Разьдзел 6 |
1.Высьцерагайцеся даваць ахвяры вашыя прад людзьмі, каб было гэта на вачох іх; бо гэтак ня будзеце мець узнагароды ад Айца вашага Нябеснага. 2. Калі-ж даеш ахвяру, не разгалошвай прад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Запраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць узнагароду сваю. 3. Ты-ж, калі прыносіш ахвяру, няхай левая твая рука ня ведае, што робіць правая. 4. Каб ахвяра твая была ў тайне, і Айцец твой, бачыўшы тайнае, узнагародзіць цябе наяве. 5. І калі молісься, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на скрыжаваньні вуліц, стоячы, маліцца, каб паказацца прад людзьмі. Запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю. 6. Ты-ж, калі молісься, увайдзі ў куток свой, і, зачыніўшыся, памаліся Айцу твайму, які ў тайне, і Айцец твой, бачачы тайнае, узнагародзіць цябе яўна. 7. А молячыся, не гавары лішняга, як пагане. Бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім выслуханы будуць. 8. Не прыпадабняйцеся да іх, бо ведае Айцец ваш вашыя патрэбы, перш, як вы папросіце ў Яго. 9. Вы-ж малецеся гэтак:
Ойча наш Нябесны! Сьвяціся імя Тваё; 10. Прыйдзі Ўладарства Тваё; і станься воля Твая, як у небе, так і на зямлі. 11. Хлеба надзённага сёньня нам дай. 12. І выбач нам нашыя віны, як і мы выбачаем правінным прад намі. 13. І не дапусьці нас да спакусы, але збаў нас ад златворнага. Тваё бо ёсць Уладарства, і сіла, і слава на векі. Амін. 14. Бо калі вы выбачаеце людзям правіны іхныя, выбачыць і вам Айцец ваш Нябесны. 15. Калі-ж ня выбачыце людзямі правінаў іхных, то і Айцец ваш Нябесны ня выбачыць вам правінаў вашых. 16. І калі посьціце, не станавецеся панурымі, як крывадушнікі, якія наводзяць сум на абліччы свае, каб паказацца людзям, што яны посьцяць; запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю. 17. А ты, калі посьціш, намасьці галаву тваю і абмый аблічча тваё; 18. Каб не прад людзьмі паказацца посьнікам, але перад Айцом тваім, Які ў таемнасьці ёсьць; і Айцец твой, бачачы ў таемнасьці, узнагародзіць цябе яўна. 19. Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа й моль зьнішчаюць, і дзе зладзеі падкопваюцца й крадуць. 20. А зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні іржа не зьядаюць, і дзе зладзеі не падкопваюцца й не крадуць. 21. Бо там, дзе скраб ваш, там будзе й сэрца вашае. 22. Сьветачам целу ёсьць вока. Калі вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае. 23. Калі-ж вока тваё благое будзе, то ўсё цела тваё зацьмянае будзе. От-жа, калі сьвятло, што ў табе – цемра, то якая-ж сама цемра? 24. Ніхто ня можа служыць двум гаспадаром: бо аднаго палюбіць, а другога зьненавідзіць, або аднаму стане спрыяць, а другога занядбае; ня можаце служыць Богу й мамоне. 25. Дзеля таго кажу вам: ня турбуйцеся пра жыцьцё вашае, што вам есьці і што піць, ні пра цела вашае, у што апрануцца; ці-ж душа не важнейшая за ежу, а цела за вопратку? 26. Паглядзеце на птушкі нябесныя: яны ня сеюць, ня жнуць, ані зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня лепшыя за іх? 27. Дый хто з вас турботаю сваёю можа дадаць да росту свайго хоць адзін локаць? 28. І пра адзеньне чаго турбуецеся? Гляньце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, ані прадуць. 29. Але, кажу вам, што й Саламон пры ўсёй славе сваёй не ўбіраўся так, як кожная зь іх. 30. Калі-ж траву палявую, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог так убірае, то ці-ж не балей таго вас, малаверы? 31. Дык не клапацецеся, разважаючы: што нас есьці й што піць, ці ў што апрануцца? 32. Бо ўсяго гэтага шукаюць і пагане; Айцец-жа ваш Нябесны ведае пра ўсе вашыя патрэбы. 33. Шукайце перш Уладарства Божага й Праўды Ягонае, а ўсё іншае прыложыцца вам. 34. Дык ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашняе само пра сябе будзе турбавацца; досыць на кожны дзень клопату свайго. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|