Разьдзел 4 |
1. Тады Ісус ведзены быў Духам у пустыню дзеля спакусы ад д’ябла. 2. І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце, пачуўся галодным. 3. І прыступіў да Яго спакусьнік і сказаў: “Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлябамі”. 4. Ён-жа ў адказ сказаў: “Напісана ёсць: ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых”. 5. Потым бярэ яго д’ябал у сьвятое места й ставіць Яго на версе сьвятыні. 6. І кажа Яму: “Калі ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: ангелам Сваім накажа аб Табе ахаваць Цябе; і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнулася аб камень нага Твая”. 7. Ісус-жа сказаў яму: “напісана таксама – не спакушай Госпада Бога Твайго”. 8. І ізноў бярэ яго д’ябал на вельмі высокую гару й паказвае Яму ўсе гаспадарствы сьвету й славу іхную. 9. І кажа Яму: “Усё гэта дам Табе, калі, паўшы, паклонішся мне”. 10. Тады сказаў яму Ісус: “Адыйдзі ад Мяне, шатане, бо напісана – Госпаду Богу пакланяйся, і Яму Адзінаму служы”. 11. Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось Ангелы, прыступіўшы, служылі Яму. 12. Калі Ісус дачуўся, што Ян зьняволены, адыйшоў у Галілею. 13. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме, на ўзмор’і ў межах Завулонавых і Нэўфалімавых. 14. Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыў: 15. “Зямля Завулонава й зямля Нэўфалімава, па дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская. 16. Народ, у цемры бытуючы, убачыў сьвятло вялікае, і тым, якія аселі ў краіне ценю сьмерці, зазьзяла сьвятло”. 17. З таго часу Ісус пачаў навучаць і гаварыць: “Пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае”. 18. Калі-ж прайходзіў каля мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў: Сымона, званага Пятром, і Андрэя, брата яго; яны зацягвалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі. 19. І кажа ім: “Ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў”. 21. І, адыйшоўшы адтуль, убачыў іншых двух братоў: Якуба Заведэева й Яна, брата яго, у чаўне з бацькам іхным Заведэем, папраўляючымі сеткі свае, і паклікаў іх. 22. Яны зараз-жа, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім. 23. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Евангельле Ўладарства, і збаўляючы людзей ад усякіх нядугаў, і ад усякіх хваробаў. 24. І разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй Сырыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужных з рознымі хворасьцямі, і церпячых ад усякіх прыпадкаў, і апанаваных злыдухам, і лунатыкаў, і спараліжаваных, і Ён аздараўляў іх. 25. І за Ім ішло мноства народу з Галілеі, і зь Дзесяціградзьдзя, і зь Ерусаліму, і зь Юдэі, і з-за Ярдану.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|