Разьдзел 13 |
1. У той дзень Ісус, выйшаўшы з дому, сядзеў пры моры. 2. І зыйшлося да Яго мноства народу; тады Ён увайшоў у човен й сеў, а ўся грамада народу стаяла на беразе. 3. І доўга гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы: 4. Вось выйшаў сейбіт сеяць; і калі ён сеяў, некаторае зерне ўпала пры дарозе, і прыляцелі птушкі, і паклявалі яго. 5. Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і незабавам узыйшло, бо зямля была няглыбокая. 6. Калі-ж засьвяціла сонца, завяла, і ня меўшы караня, засохла. 7. Іншае ўпала ў цярніну, і разросшыся цярніна, заглушыла яго. 8. Каторае-ж упала ў грунт добры, прынясло плён: адно ў стакроць, іншае ў шэсьцьдзесят, іншае ў трыццаць. 9. Хто мае вушы слухаць, няхай чуе”. 10. І падыйшлі да Яго вучні, кажучы: “Чаму гаворыш да іх прыпавесьцямі?” 11. Ён-жа ў адказ сказаў ім: “Таму, што вам дадзена разумець тайны Ўладарства Нябеснага, ім-жа ня дадзена. 12. Бо хто мае, таму дадасца й прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца й гэтае, што мае. 13. Дзеля таго прамаўляю да іх прыпавесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць, ані яны разумеюць. 14. І спаўняецца на іх прароцтва Ісайі, які кажа: “Слухам пачуеце й не зразумееце, і, прыглядаючыся, глядзець будзеце, і ня ўбачыце. 15. Бо агрубела сэрца людзей гэтых; і на вуха цяжкія, і вочы зажмурылі, каб нічога ня бачыць вачамі й ня чуць вушамі да не ўразумець сэрцам. 16. І не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх. 17. Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы, бо чуюць. 18. Папраўдзе кажу вам, што многія прарокі й праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі. 18. Дзеля таго выслухайце, што азначае прыпавесьць пра сейбіта. 19. Да ўсякага, хто слухае слова пра Ўладарства й не разумее яго, прыйходзіць златворца й выхоплівае пасеянае ў сэрцы яго; гэткіх азначае пасеянае пры дарозе. 20. А пасеянае на грунт камяністы азначае таго, хто чуе слова й адразу з радасьцю прыймае яго, 21. Але ня мае карэньня ў сабе й нясталы: калі надыйходзяць турботы або ўціск за слова, зараз-жа адступаецца. 22. Пасеянае ў цярніне азначае таго, хто чуе слова, але клопаты сьвету гэтага й зманлівасьць багацьця заглушае яго, і яно стаецца бясплодным. 23. Пасеянае-ж у добры грунт азначае таго, хто чуе слова й разумее, і гэткі прыносіць плён і творыць: каторае стакроць, іншае шэсьцьдзесят, іншае трыццаць”. 24. Іншую прыпавесьць даў ім, кажучы: “Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім. 25. Калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго й пасеяў пустазельле між пшанцаю, і адыйшоў. 26. Калі-ж узрасла рунь і закаласіла, тады зьявілася й пустазельле. 27. Тады слугі гаспадара, прыйшоўшы, сказалі яму: “Спадару! Ці-ж ня добрае насеньне сеяў ты на полі сваім? Скуль жа ўзялося пустазельле?” 28. Ён-жа сказаў ім: “Вораг учыніў гэта”. І сказалі яму слугі: “Калі хочаш, пойдзем, выпалем яго”. 29. Але Ён сказаў ім: “Не! Каб, вырываючы пустазельле, не павырывалі разам зь ім і пшаніцы. 30. Пакіньце расьці абаім аж да жніва; а ў часе жніва скажу жнацом: “Зьбярце перш пустазельле й зьвяжэце яго ў пукі, каб спаліць яго, а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё”. 31. Іншую прыпавесьць падаў ім, кажучы: "Уладарства Нябеснае падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім. 32. Яно меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырасьце, то большае за ўсякую палявую расьліну, і становіцца як дрэва, і птушкі нябесныя хаваюцца ў ветках яго". Яшчэ іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: 33. "Уладарства Нябеснае падобна да закісі, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры меркі мукі, пакуль не закісла ўсё". 34. І ўсё гэта Ісус гаварыў народу прыпавесьцямі, а бяз прыпавесьцяў нічога не гаварыў да іх. 35. Каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: "Адчыню ў прыпавесьцях вусны Мае, выкажу сукрытае ад стварэньня сьвету". 36. Тады, адпусьціўшы народ, Ісус увайшоў у дом. І падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: "Растлумач нам прыпавесьць пра пустазельле". 37. Ён-жа сказаў ім у адказ: "Сейбіт добрага насеньня – Сын Чалавечы. 38. Поле – гэта сьвет; добрае насеньне – гэта сыны Ўладарства; а пустазельле – сыны златворнага. 39. Вораг, які пасеяў яго – злыдух; жніва – гэта канец сьвету, а жанца – ангелы. 40. Вось-жа, як зьбіраюць пустазельле й агнём спальваюць, так будзе пры сканчэньні сьвету гэтага. 41. Пашле Сын Чалавечы ангелаў, і зьбяруць яны ў Ўладарстве Ягоным усё спакушальнае й стваральнікаў беззаконьня. 42. І ўкінуць іх у печ накаленую, там будзе плач і скрыгат зубоў. 43. Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Ўладарстве Айца іхнага. Хто мае вушы слухаць, няхай пачуе. 44. Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да скарбу, схаванаму ў полі, і той, хто знайшоў яго, утаіў, з радасьці ад яго, ідзе й прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое. 45. Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да чалавека-купца, які шукае прыгожых пэрлаў, 46. І які, знайшоўшы адну дарагую пэрліну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе. 47. Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да невада, зацягненага ў мора, які зачэрпаў рознага сорту рыбы. 48. І калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, добрае адабралі ў судзьдзё, а дрэннае выкінулі вон. 49. Гэтак будзе пры сканчэньні сьвету: Сыйдуць ангелы й вылучаць злых спасярод праведных. 50. І ўкінуць іх у печ агністую – там будзе плач і скрыгат зубоў". 51. І спытаўся ў іх Ісус: "Ці зразумелі вы ўсё гэта?" Яны-ж адказалі: "Так, Госпадзе!" 52. І Ён сказаў ім: "Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, які слухаў навуку пра Ўладарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць з свае кладоўкі й новае й старое". 53. І было-ж, калі Ісус скончыў прыпавесьці гэтыя, адыйшоў адтуль, 54. І прыйшоўшы на бацькаўшчыну сваю, навучаў іх у сынагогах іхных, і дзівіліся яны й гаварылі: “Адкуль у яго мудрасьць гэткая й сіла? 55. Ці-ж ня цесьляў Ён сын? Ці-ж ня маці Яго завецца Марыя, і браты Яго – Якуб і Ёсія, і Сыман і Юда? 56. І сёстры Яго ці-ж ня ўсе між намі? Адкуль у Яго ўсё гэта?” 57. І блазнавалі над Ім, Ісус-жа сказаў ім: “Ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім”. 58. І не стварыў там шмат цудаў дзеля няверства іхнага.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|