Разьдзел 5 |
1. Убачыўшы грамады народу, Ён узыйшоў на гару, і калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя. 2. І, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, прамаўляючы: 3. “Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Уладарства Нябеснае. 4. Шчасьлівыя плачучыя, бо яны ўсьцешацца. 5. Шчасьлівыя лагодныя, бо яны ўнасьледуюць землю. 6. Шчасьлівыя спрагненыя і смаглыя праўды, бо яны задаволяцца. 7. Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваны будуць. 8. Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. 9. Шчасьлівыя міратворцы, бо яны Сынамі Божымі названыя будуць. 10. Шчасьлівыя прасьледаваныя за праўду, бо іх ёсьць Уладарства Нябеснае. 11. Шчасьлівыя – калі будзеце зганеныя, выгнаныя й злосна абвінавачаныя з-за Мяне. 12. Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода вашая вялікая ў нябёсах; *) гэтак-жа прасьледавалі й прарокаў, якія былі перад вамі. 13. Вы – соль зямлі; калі ж соль страціць солкасьць, чым пасаліць яе? Нічога ня будзе вартая – толькі высыпаць вон на затаптаньне людзьмі. 14. Вы – сьвятло сьвету. Ня можа быць схаванае места, калі стаіць на гары. 15. І ня ставяць запаленага сьвяцільніка пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб сьвяціла ўсім, хто ў доме. 16. Няхай-жа гэтак сьвеціць сьвятло ваша прад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага Нябеснага. 17. Ня думайце, што прыйшоў Я зьвяргаць закон і прарокаў; ня зьвергнуць прыйшоў Я, але выканаць. 18. Бо запраўды кажу вам: дакуль не праміне неба й зямля, ніводная ёта, ніводна рыса ня здымецца з закону, пакуль ня споўніцца ўсё. 19. Дык хто-б парушыў адзін з гэтых найменшых запаветаў і гэтак навучаў людзей, той найменшым названы будзе у Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе у Валадарстве Нябесным. 20. Бо кажу вам: калі праведнасьць ваша не ўзьнімецца над кніжнікамі й фарысеямі, ня ўвойдзіце ў Валадарства Нябеснае. 21. Вы чулі, што гаворана было даўней: Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду. 22. Я-ж кажу вам: Кожны, хто дарэмна злуецца на брата свайго, падлягае суду; а хто скажа брату свайму “дурань”, падлягае суду вышэйшаму; хто-ж скажа “вар’ят”, падлягае гэене агнявой. 23. Вось-жа, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка й там прыпомніш, што брат твой нешта мае супраць цябе, 24. – Пакінь там дар твой прад ахвярнікам і пайдзі пагадзіся перш з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, ахвяруеш дар твой. 25. Хутчэй пагаджайся з праціўнікам сваім, пакуль ты зь ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе слузе, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу. 26. Запраўды, кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга граша. 27. Вы чулі, што гаворана было даўней – не блудадзейнічай. 28. Я-ж кажу вам: кожны, хто глядзіць на жанчыну з жаданьнем яе, ужо блудадзейнічае з ею ў сэрцы сваім. 29. Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе страціць адзін орган цела твайго, чым усё цела тваё будзе ўкінута ў агонь пякельны. 30. І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепш табе страціць адзін сустаў цела твайго, чым усё цела тваё будзе ўкінутае ў пекла. 31. Таксама было сказана: Калі хто разводзіцца з жонкаю сваю, апрача віны блудедзеяньня, той даводзіць яе да блудадзеяньня; і хто з разводкаю жэніцца, той блудадзейнічае. 33. Яшчэ чулі вы, што было сказана даўней, не прысягай фальшыва, але выпаўняй прад Богам прысягі твае. 34. А Я кажу вам: Не прысягайце ніяк: ані на небе, бо яно пасад Божы; 35. Ані на зямлю, бо яна падножжа ног Ягоных; ані на Ерусалім, бо ён – горад вялікага караля. 36. І на галаву тваю не прысягай, бо ня можаш ніводнага воласу зрабіць белым або чорным. 37. Але няхай будзе слова вашае: так, так – не, не; а што больш – тое ад злога. 38. Вы чулі, што было сказана: вока за вока, зуб за зуб. 39. Я-ж кажу вам: Не супраціўляйцеся злому, але калі хто ўдарыць у правую шчаку тваю, павярні да яго й другую. 40. А калі хто хоча судзіцца з табой за вопратку тваю, аддай яму й сарочку. 41. І калі хто змушае цябе ісьці зь ім адзін прагон, ідзі зь ім два. 42. Хто просіць у цябе – дай; і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся. 43. Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга твайго й ненавідзь ворага твайго. 44. Я-ж кажу вам: Любіце ворагаў вашых, ласкавы будзьце да тых, хто кляне вас, дабро тварэце ненавідзячым вас і малецеся за крыўдзячых вас; 45. Каб сталіся вы сынамі Айца вашага Нябеснага, бо Ён воліць сонцу свайму ўсходзіць і над добрымі й над благімі, і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. 46. Бо, калі вы любіце тых, якія вас любяць, якую ўзнагароду маеце? Ці-ж ня тое робяць і мытнікі? 47. І, калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае творыце? Ці-ж ня гэтак робяць і пагане? 48. Дык будзьце-ж і вы дасканалымі, як Айцец ваш Нябесны дасканалы ёсць.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|