Разьдзел 10 |
1. І прыклікаўшы дванаццацёх вучняў Сваіх, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лекаваць усякі нядуг і ўсякую хворасьць. 2. А імёны-ж дванаццацёх апосталаў гэткія: першы Сымон, званы Пятром, і Андрэй, брат яго; Якуб Завядзеяў і Ян, брат яго; 3. Піліп і Баўтарамей, Хама й Мацьвей – мытнік, Якуб Алфеяў і Ляўвей, званы Фадзеем; 4. Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і прадаў Яго. 5. Іх дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: “У дарогу да паганаў не выбірайцеся, і ў месты Самаранскія не ўваходзьце. 6. Лепш ідзеце да загінуўшых авец дому Ізраілевага. 7. А праходзячы абвяшчайце, што наблізілася Ўладарства Нябеснае. 8. Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памершых уваскрашайце, злыдухаў выганяйце – дарма атрымалі, дарма давайце. 9. Не бярэце з сабою золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя; 10. Ні торбы ў дарогу, ні вопраткі ў запас, ні абутку, ні палкі; годзен бо працаўнік пражываньня свайго. 11. І ў якое-б места ці аселішча ні прыйшлі вы, даведвайцеся, хто ў ім дастойны, там і аставайцеся, пакуль ня выйдзеце. 12. А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму. 13. І калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; калі-ж ня будзе дастойны, мір ваш да вас вернецца. 14. А калі хто ня прыме вас ці не паслухае словаў вашых, то, выйходзячы з дому ці места таго, атрасеце пыл з ног вашых. 15. Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чымся месту таму. 16. Вось я пасылаю вас, як авец сярод ваўкоў, будзьце-ж мудрыя, як зьмеі, і чыстыя, як галубы. 17. Сьцеражэцеся людзей, бо аддаваць будуць вас у судзілішчы, і ў сынагогах сваіх будуць біць вас. 18. І павядуць вас на начальнікаў і ўладароў з-за Мяне, у сьведчаньне прад імі й паганамі. 19. Калі-ж выдадуць вас, ня турбуйцеся, што й як гаварыць. 20. Бо ня вы будзеце прамоўцамі, але Дух Айца Вашага прамовіць праз вас. 21. Выдасьць-жа брат брата на сьмерць, і бацька дзіця сваё, і дзеці паўстануць на бацькоў і ўсьмерцяць іх. 22. І будзеце зьненавіджаны ўсімі за імя Маё, але, хто вытрымае да канца, той збавёны будзе. 23. Калі-ж будуць гнаць вас у адным месьце, бяжэце ў іншае места; запраўды, кажу вам: не абойдзеце яшчэ местаў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы. 24. Ня стаць вучню над настаўнікам сваім, ці слузе над гаспадаром сваім. 25. Досыць вучню дараўнацца да настаўніка свайго, а слузе – да гаспадара свайго; калі гаспадара дому вэльзевулам абазвалі, то ці-ж не балей таго хатніх ягоных? 26. Але ня бойцеся іх: нічога-ж няма сукрытага, каб ня выкрылася, ні патаемнага, каб ня стала ведамым. 27. Што кажу вам упоцемку, гаварэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, абвяшчайце ўголас. 28. І ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы ня могуць забіць, але горш бойцеся таго, хто можа душу й цела загубіць у пекле. 29. Ці-ж не прадаюць дзьве малыя птушачкі за медзяка? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага. 30. У вас-жа й валасы на галаве палічаны. 31. Дык ня бойцеся – вы вартасьнейшыя за шмат птушынаў. 32. Вось жа, кожнага, хто прызнае Мяне прад людзьмі, прызнаю й Я яго прад Айцом Маім Нябесным. 33. А хто адрачэцца ад Мяне прад людзьмі, адракуся й Я яго прад Айцом Маім Нябесным. 34. Ня думайце, што Я прыйшоў прынясьці супакой на зямлю; не супакой прынясьці прыйшоў Я, але меч. 35. Бо прыйшоў Я разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку з маткаю як, і нявестку зь сьвякроўю яе. 36. І ворагі чалавеку – хатнія яго. 37. Хто любіць бацьку ці маці больш як Мяне, недастойны Мяне, і хто любіць сына ці дачку больш як Мяне – недастойны Мяне. 38. І хто не бярэ крыжа свайго й ня йдзе ўсьлед за Мною – недастойны Мяне. 39. Хто зьберажэ душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, зьберажэ яе. 40. Хто прыймае вас, Мяне прыймае, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне. 41. Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае ўзнагароду прарочую; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведніка дастае. 42. І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня – праўдзіва кажу вам, ня страціць ўзнагароды свае”.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|