Духоўны айцец у Праваслаўным Хрысціянстве |
Мітрапаліт Дыяклійскі Каліст (Уэр) Для таго, хто ўзыходзіць на гару ўпершыню, неабходна, каб шлях быў знаёмы; яму таксама неабходна мець з сабой у якасці спадарожніка і гіда кагосці, хто тут ужо быў і добра ведае дарогу. Такім спадарожнікам і гідам якраз і служыць “авва” ці духоўны айцец – той каго па-грэцку называюць “герон”, а па-руску – “старец”, назва, якая на абедзвюх мовах азначае “стары чалавек” ці “старэйшы”. Неабходнасць паслушэнства старцу падкрэсліваецца ў першасных праяўленнях манаства на хрысціянскім Усходзе. Св. Антоній Егіпецкі казаў: “Я ведаю манахаў, якія падалі пасля цяжкай працы і гублялі розум, таму, што яны спадзяваліся толькі на сваю моц… Такім чынам, наколькі гэта магчыма, на кожным кроку, які робіць манах, пры кожнай кроплі вады, якую ён п’е ў келлі, ён павінны спадзявацца на рашэнне старэйшага, каб пазбегнуць памылак ва ўсім, што ён робіць”. Гэтая тэма пастаянна падкрэсліваецца ў “Αποφθέγματα” ці “Выказванні айцоў-пустэльнікаў”: “Стары чалавек звычайна казаў: “Калі вы ўбачыце маладога манаха, які ўзбіраецца на нябёсы па сваёй асабістай волі, схапіце яго за ногі і скіньце ўніз, таму, што гэта яму на карысць… Калі адзін чалавек верыць іншаму і цалкам падпарадкоўвае сябе яму ў поўным паслушэнстве, яму няма неабходнасці клапаціцца аб выкананні запаведзяў Божых, але ён павінны толькі поўнасцю аддаць сябе ў рукі свайго айца. Тады ён будзе дасканалы перад Богам, таму, што Бог нічога не патрабуе ад пачаткоўцаў так як удасканалення праз паслушэнства”. Постаць старца, якая праявілася ў першым пакаленні егіпецкага манаства, захавала сваю значнасць да нашага часу ў Праваслаўі. “Ёсць адна рэч, якая больш важная, чым усе магчымыя кнігі і ідэі” – сцвярджае рускі міранін ХІХ стагоддзя, філосаф Кірэеўскі – “гэта – прыклад праваслаўнага старца, перад якім ты можаш раскрыць усе свае думкі і ад якога ты можаш пачуць, не проста больш ці менш каштоўную прыватную думку, але меркаванне Святых Айцоў. Дзякуй Богу, такія старцы яшчэ не зніклі ў Расіі”. І святар з рускай эміграцыі нашага стагоддзя, а. Аляксандр Ельчанінаў (+ 1934), пісаў: “Поле іх дзейнасці не абмежавана… яны бясспрэчна святыя, вызнаныя такімі ад людзей. Я адчуваю, што ў наш трагічны час менавіта праз гэты сродак вера выжыве і замацуецца ў нашай краіне”. Духоўны айцец, як “харызматычная” постаць Што прыводзіць чалавека да старацтва? Як і кім гэта вызначаецца? На гэта ёсць просты адказ. Духоўны айцец ці старац – гэта ў вышэйшай ступені “харызматычная” і прарочая постаць, упаўнаважаная прамым дзеяннем Святога Духа. Ён высвечаны, не чалавечымі, а Божымі рукамі. Ён – выяўленне Царквы як “падзеі” ці “здарэння” больш, чым Царквы як інстытуцыі. Такім чынам, няма дакладнай лініі ці мяжы паміж прарочым і інстуцыйным у жыцці Царквы; кожнае існуе асобна ад іншага і пераплятаецца з ім. Такім чынам інстытут старцаў, сам па сабе харызматычны, звязаны са святарскай функцыяй Царквы, інстытутам святароў-духаўнікоў. Ва Усходне-Праваслаўнай традыцыі, права слухаць споведзь даецца не адразу пасля рукапалажэння. Перад тым як стаць духаўніком, святар атрымлівае дазвол ад свайго епіскапа; у Грэчаскай царкве святароў, якія маюць такі дазвол, меншасць. Нягледзячы на тое, што таінства споведзі гэта і ёсць духоўная праца, інстытут старцаў гэта не адно і тое ж, што інстытут духаўнікоў. Старац дае параду, не толькі на споведзі, але пры розных выпадках; сапраўды, калі духаўніком можа быць толькі святар, старцам можа быць просты манах, не маючы духоўнага сану, ці манахіня, ці міранін, ці міранка; таму, што ў праваслаўнай традыцыі ёсць духоўныя маці, таксама як і духоўныя айцы. Інстытут старцаў глыбей, таму што вельмі мала святароў могуць размаўляць з такой жа праніклівасцю і аўтарытэтам. Але, калі старац не рукапаложаны ці не прызначаны нейкім дзеяннем афіцыйнай іерархіі, як ён пачне сваё служэнне? Часам старац сам прызначае свайго пераемніка. Такім чынам, у пэўных манаскіх цэнтрах, такіх як напрыклад Опціна ў Расіі ХІХ стагоддзя, была ўсталявана “апостальская пераемнасць” духоўных настаўнікаў. У іншых выпадках, старац з’яўляецца стыхійна, без любога дзеяння са знешняга боку. Як сказаў а. Аляксандр Ельчанінаў, яны “вызнаюцца такімі ад людзей”. У працэсе жыцця хрысціянскай супольнасці веруючыя людзі Божыя – сапраўдныя ахоўнікі Святога Падання – разумеюць, што тая ці іншая асоба мае дар духоўнага айцоўства ці мацярынства. Тады іншыя пачынаюць прыходзіць да яго ці яе за парадай ці настаўленнем свабодна і неафіцыйна. Трэба адзначыць, што ініцыятыва ідзе не ад настаўніка, а ад вучняў. Будзе небяспечнай саманадзейнасцю, калі хто скажа сабе ці іншым: “Прыйдзіце і падпарадкоўвайцеся мне; я – старац, у мяне ёсць благадаць Духа”. Звычайна без усялякіх абвестак самога старца іншыя цягнуцца да яго, шукаюць парады ці просяць каб ён кіраваў іх жыццём. Спачатку ён не будзе іх прымаць, раючы звярнуцца да каго-небудзь іншага. Урэшце, прыйдзе момант, калі ён ужо не будзе адпраўляць да іншых, а будзе прымаць іх, як праяву Божай волі. Такім чынам менавіта духоўныя дзеці адкрываюць старца для сабе самога. Постаць старца адлюстроўвае два ўзроўні, на якіх зямная Царква існуе і дзейнічае. З аднаго боку, ёсць знешні, афіцыйны і іерархічны ўзровень, які прадугледжвае геаграфічнае падзяленне на епархіі і прыходы, галоўныя цэнтры (Рым, Канстанцінопаль, Масква, Кентэрберы), і “апостальскую пераемнасць” епіскапаў. З іншага боку, ёсць унутраны, духоўны і “харызматычны” узровень, да якога звычайна і належаць старцы. Тут галоўнымі цэнтрамі з’яўляюцца, па большай частцы, не галоўныя епіскапскія і мітрапалічыя епархіі, а пэўныя аддаленыя і адасобленыя месцы, дзе свецяцца некалькі асоб, якія ў вялікай ступені адораныя духоўным багаццем. Большасць старцаў не займае ніякіх пасад у афіцыйнай іерархіі Царквы; дагэтуль уплыў простага іераманаха, такога, як святы Серафім Сароўскі перавышае аўтарытэт любога патрыярха ці епіскапа ў Праваслаўі ХІХ стагоддзя. Такім чынам, адначасова з апостальскім пераемствам епіскапата, ёсць нешта накшталт таго і ў святых і духоўных людзей. Абодва тыпы пераемнасці істотныя для сапраўднага дзеяння Цела Хрыстовага, і менавіта іх узаемадзеянне забяспечвае жыццё Царквы на зямлі. Уцёкі і вяртанне: падрыхтоўка старца Хаця ў старцы не высвячаюць і не прызначаюць на такую дзейнасць, абавязкова патрэбна, каб ён быў падрыхтаваны. Класічную форму такой падрыхтоўкі, якая складаецца з уцёкаў і вяртання, мы можам убачыць у жыццяпісах святых Антонія Егіпецкага (+356) і Серафіма Сароўскага (+1833). Жыццё св. Антонія рэзка падзяляецца на дзве паловы, мяжой паміж якімі з’яўляецца яго 54-годдзе. Ад маладосці да 54-годдзя – гэта гады падрыхтоўкі, якія суправаджаліся ўсё большым і большым аддаленнем у пустэльню. Ён у рэшце рэшт правёў 20 год у закінутай крэпасці, не сустрэўшы пры гэтым ніводнага чалавека. Калі ён дасягнуў узросту 54 гадоў, яго сябры больш не змаглі стрымліваць сваёй цікаўнасці і выламалі ўваход. Святы Антоній выйшаў на другія паўстагоддзя свайго працяглага жыцця; не адмаўляючыся ад пустэльніцтва, ён стаў даступным для іншых, пры гэтым ён дзейнічаў як “лекар, дадзены Егіпту Богам”. “Яго любілі ўсе, – дадае яго біёграф святы Афанасій, – і ўсе прасілі, каб ён лічыў сябе іх айцом”. Заўважна, што пераход ад закрытага анахарэцтва да духаўніцтва адбыўся не паводле ініцыятывы св. Антонія, а па дзеях іншых. Антоній быў манахам без сану і яго ніколі не высвячалі на святара. Святы Серафім прайшоў падобным шляхам. Пасля 16 год, якія ён правёў у звычайнай манаскай супольнасці, прайшоўшы ступені паслушніка, пастрыжанага манаха, іерадыякана, іераманаха, ён сыйшоў на 21 год у адзіноту і амаль поўную цішыню. Падчас першай часткі гэтага перыяду ў лясным затворы, з аднаго боку, ён прабыў тысячу дзён на пні і тысячу начэй на камені, прысвяціўшы сябе бесперапыннай малітве. Пасля, калі яго паклікаў настаяцель манастыра, ён правёў далейшую частку сваёй адзіноты жорстка абмежаваным ў сваёй келлі, якую ён не пакідаў нават для таго, каб схадзіць на службу ў царкву. Па нядзелях святары прыносілі прычасце да дзвярэй ягонага пакоя. Хаця ён быў святаром, ён не служыў літургію. У рэшце апошнія 18 год свайго жыцця ён перапыніў сваю адзіноту, адчыніўшы дзверы ў сваю келлю і даючы магчымасць зайсці кожнаму, хто прыходзіць. Ён ніяк сябе не рэкламаваў і ніяк не клікаў да сябе людзей. Менавіта іншыя пачалі імкнуцца наблізіцца да яго, але калі яны прыходзілі – іх магло быць дзясяткі ці нават сотні за адзін дзень – ён ніколі іх не выганяў. Без гэтай яскравай падрыхтоўкі, без гэтых радыкальных уцёкаў у адзіноту, ці змаглі б святы Антоній і святы Серафім такім жа чынам уплываць на людзей свайго часу? Не дзеля таго яны ўцякалі, каб стаць гаспадарамі і кіраўнікамі іншых. Яны уцякалі, не дзеля таго, каб падрыхтавацца да нейкай іншай дзейнасці, але ўцякалі з-за ўсепаглынаючага жадання быць сам-насам з Богам. Бог прыняў іхнюю любоў, але затым адправіў іх назад у якасці інструмента ацалення свету, з якога яны сышлі. Нават, калі б Ён ніколі не адсылаў іх назад, іх уцёкі ўсё роўна заставаліся б у найвышэйшай ступені карыснымі і каштоўнымі для грамадства, паколькі дапамога манаха свету не ў тым, што ён робіць ці кажа, а ў тым, што ён існуе са сваёй бесперапыннай малітвай, якая атаясамляецца з ягонай унутранай сутнасцю. Калі б святы Антоній і святы Серафім больш нічога не рабілі, а толькі маліліся ў адзіноце, яны б усё роўна служылі сваім бліжнім на самым высокім узроўні. Але, паколькі справы пайшлі іншым шляхам, Бог высвяціў іх на служэнне іншым больш скіраваным чынам. Але гэтае скіраванае і бачнае служэнне было па сутнасці вынікам нябачнага служэння, якое яны ажыццяўлялі сваёй малітвай. “Здабудзь спакой у сабе, – казаў св. Серафім, – і вакол цябе ўратуюцца тысячы”. Гэткая роля духаўніцтва. Умацуй сябе ў Богу і тады ты зможаш прывесці да Яго і іншых. Чалавек павінен навучыцца быць адзінокім, ён павінен слухаць у спакоі сваё асабістае сэрца, надмірную мову Духа, і такім чынам адкрыць ісціну пра сябе і пра Бога. Тады яго слова да іншых будзе словам з уладай, таму, што гэта – слова з цішыні. Сфармаваны сустрэчай з Богам у адзіноце, старац у стане ацаляць сваёй прысутнасцю. Ён вядзе і фарміруе іншых, у асноўным не парадамі на словах, а сваім удзелам, жывым і асаблівым прыкладам, які ён падае. Ён вучыць маўчаннем столькі ж, колькі і словамі. “Авва Феофіл, архіепіскап, аднойчы наведаў Скэціс, і калі браты манастыра сабраліся, яны сказалі авву Памбу: “Скажы што-небудзь архіепіскапу, каб даць яму павучэнне”. Стары сказаў ім: “Калі ён не вучыцца ад майго маўчання, як ён будзе вучыцца ад маіх словаў”. Апавяданне з падобнай мараллю расказваюць і пра святога Антонія. Была звычка трох Айцоў наведваць Блажэннага Антонія адзін раз на год, і двое з іх звычайна задавалі пытанні пра свае думкі і пра ўратаванне душы; але трэці захоўваў маўчанне, не задаваючы пытанняў. Пасля доўгага часу авва Антоній сказаў яму: “Ты заўсёды прыходзіў да мяне ўвесь гэты час, і дагэтуль ты не задаў мне ніводнага пытання”. І той адказаў: “Айцец, для мяне дастаткова толькі глядзець на цябе”. Але сапраўднае падарожжа старац робіць у духоўным плане ў сэрца, а не ў матэрыяльным – у пустэльню. Знешняя адзінота, хаця і дапамагае, але не абавязковая, і чалавек можа навучыцца знаходзіцца адзін пад Богам працягваючы актыўнае жыццё ў асяроддзі грамадства. Святому Антонію Егіпецкаму сказалі, што доктар у Александрыі роўны з ім у духоўных дасягненнях: “У гэтым горадзе ёсць нехта, падобны на цябе, доктар па прафесіі, які аддае ўсе свае грошы бедным, і ўвесь дзень ён спявае трысвятую песню з ангеламі”. Мы не ведаем як гэтае адкравенне прыйшло да Антонія, таксама як і імя таго доктара, але адно зразумела. Бесперапынная малітва ў сэрцы не з’яўляецца манаполіяй пустэльнікаў; містычнае і “ангельскае” жыццё магчыма не толькі ў пустэльні, але і ў горадзе. Александрыйскі доктар ажыццявіў унутранае падарожжа не парываючы свае знешнія сувязі з грамадствам. Ёсць таксама выключэнні, у якіх уцёкі і вяртанне не вельмі заўважныя ў часе. Возьмем, напрыклад, больш маладога сучасніка святога Серафіма, епіскапа Ігнація Бранчанінава (+ 1867). Маючы першапачатковую падрыхтоўку вайсковага афіцэра, ён быў прызначаны ў раннім узросце 26 гадоў клапаціцца пра буйны і ўплывовы манастыр побач з Санкт-Пецярбургам. Яго манаская падрыхтоўка працягвалася трохі менш за чатыры гады, пасля чаго ён быў пастрыжаны. Праз 24 гады настаяцельства ён быў высвечаны на епіскапа. Праз чатыры гады ён пайшоў на пакой, каб правесці астатнія шэсць год свайго жыцця пустэльнікам. Тут перыяд актыўнай пастырскай працы папярэджвае перыяд пустэльніцтва. Калі ён стаў настаяцелем, ён напэўна ўжо рыхтаваўся. Ён таемна хаваўся ў сваім сэрцы на працягу многіх гадоў, калі ўзначальваў манастыр і прыход; але не выказаў ніякіх знешніх эмоцый да самага канца свайго жыцця. Жыццё епіскапа Ігнація можа служыць парадыгмай для многіх з нас, нават калі мы нашмат ніжэй за ягоны ўзровень духоўных дасягненняў. Пад уціскам знешніх абставін і магчыма не уяўляючы сабе ясна што з намі адбываецца, мы трапляем на шлях настаўніцтва, прапаведніцтва і пастырскага навучання, пры гэтым не маючы ніякіх глыбокіх ведаў пра пустэльню і яе творчую цішыню. Але праз навучанне іншых мы самі можам пачаць вучыцца. Паступова мы заўважым асабістую няздольнасць ацаляць раны чалавечага грамадства філантрапічнымі праграмамі, здаровым сэнсам і псіхіятрыяй. Наша самазалежнасць зламана, мы ацэньваем нашу неадэкватнасць і пачынаем разумець, што Хрыстос разумее пад словамі: “Адзінае толькі патрэбна” (Лк. 10, 42). Гэта і ёсць момант, калі чалавек, магчыма, набліжаецца да шляху старца. Праз свой пастырскі вопыт, праз свае пакуты, з якімі ён перажывае боль іншых, ён прызваны ўзяць адказнасць за ўнутраны шлях, каб узыйсці па таемнай лесвіцы Царства, дзе ў адзіноце можна знайсці сапраўднае рашэнне для праблем свету. Няма аніякага сумнення, што калі хтосьці з нас будзе лічыць сябе старцам у поўным сэнсе гэтага слова, і калі гэткі чалавек будзе проста і шчыра імкнуцца ў “сакрэтны пакой” свайго сэрца, шмат хто будзе здольны ўдзельнічаць хоць у маленькай ступені ў духаўніцтве. Магчыма, мы ніколі знешне не будзем весці жыццё манаха-затворніка ці пустэльніка – гэта пакой з Богам – але ў найбольшай ступені для нас важна, каб мы бачылі неабходнасць быць пустэльнікам у сэрцы. Тры дары духоўнага айца Тры дары асабліва адрозніваюць духоўнага айца. Першае гэта праніклівасць і ўменне адрозніваць (διάκρισις), здольнасць інтуітыўна разумець сакрэты іншага сэрца, разумець схаваныя глыбіні, пра якія іншыя і не падазраюць. Духоўны айцец унікае ў глыбіню звычайных учынкаў і адносінаў пры дапамозе якіх мы хаваем нашу сапраўдную асобу ад іншых і ад сябе саміх; і пераадольваючы ўсе трывіяльнасці, ён прыходзіць да ўлады над унікальнай асобай, якая створана па вобразу і падабенству Божаму. Гэтая ўлада больш духоўная, чым фізічная; гэта не проста нешта накшталт звышпачуццёвага ўспрымання ці святой празарлівасці, але плён благадаці, сканцантраванай малітвы і бесперапыннай аскетычнай барацьбы. З гэтым дарам праніклівасці разам ідзе ўменне выкарыстоўваць словы з уладай. Калі кожны чалавек прыходзіць да яго, старац ведае – імгненна і канкрэтна – што гэтаму індывіду патрэбна пачуць. Сёння мы наводнены словамі, але большая частка з іх дарэмныя і не з’яўляюцца словамі, якія вымаўляюцца з уладай. Старац выкарыстоўвае некалькі слоў, а часам і зусім нічога не кажа; але гэтымі некалькімі словамі ці сваім маўчаннем ён здольны цалкам змяніць напрамак жыцця чалавека. У Віфаніі Хрыстос выкарыстаў толькі тры словы: “Лазару, выйдзі вон” (Ін. 11; 43); але гэтых трох слоў, якія былі сказаны з уладай, было дастаткова каб вярнуць мёртвага да жыцця. У эпоху, калі мова сарамліва абясцэньваецца, жыццёва неабходна зноў вярнуць уладу слова; і гэта будзе азначаць аднойдзенне прыроды маўчання, не проста як паўзы паміж словамі, але як самае сапраўднае быццё. Большасць настаўнікаў і прапаведнікаў гавораць надта шмат; сапраўднага старца адрознівае строгая эканомія мовы. Для таго, каб слова мела ўладу, неабходна, каб не толькі той, хто гаворыць казаў з сапраўдным аўтарытэтам асабістага досведу, але і таксама неабходна, каб і той, хто слухае, рабіў гэта з увагай і стараннасцю. Калі хтосці пытае старца з пустой цікаўнасцю, хутчэй за ўсё ён атрымае невялікую карысць; але калі ён звяртаецца з гарачай верай і глыбокай патрэбай, слова, якое ён чуе, можа пераўтварыць яго сутнасць. Словы старцаў часцей простыя ў моўным выражэнні і пазбаўленыя літаратурных прыёмаў; для тых, хто іх чытае павярхоўна, яны часта здаюцца малазмястоўнымі і банальнымі. Дар праніклівасці ў духоўнага айца выхоўваецца практыкай, вядомай як “адкрыццё думак” (λόγισμοι). У раннім Усходнім манастве малады манах звычайна ходзіць штодзень да свайго айца і выкладае перад ім усе думкі, якія прыйшлі да яго ў гэты дзень. Гэткае адкрыццё ўключае ў сябе нашмат болей, чым споведзь грахоў, калі паслушнік таксама кажа пра тыя думкі і развагі, якія могуць падацца яму самому бязвіннымі, яле ў якіх духоўны айцец можа разглядзець схаваную небяспеку ці значныя грахі. Споведзь – гэта рэтраспектыва, якая мае справы з грахамі, якія ўжо адбыліся; адкрыццё думак, наадварот, прафілактычнае, таму што яно выкрывае нашыя λόγισμοι да таго, як яны прывялі да граху і такім чынам пазбаўляе іх разбуральнай улады. Мэта адкрыцця думак не юрыдычная, каб адпусціць грахі, але ягоная мэта ёсць веданне сябе, каб кожны мог пабачыць сябе такім, які ён ёсць. Адораны ўменнем адрозніваць, духоўны айцец не проста чакае калі чалавек адкрые сам сябе, але паказвае іншаму думкі, якія ад яго самога схаваныя. Калі людзі прыходзілі да св. Серафіма Сароўскага, ён часам даваў адказ на іх цяжкасці да таго, як яму казалі з якой прычыны да яго прыйшлі. У вялікай колькасці выпадкаў спачатку здавалася, што адказ не датычыць справы і, нават абсурдны і неадэкватны; часта св. Серафім адказваў не на тое пытанне, якое наведвальнік свядома трымаў у думках, але на тое, якое той павінны быў бы задаць. Ва ўсім гэтым св. Серафім спадзяваўся на ўнутранае прасвятленне Святога Духа. Ён лічыў важным, як ён тлумачыў, не выказваць загадзя тое, што ён збіраўся казаць; у такім выпадку яго словы былі б толькі яго чалавечым разуменнем, што магло б быць памылковым, а не разуменнем Божым. У вачах св. Серафіма, адносіны паміж старцам і духоўным дзіцём больш моцныя, чым смерць, і таму ён сваіх дзяцей пераконваў працягваць адкрыццё думак яму нават пасля адыходу ў наступнае жыццё. Перад сваёй смерцю ён сказаў манахіням, якія знаходзіліся пад ягонай апекай: “Калі я памру, прыходзьцце на маю магілу, і чым часцей, тым лепш. Што б ні было ў вас на душы, што б ні адбылося з вамі, прыходзьцце да мяне так, як быццам я жывы і, стаўшы на калені на зямлю, выкіньце ўсю сваю горыч на маю магілу. Скажыце мне ўсё і я выслухаю, і ўся горыч адыйдзе ад вас. І як вы размаўлялі са мной, калі я быў жывы, так рабіце і цяпер. Паколькі я жывы і буду заўсёды”. Другі дар духоўнага айца гэта здольнасць любіць іншых і рабіць пакуты іншых сваімі асабістымі. Пра аднаго з Егіпецкіх старцаў было коратка і проста запісана: “Ён меў любоў і многія прыходзілі да яго”. Ён меў любоў – гэта неабходна ў любым духаўніцтве. Неабмежаваны доступ у сакрэты чалавечага сэрца, калі ён будзе пазбаўлены спачувальнасці з любоўю, будзе не стваральным, а разбуральным. Той, хто не будзе любіць іншых, не будзе здольны іх вылечыць. Любоў да іншых уключае ў сябе пакуты з імі і за іх; гэта літаральны сэнс спачування. “Адзін аднаго цяжкасці насіце і так выканаеце закон Хрыстовы” (Гал. 6; 2). Духоўны айцец гэта той, хто галоўным чынам носіць цяжар іншых. “Старац – піша Ф.Дастаеўскі ў “Братах Карамазавых”, – гэта той, хто бярэ тваю душу, тваю волю ў сваю душу і сваю волю”. Для яго недастаткова даць параду. Таксама яму неабходна браць душы сваіх духоўных дзяцей у сваю душу, іх жыццё ў сваё жыццё. Менавіта ягонай задачай з’яўляецца маліцца за іх, і ягонае пастаяннае хадайніцтва ад іх імя больш важныя для іх, чым любыя словы парадаў. Таксама ягонай задачай з’яўляецца браць на сябе іхныя журботы і іхнія грахі, узяць іхную віну на сябе, і адказаць за іх на Страшным Судзе. Усё гэта выкладзена ў першапачатковым дакуменце, “Кнізе Варсанофія і Іаана”, які заключае ў сябе 850 пытанняў, адрасаваных двум старцам Палесціны VI стагоддзя, разам з іхнымі адказамі. “Як ведае Сам Бог, – сцвярджае Варсанофій сваім духоўным дзецям, – няма ні секунды ці гадзіны, калі я вас не маю ў сваіх думках і ў сваіх малітвах… Я клапачуся пра вас больш чым вы самі… Я б з задавальненнем паклаў бы сваё жыццё за вас”. Гэта малітва да Бога: “Госпадзе, ці вазьмі маіх дзяцей са мной у Сваё Царства, ці выкрэслі таксама і мяне з Тваёй Кнігі”. Закранаючы тэму нашэння цяжару іншых, Варсанофій сцвярджае: “Я нашу ваш цяжар і вашыя крыўды… Вы сталі падобныя на чалавека, які сядзіць пад цяністым дрэвам… Я бяру на сябе прысуд асуджэння над вамі, і паводле міласці Хрыста я не пакіну вас, ані ў гэтым веку, ні ў будучым”. Чытачам Чарльза Уільямса гэта нагадае прынцып “замяняючай любові”, які адыгрывае цэнтральную ролю ў ягонай навеле “Сыходжанне ў пекла”. Такі ж самы напрамак думак паказаны старцам Засімай у Дастаеўскага: “Ёсць толькі адзін шлях збаўлення, і ён заключаецца ў тым, што ты возьмеш на сябе адказнасць за ўсе чалавечыя грахі… каб узяць гэтую адказнасць з усёй шчырасцю за ўсё і ўсіх”. Здольнасць старца падтрымліваць і натхняць іншых вымяраецца ягонай гатоўнасцю прыняць гэткі шлях збаўлення. Такім чынам, адносіны паміж духоўным айцом і ягонымі дзецьмі не аднабаковыя. Хаця ён бярэ цяжар іх віны на сябе і адказвае за іх перад Богам, ён не можа гэта зрабіць у поўнай меры пакуль яны не пачнуць самі шчыра змагацца за сваё збаўленне. Аднойчы брат прыйшоў да св. Антонія Егіпецкага і сказаў: “Памаліся за мяне”. Але старац адказаў: “Ані я не буду літасцівы да цябе, ні Бог, пакуль ты сам не зробіш якія-небудзь намаганні”. Калі мы гаворым пра любоў старца да тых, хто знаходзіцца пад ягонай апекай, важна даць поўнае значэнне слова “айцец” у назве “духоўны айцец”. Як айцец і нашчадак у звычайнай сям’і павінны быць аб’яднаныя ва ўзаемнай любові, таксама павінна быць у “харызматычнай” сям’і старца. У першую чаргу гэта адносіны ў Духу Святым, і паколькі прырода чалавечай прывязанасці не так яскрава раскрытая, ёй яшчэ неабходна ачысціцца ад эмацыянальных хваляванняў і пераўтварыцца. У сувязі з гэтым, ёсць адпаведная гісторыя ў “Αποφθέγματα”: Малады манах клапаціўся пра свайго старца, які быў цяжка хворым ужо 12 гадоў. Ніколі ў гэты перыяд старац яму не дзякаваў ці нават ніколі не казаў ніводнага добрага слова. Толькі на сваім смяротным ложы стары сказаў братам, што сабраліся: “Ён ангел, а не чалавек”. Гісторыя каштоўная як паказальнік таго, як патрэбнае духоўнае адчужэнне, але такое бескампраміснае адхіленне любых знешніх знакаў любові не тыповае для “Выказванняў айцоў-пустэльнікаў” і для Варсанофія і Іаана. Трэці дар духоўнага айца гэта ўлада пераўтвараць атачэнне чалавека, як матэрыяльнае так і нематэрыяльнае. Дар ацалення, якім валодала так шмат старцаў, гэта адзін з аспектаў гэтай улады. Больш агульна, старац дапамагае сваім вучням успрымаць свет такім, якім стварыў яго Бог і Бог жадае, каб ён быў такім зноў. “Ці можаш ты надта ўзрадавацца са стварэння твайго Айца? – пытаецца Фама Трахернскі, – Ён Сам ва ўсім”. Сапраўдны старац гэта той, хто распазнае гэтую сусветную прысутнасць Тварца ў тварэнні, і дапамагае іншым таксама гэта разгледзець. У словах Ўільяма Блэйка, “Калі б дзверы ўспрыяцця былі ачышчаныя, усё б з’явілася чалавеку так як яно ёсць, бясконца”. Старац гэта той, у кім дзверы ўспрыяцця былі ачышчаныя. Паколькі чалавек, які жыве ў Богу, няма нічога вульгарнага і трывіяльнага: ён бачыць усё ў свеце Гары Фавор, праабражонае любоўю Хрыста. “Што такое мілуючае сэрца?” – цікавіцца Ісаак Сірын. “Гэта сэрца, якое гарыць любоўю да ўсяго тварэння – да чалавека, да птушак, да звяроў, да дэманаў, да кожнага тварэння. Калі чалавек з такім сэрцам так думае пра тварэнне ці глядзіць на іх, яго вочы напоўненыя слязьмі. Велізарнае спачуванне робіць ягонае сэрца малым і слабым, ён не можа трываць, калі ён бачыць ці чуе любыя пакуты, нават малы боль, які прычыняецца любому тварэнню. Таму ён ніколі не перастае маліцца са слязьмі нават за бязмоўных жывёл, за ворагаў праўды, і за тых, хто робіць яму шкоду, просячы, каб яны былі ахаваныя і прынятыя Божай міласцю. І за паўзуноў ён таксама моліцца з вялікім спачуваннем, якое ўздымаецца бясконца ў ягоным сэрцы паводле прыкладу Бога”. Усеабдымаючая любоў, як любоў св. Ісаака ці старца Засімы ў Дастаеўскага, пераўтварае яго, робячы атачэнне чалавека чыстым, так, каб нятварныя энергіі Бога прасвятлілі яго. Маментальны погляд на тое, што гэткае праабражэнне ўключае ў сябе, паказвае “споведзь” паміж св. Серафімам Сароўскім і Мікалаем Матавілавым, адным з ягоных духоўных дзяцей. Яны ішлі праз лес зімовым днём і св. Серафім расказваў пра неабходнасць сцяжання Святога Духа. Гэта прымусіла Матавілава спытаць, як чалавек можа ведаць з упэўненасцю, што ён у “Божым Духу”. “Потым св. Серафім узяў цвёрда за плечы і сказаў: “Мой сын, мы цяпер абодва ў Божым Духу. Чаму ты не глядзіш на мяне?” “Я не магу глядзець, Ойча, – адказаў я, – таму, што твае вочы блішчаць як маланкі. Твой твар стаў больш яркім, чым сонца, і маім вачам балюча на цябе глядзець”. “Не палохайся, – сказаў ён, – У гэты самы момант ты сам стаў такім жа яркім як і я. Ты сам у паўнаце Божага Духа ў гэты момант; інакш ты б не змог убачыць мяне так як ты бачыш… Але чаму, мой сыне, ты не глядзіш у мае вочы? Толькі паглядзі, не бойся; Гасподзь з намі.” Пасля гэтых словаў я паглядзеў на ягоны твар, і я прыйшоў нават у большы благагавейны страх. Уявіце, у цэнтры сонца, у асляпляльным свеце паўднёвых праменняў, твар чалавека, які з вамі размаўляе. Вы бачыце рухі ягоных вуснаў і выраз ягоных вачэй, які мяняецца і вы чуеце ягоны голас, вы адчуваеце як нехта трымае вас за плечы, нават вы не бачыце рук, вы нават не бачыце саміх сябе ні ягонага цела, толькі асляпляльнае святло, які распаўсюджваецца на некалькі метраў і свеціць з бялізной снежнай коўдры, якая пакрывае лясныя паляны і камякі снегу, якія падаюць бесперапынна”. Паслушэнства і свабода Такія, паводле Божай міласці, дары старца. Але што з духоўным дзіцем? Як яно удзельнічае ва ўзаемаадносінах паміж айцом і сынам у Богу? Калі казаць коратка, тое, што ён ахвяруе, гэта ягонае поўнае і несумненнае паслушэнства. Класічным прыкладам з’яўляецца апавяданне з “Выказванняў айцоў-пустэльнікаў” пра манаха, якому было сказана пасадзіць сухую палку ў пясок і паліваць яе кожны дзень. Калодзеж быў так далёка ад манастыра, што яму прыходзілася адпраўляцца па ваду кожны вечар і вяртацца толькі наступнай раніцай. Тры гады ён цярпліва выконваў загад свайго духоўнага айца. Напрыканцы гэтага перыяду, палка раптам выпусціла лісце і дала плады. Айцец узяў плады, прынёс іх у царкву і запрасіў манахаў іх з’есці, кажучы: “Прыйдзіце і пакаштуйце здабытак паслушэнства”. Яшчэ адным прыкладам паслушэнства з’яўляецца манах Марк, якога, калі ён перапісваў манускрыпт, паклікаў ягоны айцец; ён настолькі хутка адрэагаваў, што не паспеў дапісаць да канца авал літары О, якую ён у той момант пісаў. Іншым разам, калі яны гулялі разам, айцец убачыў маленькую свінню. выпрабоўваючы Марка, ён сказаў: “Ты бачыш гэтага бізона, дзіця?”. “Так, ойча”, – адказаў Марк. “А ці бачыш ты якія ў яго моцныя рогі?”. “Так, ойча”, – адказаў ён зноў без усялякіх хістанняў. Авва Іосіф Панефскі, кіруючыся падобнымі прынцыпамі, правяраў паслушэнства ягоных вучняў даваючы ім недарэчныя заданні, і толькі, калі яны падпарадкоўваліся, даваў ім асэнсаваныя загады. Такія апавяданні, магчыма, дадуць супрацьлеглае ўражанне сучаснаму чытачу. Здаецца, што яны зводзяць вучня на ўзровень інфантыльнасці ці нават ніжэй за чалавека, пазбаўляючы яго права разважання і маральнага выбару. Узнікае спакуса спытаць з абурэннем: Ці гэта “слаўная свабода Божых сыноў” (Рым. 8; 21)? Тут трэба зрабіць тры заўвагі. Па-першае, паслушэнства, якое ахвяруецца духоўным сынам свайму айцу, не прымусовае, а валявое і дабраахвотнае. Менавіта заданне старца павінна прывесці нашую волю ў ягоную волю, але ён можа гэта зрабіць толькі паводле нашага свабоднага выбару, які мы аддаем у ягоныя рукі. Ён не ламае нашую волю, а прымае яе ад нас як падарунак. Прымушаная і недабраахвотная пакорнасць абавязкова прыводзіць да пазбаўлення маральных каштоўнасцяў; старац пытаецца ў кожнага, ці ён ахвяруе Богу сэрца, а не свае знешнія паводзіны. Дабраахвотная прырода паслушэнства яскрава падкрэсліваецца ў абрадзе пастрыжэння валасоў пры Праваслаўным высвячэнні ў манаства. Нажніцы кладуцца на Кнігу Евангелля, і паслушнік павінны сам узяць іх і даць ігумену. Ігумен тут жа кладзе іх назад на Кнігу Евангелля. Зноў паслушнік бярэ нажніцы і іх зноў пакладаюць назад. Толькі калі паслушнік дае нажніцы ў трэці раз, ігумен бярэ іх каб пастрыгаць ягоныя валасы. Ніколі пасля гэтага манах не мае права сказаць ігумену ці браціі: “Мая асоба ўшчэмліваецца і падаўляецца тут у манастыры; вы пазбавілі мяне свабоды”. Ніхто не можа адняць у яго свабоду, таму што менавіта ён сам узяў нажніцы і тройчы даў іх у рукі ігумену. Але гэтае дабраахвотнае ахвяраванне свабодай, зразумела, гэта нешта такое, што не можа быць зроблена аднойчы і назаўсёды адзіным дзеяннем. Павінна быць пастаяннае ахвяраванне, якім будзе прасякнута ўсё жыццё; нашае ўзрастанне ў Хрысце вымяраецца толькі растучай ступенню нашай самааддачы. Мы павінны ахвяраваць нашай свабодай кожны дзень і кожную гадзіну зноў і зноў, новым і новым спосабам; і гэта азначае, што адносіны паміж старцам і вучням не статычныя, а дынамічныя, не бяззменныя, а бясконца новыя. Кожны дзень і кожную гадзіну, пад кіраўніцтвам свайго аввы, вучань будзе сутыкацца з новымі сітуацыямі, якія будуць прызываць да новага адказу, новага спосабу самааддачы. Па-другое, адносіны паміж старцам і духоўным сынам не аднабаковыя, а ўзаемныя. Менавіта, калі старац дае магчымасць вучням убачыць саміх сябе такімі, якія яны ёсць на самой справе, тады і вучні адкрываюць старца самому сябе. У большасці выпадкаў, як мы ўжо адзначалі, чалавек не ўсведамляе, што ён прызваны стаць старцам пакуль іншыя не прыходзяць да яго і не настойваюць на тым, каб стаць пад яго кіраўніцтва. Гэткае ўзаемадзеянне працягваецца ва ўсіх адносінах паміж двума. Духоўны айцец не валодвае ўсебаковай праграмай, якая дакладна выпрацавана загадзя і накладаецца аднолькава на кожнага. Наадварот, калі ён сапраўдны старац, у яго знойдуцца для кожнага свае асобныя словы; і паколькі слова, якое ён дае, на самым глыбокім узроўні, не яго асабістым, а Святога Духа, ён не ведае загадзя, што гэта будуць за словы. Старац дзейнічае на падставе не абстрактных правіл, а канкрэтных чалавечых сітуацый. Ён і ягоны вучань сутыкаюцца з сітуацыяй разам, ні той ні іншы загадзя не ведаюць якое будзе выйсце, але кожны чакае прасвятлення Духам. Кожны з іх, духоўны айцец, таксама як і вучань, павінны вучыцца па ходзе. Пра ўзаемнасць такіх адносін сведчаць апавяданні з “Выказванняў айцоў-пустэльнікаў”, дзе недастойны авва меў духоўнага сына нашмат лепшага за сябе. Вучань, напрыклад, бачыць за сваім аввай грэх пралюбадзейства, але прыкідваецца, што нічога не заўважыў і застаецца пад ягонай апекай; і такім чынам, з дапамогай цярплівай пакоры свайго вучня, духоўны айцец фактычна прыводзіцца да пакаяння і новага жыцця. У такім выпадку, не духоўны айцец дапамагае вучню, а наадварот. Безумоўна, такая сітуацыя далёкая ад нармальнай, але яна паказвае, што вучань часам закліканы не толькі атрымоўваць, але і даваць. У рэальнасці, адносіны не двух-, а трохбаковыя, у дадатак да старца і ягонага вучня ёсць яшчэ Адзін Удзельнік, Бог. Наш Гасподзь настойваў, каб мы ніводнага чалавека не называлі “айцец”, “паколькі ёсць у нас толькі Адзін Айцец, які на Нябёсах” (Мф. 23; 9). Старац не з’яўляецца безпамылковым суддзёй ці апошняй судовай інстанцыяй, а саслужыўцай Жывога Бога; не дыктатарам, а гідам і спадарожным. Адзіным сапраўдным “духоўным дырэктарам”, у поўным сэнсе гэтага слова, з’яўляецца Святы Дух. З гэтага вынікае трэці пункт. Ва Усходняй Праваслаўнай традыцыі ў ідэале, духоўны айцец заўсёды імкнуўся пазбегнуць любога кшталту прымусаў і духоўнага гвалту ў сваіх адносінах з вучнямі. Калі ж, пад кіраўніцтвам Духа, ён кажа і дзейнічае з аўтарытэтам, то гэта – аўтарытэт пакорлівай любові. Словы старца Засімы ў “Братах Карамазавых” адлюстроўваюць істотны аспект духаўніцтва: “У некаторыя моманты ты спыняешся разгублены, асабліва калі бачыш чалавечы грэх, не ведаючы, ці змагацца моцай, ці пакорлівай любоўю. Заўсёды вырашаеш: “пакорлівай любоўю”. Калі ты прывядзеш у адпаведнасць з гэтым свой розум аднойчы і назаўсёды, ты можаш перамагчы ўвесь свет. Пакора, якая любіць – жудасная моц; яна мацнейшая за ўсе рэчы і няма нічога падобнага ёй”. Заклапочаныя пазбегнуць усіх механічных прымусаў, шмат духоўных айцоў Хрысціянскага Усходу адмаўляюцца даваць сваім вучням правілы жыцця, каб яны шэраг вонкавых каманд не прынялі аўтаматычна. Па словах аднаго сучаснага румынскага манаха, старац гэта “не заканадаўца, а містагог”. Ён вядзе іншых не навязваючы правілы, а раздзяляючы з імі сваё жыццё. Манах сказаў Авве Пімену: “Некаторыя браты прыйшлі да жыцця разам са мной; ці хочаце, каб я даваў ім загады?” “Не” – сказаў стары. “Але, Ойча” – настойваў манах – “яны самі хочуць каб я ім даваў загады”. “Не, – паўтарыў Пімен – будзь для іх прыкладам, а не заканадаўцай”. Такая ж самая мараль вынікае з апавядання пра Ісаака Святара. Як малады чалавек, ён спачатку застаўся з Аввай Кроніям, а потым з Аввай Фёдарам Фермскім; але ні адзін з іх не казаў яму што рабіць. Ісаак паскардзіўся іншым манахам і яны прыйшлі і атрымалі павучанне ад Фёдара. “Калі ён хоча – адказаў Фёдар урэшце – дайце яму рабіць тое, што ён бачыць як я раблю”. Калі Варсанофія папрасілі апісаць падрабязныя правілы жыцця, ён адмовіўся, сказаўшы: “Я хачу, каб вы былі не пад законам, а пад благадаццю”. А ў іншых пісьмах ён пісаў: “Вы ведаеце, што мы ніколі не накладаем ланцугі ні на кога... Не прымушайце чалавечую свабодную волю, але сейце ў надзеі; паколькі наш Гасподзь нікога не прымушаў, а прапаведваў добрую вестку, і тыя, хто жадаў прыслухоўваліся да Яго”. Не прымушайце чалавечую свабодную волю. Задача духоўнага айца не парушыць чалавечую свабоду, а дапамагаць яму убачыць праўду пра самога сябе; не падаўляць чалавечую асобу, даць яму магчымасць адкрыць сябе, каб расці ў поўную дасканаласць і стаць тым, кім ён на самой справе з’яўляецца. Калі часам духоўны айцец патрабуе безапеляцыйнага і, як здаецца, “сляпога” падпарадкавання ад свайго вучня, гэта ніколі не робіцца само па сябе, і не з мэтай закабаліць яго. Мэта такой “шокавай тэрапіі” усяго толькі ў тым, каб адвесці вучня ад яго ілжывага і ілюзорнага “я”, каб ён мог увайсці ў сапраўдную свабоду. Духоўны айцец не дыктуе свае асабістыя думкі і пабожнасць, а дапамагае вучню знайсці тыя схільнасці, якія з’яўляюцца менавіта яго асабістымі. Па словах бенедыктынца XVII ст., брата Аўгусціна Бэйкера: “Вядучы патрэбны не для таго, каб вучыць свайму асабітаму шляху, і не для таго каб азначаць спосаб малітвы, а каб настаўляць сваіх вучняў як яны самі могуць знайсці правільны для сябе шлях... Адным словам, ён толькі Божы слуга, і павінны праводзіць душы па Божым шляху, а не па сваім асабістым”. Урэшце, тое, што духоўны айцец дае свайму вучню – не пісьмовы ці моўны зварот, не набор прыёмаў малітвы, а асабістыя адносіны. У гэтых асабістых адносінах авва расце і мяняецца таксама, як і вучань, паколькі Бог пастаянна вядзе іх абодвух. Ён можа часам дае свайму вучню дэталізаваныя моўныя інструкцыі, з дакладнымі адказамі на канкрэтныя пытанні. У іншым выпадку ён можа не здолець даць хоць нейкі адказ, ці таму, што ён не думае, што пытанне патрабуе адказу, ці таму, што ён сам яшчэ не ведае якім павінны быць адказ. Але гэты адказ, ці гэта няздольнасць адказаць, заўсёды існуе ў межах асабістых адносін. Шмат рэчаў не магчыма выказаць словамі, але можна выразіць праз прамую асабістую сустрэчу. Адсутнасць старца А што рабіць, калі немагчыма знайсці духоўнага айца? Можна звярнуцца, у першую чаргу, да кніг. Пісьменнік XV ст. Ніл Сорскі скардзіцца на катастрафічны недахоп дастойных духоўных кіраўнікоў; але ж наколькі часцей яны сустракаліся ў тыя гады ў параўнанне з нашымі! Калі ўважліва пашукаць, то можна знайсці сапраўднага і надзейнага кіраўніка. Тым не менш, калі такога кіраўніка не магчыма знайсці, Святыя Айцы раюць нам звярнуцца да Пісанняў і паслухаць, як Гасподзь Сам кажа. Паколькі скрыжалі Пісанняў не могуць быць аднятыя ад бесперапыннага сведчання Духу ў жыцці Царквы, той хто цікавіцца, можа прачытаць працы айцоў, і перш за ўсё “Даброталюбства”. Але тут ёсць відавочная небяспека. Старац прыстасоўвае сваё кіраўніцтва да унутранага свету кожнага; кнігі ж прапаноўваюць аднолькавыя адказы для ўсіх. Як пачатковец павінны адрозніваць можа ці не канкрэтны тэкст быць прыменены да ягонай сітуацыі? Нават, калі ён не можа знайсці духоўнага айца ў поўным сэнсе, ён павінны хаця б спрабаваць знайсці кагосці, хто мае больш вопыту, чым ён і можа кіраваць ягоным чытаннем. Магчыма таксама навучыцца праз наведванне месцаў, дзе Божая благадаць праявілася выключным чынам і дзе малітва заўсёды была асабліва сканцэнраваная. Перад тым, як прыняць рашэнне пры адсутнасці духоўнага айца, шмат Праваслаўных Хрысціянаў едуць у паломніцтва ў Іерусалім ці на Гару Афон, да нейкага манастыра, да мошчаў святога, дзе яны будуць маліцца для прасвятлення. Гэта шлях, якім я сам асабіста прымаў найболей цяжкія рашэнні ў сваім жыцці. Па-трэцяе мы можам навучыцца з рэлігійных супольнасцяў з усталяванай традыцыяй духоўнага жыцця. У адсутнасці асабістага настаўніка, манаскае асяроддзе можа быць як гуру; Мы можам фарміравацца пры дапамозе ўсталяванага распарадку дня, з перыядамі літургічнай і ціхай малітвы, са збалансаваным размеркаваннем фізічнай працы, вывучэння і адпачынку. Здаецца, што гэта галоўны шлях, якім св. Серафім Сароўскі ажыццяўляў свае духоўныя практыкаванні. Добра арганізаваны манастыр ажыццяўляе, у даступнай і жывой форме, успадкаваную мудрасць многіх старцаў. Не толькі манахаў, а і тых, хто прыходзіць як госць на даўжэйшы ці карацейшы перыяд, можа быць сфарміраваны і весціся згодна з вопытам супольнага жыцця. Сапраўды не выпадкова тое, што у Егіпце IV стагоддзя тып духаўніцтва, які мы ўжо апісвалі, праявіўся ў пачатковым стане, не ў цалкам арганізаваных супольнасцях св. Пахомія, а сярод пустэльнікаў і ў паўзатворніцкім асяроддзі Нітрыі і Скэціса. Напачатку, духоўнае кіраўніцтва ажыццяўлялася самім св. Пахоміям, начальнікамі кожнага манастыра, і галовамі асобных “дамоў” пры манастырах. Правіла св. Венедыкта таксама прадугледжвае, што ігумен з’яўляецца духоўным айцом, і тут сапраўды няма іншых прапаноў для далейшага руху ў бок больш “харызматычнага” тыпу. У свой час, насамрэч, кінавійныя супольнасці ўвабралі ў сябе шмат традыцый духаўніцтва так, як гэта развівалася ў пустэльнікаў, але неабходнасць гэтых традыцый заўсёды менш адчувалася ў кінавіі, менавіта таму, што кіраўніцтва ажыццяўляецца у сумесным жыцці, якое праходзіць пад кіраўніцтвам Статута. Урэшце, перад тым, як мы закончым гаворку пра адсутнасць старца, важна вызначыць надзвычайную рухомасць ва ўзаемаадносінах паміж старцам і вучням. Некаторыя могуць бачыць свайго духоўнага айца кожны дзень, ці нават кожную гадзіну, калі ён моліцца, есць і працуе разам з вучням, магчыма дзеліць з ім агульную келлю, як гэта часта здаралася ў Егіпецкай пустэльні. Іншыя могуць бачыць яго раз на месяц ці раз на год; іншыя, зноў-такі, могуць наведаць старца толькі аднойчы за ўсё сваё жыццё, але гэтага будзе дастаткова, каб накіраваць іх на правільны шлях. Больш таго, ёсць шмат розных тыпаў духоўных айцоў; некаторыя з іх будуць цудатворцамі як св. Серафім Сароўскі. Ёсць шматлікія святары і міране якія, пры недахопе больш эфектыўнага ўдзелу старцаў, безумоўна ж здольныя забяспечваць іншым кіраўніцтва якое тым патрабуецца. І, побач з духоўным айцоўствам ці мацярынствам, заўсёды ёсць магчымасці таксама для духоўнага братэрства і сястрынства. Шмат людзей думаюць што яны не могуць знайсці духоўнага айца, таму, што чакаюць, што ён будзе нейкага канкрэтнага тыпу: яны хочуць св. Серафіма, і яны заплюшчваюць вочы на тых, каго Бог сапраўды ім дасылае. Часта іхныя меркаваныя праблемы не вельмі складаныя, і насамрэч яны ўжо ведаюць у сваім сэрцы які павінны быць адказ. Але ім адказ не падабаецца, таму, што ён патрабуе ад іх цярплівых і доўгатэрміновых намаганняў: і таму яны шукаюць “deus ex machina” (“бога з машыны”), які адным цудадзейным словам раптам зробіць усё лёгкім. Такія людзі маюць патрэбу ў дапамозе да зразумення сапраўднай прыроды духоўнага кіраўніцтва. Сучасныя прыклады Напрыканцы я хацеў бы коратка расказаць пра двух старцаў нашых дзён, каго я меў шчасце ведаць асабіста. Першы – гэта Айцец Амфілохій (+ 1970), які нейкі час быў ігуменам манастыра Св. Іаана на востраве Патмас, а пазней ён стаў духаўніком супольнасці манашак, якую ён заснаваў недалёка ад манастыра. І найбольш выбітнай рысай ягонага характара былі ягоная кротасць, цеплыня ягонай любові і ягонае пачуццё спакою нават ва ўрачыстай радасці. Жыццё ў Хрысце, як ён гэта разумеў, гэта не цяжкое ярмо, не ноша, якую трэба цягнуць з пакорнасцю, а асабістыя адносіны, якім трэба следаваць з запалам сэрца. Ён быў цвёрдым супраціўнікам усялякага духоўнага прымусу і жорсткасці. Было тыповым для яго, калі ён лёг паміраць і павінны быў пакінуць манашак, якія былі пад ягонай апекай, ён настойваў на тым, каб ігумення не была з імі надта строгая: “Яны пакінулі ўсё, каб прыйці сюды, яны не павінны быць няшчаснымі”. Калі я павінны быў вярнуцца з Патмаса ў Англію як нова-рукапаложаны святар, ён настойваў на тым, што няма неабходнасці чагосці баяцца. Мой другі прыклад – Архіепіскап Іаан (Максімовіч), рускі епіскап Шанхайскі, Заходнееўрапейскі, і ўрэшце Сан-Францыскі (+1966). Ростам трохі вышэй за карліка, з заблытанымі валасамі і барадой, і з цяжкасцямі ў маўленні, ён быў нечым большым, чым “Дурань у Хрысце”. З таго часу, як ён стаў манахам ён не клаўся на ложак каб паспаць ноччу; ён працягваў працаваць і маліцца, спаў урыўкамі ў асобныя моманты дваццаці чатырох гадзін. Ён хадзіў босым па вуліцах Парыжа, і аднойчы ён служыў заўпакойную службу пасярод трамвайных ліній побач з партом Марсэля. Пунктуальнасць мела для яго малую значнасць. Ведаючы пра яго непрадказальныя паводзіны, найбольш традыцыйныя прадстаўнікі з яго паствы часам лічылі яго непадыходзячым да адміністратыўнай працы епіскапа. Але сваім абсалютным пагарджаннем звычайных фармальнасцяў ён меў поспех там, дзе іншыя, спадзяючыся на слоўны ўплыў і веды, цярпелі поўнае паражэнне – тады, насуперак любому спадзяванню і ў зубах сістэмы “квотаў”, ён забяспечваў доступ тысячам бяздомных рускіх бежанцаў у ЗША. У прыватных размовах ён быў вельмі кроткім, і ён хутка заваяваў давер малых дзяцей. Асабліва дзіўным была інтенсіўнасць ягонай заступніцкай малітвы. Калі гэта было магчыма, ён любіў служыць Божую Літургію штодзень, і служба звычайна займала ў два ці тры разы болей часу чым звычайна, настолькі вялікай была колькасць тых, каго ён памінаў па імені. Так ён за іх маліўся, што у яго быў не доўгі спіс імёнаў, а заўсёды асобы. Мне расказалі адну тыповую гісторыю. У яго была звычка кожны год наведваць Свята-Троіцкі манастыр у Джорданвіле, Нью-Ёрк. Аднойчы, падчас такога візіту адзін манах даў яму аркуш паперы з чатырма імёнамі людзей, якія былі смяротна хворымі. Архіепіскап атрымоўваў тысячы тысяч такіх просьбаў аб малітве падчас візіту кожны год. Калі ён вярнуўся ў манастыр праз дванаццаць месяцаў, ён неяк падазваў таго манаха і, да вялікага здзіўлення апошняга, з глыбінь свайго падрасніка архіепіскап Іаан дастаў той самы аркуш паперы, але зараз мяты і парваны. “Я маліўся за тваіх сяброў, – сказаў ён, – але двое з іх, – ён паказаў на іх імёны, – зараз памёрлі, а двое астатніх ачунялі”. І так было на самй справе. Нават на адлегласці ён раздзяляў клопаты сваіх духоўных дзяцей. Адзін з іх, айцец (зараз – архіепіскап) Іакаў, глава малога Праваслаўнага манастыра ў Галандыі, аднойчы вечарам сядзеў у сваім пакоі, не будучы здольным заснуць з-за непакою пра праблемы з якімі ён сутыкнуўся. Сярод ночы зазваніў тэлефон; гэта быў архіепіскап Іаан, які званіў з адлегласці ў некалькі тысяч міль. Ён пазваніў, каб сказаць, што надыйшоў ісці класціся спаць: “Ідзі зараз і спі, тое пра што ты просіш Бога, абавязкова здзейсніцца”. Такая роля духоўнага айца. Як казаў Варсанофій: “Я клапачуся аб вас больш, чым вы самі аб сябе”. |