачуўшы прыпавесьці Ягоныя, архірэі й фарысеі зразумелі, што гаворыць пра іх. 46. І стараліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго ўважалі за прарока.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|