Разьдзел 17 |
1. Пасьля шасьцёх дзён узяў Ісус Пятра, Якуба й Яна, брата яго, і ўзьвёў іх адных на гару высокую. 2. І перамяніўся прад імі, і зазьзяла Аблічча Ягонае, як сонца, а вопратка-ж Ягоная сталася белаю, як снег. 3. І вось зьявіўся ім Майсей і Ільля, размаўляючы зь Ім. 4. І Пётра, азваўшыся да Ісуса, сказаў: “Госпадзе! Добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну й адну Ільлі”. 5. Калі ён яшчэ гаварыў, воблака сьветлае ахінула іх, і вось голас з воблака прамовіў: “Гэта Сын Мой улюблены, у Ім Маё дабраваленьне, Яго слухайце”. 6. І пачуўшы, вучні ўпалі ніц і спужаліся. 7. Ісус-жа, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і прамовіў: “Устаньце й ня бойцеся!” 8. Узьняўшы-ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, толькі аднаго Ісуса. 9. І калі зыйходзілі з гары, Ісус засьцярог іх, кажучы: “Нікому не гаварэце пра зьяву, пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне зь мёртвых”. 10. І спыталіся Яго вучні Ягоныя, кажучы: “Чаму кніжнікі гавораць, што Ільлі першаму належыць прыйсьці. 11. Ісус-жа ў адказ сказаў ім: “Так, Ільля павінны прыйсьці перш і ўладзіць усё. 12. Але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, і ўчынілі зь ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы пацерпіць ад іх”. 13 Тады вучні зразумелі, што пра Яна Хрысьціцеля гаварыў ім. 14. І калі яны падыйшлі да народу, падышоў да Яго чалавек, і падаючы прад Ім на калені, 15. гаварыў: “Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён у маладзіку ўпадае ў шал, і цяжка пакутуе, бо часта кідаецца ў агонь, і часта ў ваду. 16. Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і не маглі яго аздаравіць”. 17. Ісус-жа, адказваючы, сказаў: “О, родзе няверны й распусны! Дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне сюды”. 18. І забараніў яму Ісус, і выйшаў злыдух зь юнака, і ён ачуняў у тую-ж гадзіну. 19. Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса на самоце, сказалі: “Чаму мы не змаглі выгнаць яго?” 20. І адказаў ім Ісус: “З-за нявер’я вашага. Бо, запраўды кажу вам: Калі будзеце мець веру хоць з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: Перайдзі адсюль туды, - яна пярэйдзе, і нічога ня будзе немагчымага для вас. 21. Гэты-ж род выганяецца няйначай, як толькі малітваю й постам”. 22. У часе прабываньня іх у Галілеі, Ісус сказаў ім: “Праданы мае быць Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя. 23. І заб’юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне”. І яны надзвычай засмуціліся. 24. Калі-ж яны прыйшлі ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зборшчыкі даніны й сказалі: “Ці ня дасьць ваш настаўнік даніну?” 25. Ён сказаў: “Так”. І калі ўвайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: “Як табе думаецца, Сымоне? Уладары зямныя з каго бяруць налог ці падатак: з сваіх сыноў ці з чужых?” 26. Пётра сказаў Яму: “З чужых”. Ісус-жа сказаў: “Значыць, сыны вольныя. 27. Але, каб нам іх ня скрыўдзіць, пайдзі на мора, закінь вуду, і першую злоўленую рыбу вазьмі, і адчыніўшы ёй рот, знойдзеш манэту; вазьмі яе й аддай ім за Мяне й за сябе”.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|