Разьдзел 18 |
1. Тады падыйшлі да Ісуса вучні Ягоныя, кажучы: “Хто ёсьць большы ў Валадарстве Нябесным?” 2. Ісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго сярод іх. 3. І сказаў: “Папраўдзе кажу вам, калі не навернецеся й ня станеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. 4. Вось-жа, хто пакорлівы, як гэтае дзіцятка, той большы ёсьць у Валадарстве Нябесным. 5. І хто прыйме адно з гэткіх малых у Імя Маё, той Мяне прыйме. 6. А хто-б спакусіў адно з гэтых малых, веруючых у Мяне, лепш было-б яму, каб завесілі жарновы камень на шыю яго й затапілі ў глыбіні морскай. 7. Гора сьвету ад спакусаў, бо хоць мусяць прыходзіць спакусы, але гора таму чалавеку, праз якого спакусы прыходзяць. 8. Калі-ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: Лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым зь дзьвюма рукамі й дзьвюма нагамі быць укінутым у агонь вечны. 9. І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго й адкінь ад сябе. Лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чымся з двума вачамі быць укіненым у агонь пякельны. 10. Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых, бо, кажу вам, ангелы іх у нябёсах заўсёды бачаць Аблічча Айца Майго Нябеснага. 11. Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і выбавіць загінуўшае. 12. Як вы думаеце? Калі-б нехта меў сто авец, і адна зь іх заблукалася: ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах, і ці ня пойдзе шукаць заблуканую? 13. І калі ўдасца яму знайсьці яе, то, запраўды кажу вам, ён узрадуецца ёй больш, чым дзевяцьдзесят дзевяцём незаблуканым. 14. Гэтак бо няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых. 15. Калі-ж грашыць супроць цябе брат твой, пайдзі й вымаві яму між табою й ім адным; калі паслухае цябе, то ты здабыў брата твайго. 16. Калі-ж не паслухае цябе, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сьведак пацьвердзілася кожнае слова. 17. Калі-ж і іх не паслухае, скажы царкве, а калі й царквы не паслухае, няхай будзе ён табе як паганін і мытнік. 18. Запраўды кажу вам: Усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе. 19. Таксама папраўдзе кажу вам: Калі-б двое з вас на зямлі згодныя былі ў тым, чаго хочуць прасіць, то ўсё, чаго ні папросяць, дадзена будзе ім ад Айца Майго Нябеснага. 20. Бо калі двое ці трое зыйдуцца ў імя Маё, там і Я пасярод іх”. 21. Тады падыйшоў да Яго Пётра й сказаў: “Госпадзе! Колькі разоў дараваць брату майму правіны яго супраць мяне? Ці да сямёх разоў?” 22. Ісус-жа кажа яму: “Не кажу табе да сямёх, але да сямёх па семдзесят разоў. 23. Дзеля гэтага Ўладарства Нябеснае падобна да чалавека-гаспадара, які захацеў разлічыцца са слугамі сваімі. 24. Калі ён стаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысяч талентаў. 25. І калі ён ня меў чым аддаць, то гаспадар ягоны загадаў прадаць і яго, і жонку, і дзяцей іхных, і ўсё, што меў, і заплаціць. 26. Тады слуга той паў прад ім і, кланяючыся яму, прасіў: Гаспадару! Пачакай мне, і ўсё табе заплачу. 27. Зьлітаваўся гаспадар слугі таго, адпусьціў яго, і дараваў доўг яму. 28. Слуга-ж той, выйшаўшы, знайшоў аднаго зь сяброў сваіх, які быў вінен яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, стаў душыць, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. 29. Тады сябра яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: “Пачакай мне, і ўсё аддам табе”. 30. Але той не захацеў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўг. 31. Сябры-ж яго, пабачыўшы, што здарылася, моцна засмуціліся й прыйшлі, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася. 32. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго й сказаў яму: “Слуга нягодны! Увесь доўг твой дараваў я табе, бо ты ўпрасіў мяне. 33. Ці-ж не належала й табе зжаліцца над сябрам тваім, як і я зжаліўся над табою?” 34. І ўгнявіўся гаспадар ягоны й аддаў яго на катаваньне, пакуль не аддасьць яму ўсяго даўгу. 35. Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі кожны з вас ад сэрцаў вашых не даруе брату свайму правінаў ягоных.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|