Разьдзел 14 |
1. У той час Ірад чацьвертаўладнік, дачуўшыся пра славу Ісусаву, 2. Сказаў падуладным сваім: “Гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрос зь мертвых, і таму цуды дзеюцца праз яго”. 3. Бо Ірад схапіў Яна, зьвязаў яго й пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата яго. 4. Бо Ян гаварыў яму: “Ня можна табе мець яе”. 5. І хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо яго ўважалі за прарока. 6. Але ў дзень народзін Ірада дачка Ірадыяды танцавала перад сабранымі й вельмі ўсьцешыла Ірада. 7. І ён, пакляўшыся, абяцаў ёй даць, чаго-б яна ні папрасіла. 8. Яна-ж, навучаная маткаю сваею, сказала: “Дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля”. 9. І засмуціўся кароль, але з увагі на прысягу й на гасьцей сваіх, загадаў даць ёй. 10. І паслаў сьцяць галаву Яна ў вязьніцы. 11. І прынясьлі галаву ягоную й далі дзяўчыне, а яна занесла маці сваёй. 12. Вучні-ж ягоныя прышлі і ўзялі цела яго й пахавалі яго ды пайшлі паведамілі Ісуса. 13. І, пачуўшы гэтае, Ісус адплыў адтуль у чаўне адзінотна ў месца бязьлюднае; народ, дачуўшыся пра гэта, пайшоў за Ім зь местаў пехатою. 14. І, зышоўшы на зямлю, Ісус убачыў грамады народу; і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нядужных іхных. 15. Калі-ж настаў вечар, прыступілі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: “Месца тут пустыннае, а пара ўжо позьняя; адпусьці народ, каб маглі пайсьці ў аселішчы купіць сабе ежы”. 16. Ісус-жа сказаў ім: “Ня трэба ім адыходзіць, вы дайце ім есьці”. 17. Яны-ж кажуць Яму: “У нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы”. 18. Ён сказаў ім: “Прынясеце мне іх сюды”. 19. Тады сказаў народу супачыць на траве; і ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў на неба, дабрасловіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні – народу. 20. І елі ўсе да задаволеньня, і назьбіралі астачы дванаццаць карабоў поўных. 21. А ела-ж блізу пяці тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей. 22. Зараз-жа воліў Ісус вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць народ. 23. І адпусьціўшы народ, узыйшоў на гару памаліцца на самоце, і да позьняга вечара аставаўся там адзін. 24. А човен быў ужо сярод мора, падбіваны хвалямі, бо вецер быў супраціўны. 25. У чацьвертую старожу ночы, Ісус пайшоў да іх, ідучы па моры. 26. Вучні-ж Ягоныя, убачыўшы пешага на моры, спалохаліся й гаварылі: “Гэта здань”. І ад страху закрычалі. 27. Але Ісус ураз-жа адазваўся да іх, кажучы: “Бадзёрцеся, гэта Я, ня бойцеся”. 28. Тады Пётра сказаў Яму ў адказ: “Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе”. 29. Ён-жа сказаў: “Прыйдзі!” І выйшаўшы з чоўна, Пётра пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Ісуса. 30. Але, гледзячы на моцны вецер, спужаўся й стаў тапіцца ды загаласіў, кажучы: “Госпадзе! Уратуй мяне”. 31. Ісус ураз-жа працягнуў руку, падтрымаў яго й кажа яму: “Малаверны! Чаму-ж ты сумляваўся?” 32. І калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сьціх. 33. А ўсе, што былі ў чаўне, падыйшлі й пакланіліся Яму ды сказалі: “Запраўды, Ты – Сын Божы!” 34. І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Гэнісарэцкую. 35. Людзі-ж тэй мясцовасьці, пазнаўшы Яго, разьнясьлі вестку па цэлай ваколіцы, і прывялі да Яго ўсіх хворых. 36. І прасілі Яго каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся – выздараўлялі.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|