Разьдзел 11 |
1. І сталася: калі скончыў Ісус навучаць дванаццацёх вучняў Сваіх, пайшоў адтуль навучаць і абвяшчаць у местах іхных. 2. Ян, дачуўшыся ў вязьніцы пра дзеяньні Ісуса, паслаў двух вучняў сваіх; 3. Каб сказаць: ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага? 4. І Ісус сказаў ім: “Пайдзеце, скажэце Яну, што вы чуеце й бачыце. 5. Сьляпыя празраюць, і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, памершыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесьцяць. 6. І шчасьлівы той, хто ня будзе сумлявацца ўва Мне”. 7. Калі-ж яны пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Яна: “Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, ветрам хіляную? 8. Дык што глядзець хадзілі вы? Ці чалавека ў мяккую вопратку апранутага? Але апранутыя ў мяккую вопратку ў палацах каралеўскіх знаходзяцца. 9. Каго-ж глядзець хадзілі вы? Прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока. 10. Бо ён той, пра каго напісана: вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой прад Табою. 11. Папраўдзе кажу вам: з народжаных ад жанчын не паўставаў вялікшы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Уладарстве Нябесным, вялікшы за яго. 12. Ад дзён-жа Яна Хрысьціцеля й дагэтуль Уладарства Нябеснае сілаю цярпеньня здабываецца й моцныя ў наважанасьці асягаюць яго. 13. Бо ўсе прарокі й закон прарочылі да Яна. 14. І, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, каму належыць прыйсьці. 15. Хто мае вушы слухаць, няхай чуе. 16. Да каго-ж прыпадобню род гэты? Падобен ён да дзяцей, якія пасеўшы на вуліцы, пераклікаюцца між сабою. 17. І гавораць: Мы ігралі вам на пішчалках, а вы не танцавалі; мы вам жалобна сьпявалі, а вы ня плакалі. 18. Вось прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць – ён злыдня мае. 19. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е. І яны кажуць: Ён абжора й п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць праз дзяцей яе”. 20. Тады пачаў Ісус дакараць местам, у якіх найбольш дзеялася цудаў Ягоных, за тое, што не пакаяліся. 21. “Гора табе, Харазін, гора табе, Віфсаіда! Бо, калі-б у Тыры й Сідоне дзеяліся цуды, якія зьдзеяліся ў вас, то даўно-б яны ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся. 22. Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру й Сідону ў дзень судны, чымся вам. 23. І ты, Капэрнаўме, да неба ўзьняўшыся, у пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме былі цуды, якія ў табе створаныя, то ён стаяў-бы да сёнешняга дня. 24. Але, кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чымся табе”. 25. У той час, гаворачы далей, Ісус прамовіў: “Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба й зямлі, што Ты ўкрыў гэта ад прамудрых і разумных да адкрыў тое дзецям. 27. Усё Мне перадаў Айцец Мой, і ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына, і каму Сын адкрыць захоча. 28. Прыйдзеце да Мяне ўсе струджаныя й абцяжараныя, і Я супакою вас. 29. Вазьмеце ношу Маю на сябе й навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны й пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым. 30. Бо ноша Мая добрая, і цяжар Мой лёгкі”.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|