Разьдзел 15 |
1. Тагды прыйходзяць да Ісуса зь Ерусаліму кніжнікі й фарысеі й кажуць: 2. “Чаму вучні Твае парушаюць пераданьні старэйшых? Ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб”. 3. Ён-жа ў адказ сказаў ім: “Чаму-ж і вы пераступаеце запавет Божы дзеля пераданьня свайго? 4. Бог запавядаў: Шануй бацьку твайго й маці тваю, і – хто зьневажаць будзе бацьку ці маці, няхай сьмерцяй памрэ. 5. А вы кажаце: Хто скажа бацьку свайму ці маці: Богу ахвяравана тое, чым-бы ты ад мяне мог карыстацца. 6. Той можа й не ўшаноўваць бацькі свайго, ці маці свае; і зьняважылі запавет Божы пераданьнем сваім. 7. Крывадушнікі! Добра праракаваў пра вас Ісайя, кажучы: 8. Збліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі, і языком шануюць Мяне, сэрца-ж іхнае далёка ляжыць ад Мяне. 9. Але дарэмна (яны) ўшаноўваюць Мяне, пашыраючы навукі й запаветы чалавечыя”. 10. І, паклікаўшы да Сябе народ, сказаў ім: “Слухайце й разумейце. 11. Ня тое, што ў вусны ўвайходзіць, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выйходзіць, апаганьвае чалавека”. 12. Тады вучні Ягоныя падыйшлі й сказалі Яму: “Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, абразіліся”. 13. Ён-жа ў адказ сказаў: “Усякая расьліна, якой Айцец Мой Нябесны не насаджаў, выкаранена будзе. 14. Пакіньце іх, яны сьляпыя правадыры сьляпых, а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ў яму ўпадуць”. 15. Пётра-ж, адазваўшыся да Яго, сказаў: “Растлумач нам прыпавесьць гэтую”. 16. Ісус-жа сказаў: “Ці-ж і вам яшчэ да розуму не дайшло? 17. Ці-ж не разумееце, што ўсё прынятае ў вусны ў жывот прайходзіць ды вон выдаляецца? 18. А што з вуснаў, тое з сэрца выходзіць, і гэта апаганьвае чалавека. 19. Бо з сэрца выходзяць злыя помыслы, забойствы, чужаложствы, блудадзеяньні, крадзежы, аблуда, блюзьнерствы. 20. Гэта апаганьвае чалавека. А есьці зь нямытымі рукамі ня ганьбіць чалавека”. 21. І выйшаўшы адтуль, Ісус адыўшоў у землі Тырскія і Сідонскія. 22. І вось жанчына хананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, усклікала да Яго: “Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачку маю цяжка мучыць нячысты”. 23. Ён-жа не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: “Адпусьці яе, бо галосіць усьлед за намі”. 24. Ён-жа ў адказ сказаў: “Я пасланы толькі за загінутых авечак дому ізраілевага”. 25. Але яна, падыйшоўшы, кланялася Яму, кажучы: “Госпадзе! Памажы мне”. 26. Ён-жа ў адказ сказаў: “Нядобра забіраць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам”. 27. Яна-ж сказала: “Так, Госпадзе! Але й шчаняты ядуць крошкі, якія спадаюць ад стала гаспадароў”. 28. Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: “О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай будзе табе паводле жаданьня твайго”. І паздаравела дачка яе ад тэй часіны. 29. Перайшоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага, і ўзыйшоўшы на гару, сеў там. 30. І прыступілася да Яго мноства народу, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і палажылі іх ля ног Ісусавых, і Ён аздаравіў іх. 31. І дзіваваўся народ, пабачыўшы, што нямыя сталі гаварыць, кульгавыя хадзіць, сьляпыя бачыць, і славілі Бога Ізраілевага. 32. Ісус-жа, прыклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: “Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні яны пры Мне, і ня маюць чаго есьці; адпусьціць-жа іх галодных ня хочацца, каб не аслабелі ў дарозе”. 33. І кажуць Яму вучні Ягоныя: “Скуль-жа нам узяць у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткую грамаду?” 34. Ісус сказаў ім: “Колькі маеце хлебаў?” Яны-ж сказалі: “Сем і некалькі рыбін”. 35. І загадаў народу сесьці на зямлі. 36. І ўзяў сем хлябоў і рыбы, і ўзьнёсшы хвалу, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні – народу. 37. І елі ўсе, і здаволіліся, і набралі астаткаў сем поўных карабоў. 38. Было-ж усіх, якія елі, чатыры тысячы мужчын, апрача жанчын і дзяцей. 39. Адпусьціўшы-ж народ, Ён увайшоў у човен і прыбыў у межы Магдалінскія.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|