Разьдзел 12 |
1. У тым жа часе праходзіў Ісус паміж збожжам у сыботу, і вучні Ягоныя, згаладаўшыся, пачалі зрываць каласы й есьці. 2. Фарысеі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі Яму: “Вось вучні Твае робяць, чаго не павінны рабіць у сыботу”. 3. Ён-жа сказаў ім: “Хіба-ж вы ня чыталі, што зрабіў Давід, згаладаны сам і тыя, хто быў зь ім? 4. Як ён, увайшоўшы ў дом Божы, еў хлябы прынясеньн, якіх не належала есьці ні яму, ні тым, хто зь ім быў, а толькі адным сьвятаром? 5. Альбо, ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботу сьвятары ў храме парушаюць сыботу, аднак-жа астаюцца нявіннымі? 6. Але, кажу вам, што тут ёсьць Той, хто большы за храм. 7. І калі-б вы ведалі, што значыць: міласьці прашу, а не ахвяры, то не асудзілі-б бязьвінных. 8. Бо Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы”. 9. І, адыйшоўшы адтуль, увайшоў у іхную сынагогу. 10. Быў-жа там чалавек сухарукі. І спыталіся ў Ісуса, стараючыся знайсьці віну на Ім, ці можна аздараўляць у сыботу? 11. Ён-жа сказаў ім: “Хто з вас, калі-б меў адну авечку, і яна ў сыботу ўвалілася-б у яму, ня ўзяў-бы й ня выцягнуў яе? 12. Ці-ж не шмат важнейшы чалавек за авечку? Дык дабро тварыць у сыботу можна”. 13. Тады сказаў сухарукаму: “Працягні руку тваю!” Той працягнуў, і стала яна здаровая, як і другая. 14. Фарысеі-ж, выйшаўшы, вялі змову супраць Яго, як-бы згубіць Яго, але Ісус, ведаючы гэта, адыйшоў адтуль. 15. І пайшло за Ім мноства народу, і Ён аздаравіў іх усіх. 16. Ды забараніў ім выяўляць Яго. 17. Каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які гаварыў: 18. “Вось Юнак Мой, Якога я выбраў, Улюбёны Мой, Яму-ж дабраволіць душа мая; палажу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд. 19. Не запярэчыць і ня ўзьніме голасу Свайго, і ніхто не пачуе на вуліцы голасу Яго. 20. Трысьціны надламанай не пераломіць, і тлеючага лёну не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі. 21. І на ймя Яго няхай спадзяюцца народы”. 22. Тады прывялі да Яго апанаванага злыдухам сьляпога й нямога, і аздаравіў яго: сьляпы й нямы стаў і бачыць і гаварыць. 23. І дзівіўся народ увесь, кажучы: “Ці ня ёсьць гэта Хрыстос, Сын Давідаў?” 24. Фарысеі-ж, пачуўшы гэта, сказалі: “Ён выганяе злыдухаў няйначай, як сілай Вэльзевула, князя шатанскага”. 25. Але Ісус, знаючы помыслы іхныя, сказаў ім: “Усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, разваліцца; і ўсякае места ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе, ня ўстоіць. 26. І калі шатан шатана выганяе, то ён разьдзяліўся сам з сабою. Як-жа можа ўтрымацца ўладарства яго? 27. І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то чыёю сілаю выганяюць сыны вашыя? Дзеля таго яны будуць вам судзьдзямі. 28. А калі Я Духам Божым выганяю злыдухаў, то пэўна дайшло да вас Уладарства Божае. 29. Або, як можа хто-небудзь увайсьці ў дом дужага й абрабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа дужага, і тады абрабуе дом яго. 30. Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто ня зьбірае са Мною, той растрачвае. 31. Дзеля таго кажу вам: усякі грэх і зьнявага адпусьцяцца чалавекам. 32. І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даруецца яму; і калі хто скажа супраць Духа Сьвятога не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым. 33. Або прызнайце дрэва добрым, і плод яго добрым, або прызнайце дрэва дрэнным і плод яго дрэнным, бо па плодзе пазнаецца дрэва. 34. Параджэньне зьмяінае! Як вы можаце гаварыць добрае, калі самі нягодныя? Ад паўнаты бо сэрца прамаўляюць вусны. 35. Добры чалавек з добрае скарбніцы выносіць добрае, а дрэнны чалавек з дрэннае скарбніцы выносіць дрэннае. 36. Кажу вам, што за ўсякае пустаслоўе, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны. 37. Бо словамі сваімі ты апраўданы будзеш, і за словы свае асуджаны будзеш”. 38. Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў пытаючыся, сказалі “Настаўніку! Хацелася-б нам знаменьне ад Цябе пабачыць”. 39. Але Ён у адказ сказаў ім: “Род златворны й чужаложны знаменьня шукае, але знаменьне яму ня будзе дадзена, апрача знаменьня Іоны – прарока. 40. Бо, як Іона быў у чэраве кіта тры дні й тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні й тры ночы. 41. Мужы Ніневійскія паўстануць на суд з родам гэтым, і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучэньня Іонінага; і вось тут большае за Іонінае. 42. Каралева паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона. 43. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, сноўдаецца па сухазем’і, шукаючы супакою, і не знаходзіць. 44. Тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў; і прыйшоўшы, знаходзіць яго парожным, падмеценым і прыбраным. 45. Тады йдзе й бярэ з сабою сем іншых духаў, больш лютых за сябе, і яны ўвайходзяць і жывуць там; і становіцца чалавеку таму апошняе горшым за першае; так будзе й роду гэтаму златворнаму”. 46. Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, Маці Яго й браты Яго стаялі на двары, чакаючы, каб пагаварыць зь Ім. 47. І нехта сказаў Яму: “Вось Маці Твая й браты Твае стаяць вонках, хочуць гаварыць з Табою”. 48. Ён-жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму сказаў: “Хто маці Мая? Хто браты Мае?” 49. І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: “Вось Маці Мая, і браты Мае; 50. Бо хто будзе выпаўняць волю Айца Майго, той брат Мой, і сястра, і маці”.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|