Ацаленне сляпога каля Іерыхону |
Іерыхон быў вялікі горад на Паўночны-Усход ад Іерусаліма і на Захад ад Іардана, горад важны па гістарычных успамінах. Непадалёк ад яго яўрэі цудам перайшлі праз раку Іардан, калі ішлі з Егіпту. Гэта быў першы горад, які яўрэі ўзялі цудатворна. Потым тут былі прароцкія вучэльні, менавіта тут прарок Елісей зрабіў цуд, калі горкія воды зрабіў салодкімі. Мясцовасць выбівалася багатай расліннасцю і выдатным кліматам, Далей па дарозе да Іерусаліму ляжала камяністая панурая пустэльня, якую насялялі дзікія звяры і рабаўнікі. Калі Гасподзь выходзіў з Іерыхону, ідучы звычайным для іўдзеяў шляхам з Галілеі праз заіарданскую вобласць Пярэю, “за ім ішло мноства народу”, якія таксама як і ён ішлі ў Іерусалім на свята Пасхі. Сляпы, які сядзеў каля дарогі і прасіў міласціну, пачаў крычаць “Сыне Давідаў, памілуй мяне!” Гэты ўсклік сведчыў пра жывую веру яго ў Іісуса Хрыста як у Месію. Народ прымушаў яго маўчаць, каб ён не турбаваў Іісуса Хрыста, магчыма з-за таго, што Гасподзь у гэты час казаў нейкае павучэнне народу. Гасподзь спытаў яго, чаго ён хоча і атрымаў адказ: “Госпадзе! Каб я стаў бачыць!”. На гэта Іісус кажа яму: “Стань відушчым! Вера твая ўратавала цябе”. Сляпы адразу стаў бачыць і пайшоў следам за Іісусам, славячы Бога. Гэта – адзін з многіх цудаў, якія рабіў Гасподзь у Сваім зямным служэнні. Калі б мы жылі ў Евангельскія часы, то мы былі б уражаныя цудамі Хрыста не менш, чым Ягоныя сучаснікі. Цуды, якія рабіў Гасподзь, настолькі вялікія і незвычайныя, што іх немагчыма ніяк рацыянальна ці навукова растлумачыць. Гэта – таямнічыя, звышнатуральныя з’явы. Да такіх цудаў можна таксама аднесці і ператварэнне вады ў віно на вяселлі ў Кане Галілейскай, уваскрашэнне Лазара Чатырохдзённага і іншых мёртвых, сыпненне буры, насычанне пяці тысячаў чалавек пяццю хлебамі і іншыя. Нікадзім, адзін з начальнікаў іўдзейскіх, калі прыйшоў да Хрыста ноччу, сказаў: “Ты Настаўнік, які прыйшоў ад Бога; бо такіх цудаў, якія Ты робіш, ніхто не можа рабіць, калі не будзе з ім Бог”. Нікадзім разумеў, што рабіць цуды, як гэта рабіў Хрыстос, – гэта азначае, мець Божую ўладу над сіламі прыроды. Але гэтая ўлада належыць перадусім Сыну Божаму, праз Якога ўсё з’явілася, а праз Яго і святым людзям, якія атрымоўваюць ад Яго Духа Божага. Так званыя натуральныя законы быцця толькі здаюцца нам неабходнымі. Насамрэч, яны – наступства граху і смерці, і “натуральныя” толькі для сучаснага, ненармальнага стану чалавека і прыроды, хворыя на грэх. Там, дзе грэх пераможаны любоўю, там жыццё перемагло смерць, вечныя законы пачынаюць дзейнічаць і не парушаюць уяўныя законы грэшнага свету. Цуды насамрэч з’яўляюцца проблескамі жыцця будучага веку, для якога і створаны чалавек і якая будзе кіравацца адзіным законам – законам любові. Але любіць Бога немагчыма без веры ў Яго. Вера – гэта шлях, па якім Бог і чалавек ідуць насустрач адзін аднаму. Першы крок робіць Бог, Які зауседы і безумоўна верыць у чалавека. Ён дае чалавеку нейкі знак, нейкае перададчуванне Сваёй прысутнасці. Чалавек чуе як бы таямнічы покліч Бога, і ягоны крок насустрач Богу з’яўляецца адказам на гэты покліч. Бог кліча чалавека яўна ці таемна, адчувальна ці амаль незаўважна. Але цяжка чалавеку паверыць у Бога, пакуль ён папярэдне не пачуе закліку. Вера – гэта таямніца і таінства. Чаму адзін чалавек адгукаецца на покліч, а іншы – не? Чаму адзін, пачуўшы слова Божае, гатовы прыняць яго, а іншы застаецца глухім? Чаму адзін, сустрэўшы Бога на сваім шляху, адразу кідае ўсё і ідзе за ім, а іншы адварочваецца і адыходзіць у бок? “Праходзячы ж каля мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сімана, якога называлі Пятром, і Андрэя, брата яго, бо яны былі рыбакамі. І кажа ім: ідзіце за Мной… І яны ў той жа час, кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім. Адтуль ідучы далей, убачыў Ён двух іншых братоў, Іакава Завядзеева і Іаана… і заклікаў іх. І яны ў той жа час, кінуўшы лодку і айца свайго, пайшлі за Ім”. У чым таямніца гэтай гатоўнасці галілейскіх рыбакоў, кінуўшы ўсё ісці за Хрыстом, Якога яны бачаць упершыню ў сваім жыцці? І чаму багаты юнак, якому Хрыстос таксама сказаў: “прыйдзі, і ідзі за Мною”, не адгукнуўся ў той жа момант, але “адыйшоў са смуткам”? Ці не ў тым прычына, што тыя былі жабракамі, а гэты валодаў “вялікай маёмасцю”, тыя не мелі нічога, акрамя Бога, а ў гэтага былі “скарбы на зямлі”? У кожнага чалавека ёсць свае скарбы на зямлі – ці гэта грошы, ці рэчы, добрая праца ці жыццёвы дабрабыт. А Гасподзь кажа: “Блажэнныя ўбогія духам, бо вашае ёсць Царства Божае”. Блажэнныя тыя, хто адчуў, што яны нічога не маюць у гэтым жыцці, хаця б яны і валодалі шмат чым. Тыя, хто адчуў, што ніякі зямны набытак не можа замяніць чалавеку Бога. Блажэнныя тыя, якія ідуць і прадаюць усё сваё багацце, каб набыць адну каштоўную пярліну – веру. Блажэнныя тыя, якія зразумелі, што без бога яны ўбогія ці жабракі, якія жадаюць Яго ўсёй душой, розумам і воляй. Слова пра веру ніколі не было лёгкім для ўспрыяцця. Але ў наш час людзі бываюць настолькі захопленыя праблемамі зямнога існавання, што многім проста няма калі пачуць гэтае слова і задумацца пра Бога. Часта рэлігійнасць зводзіцца да таго, што святкуюць Нараджэнне Хрыстовае ці Пасху і выконваюць яшчэ якія-небудзь абрады толькі дзеля таго, каб не адарвацца ад кораню, ад нацыянальных традыцый. Недзе рэлігія раптам становіцца “моднай”, і ў царкву ідуць, каб не быць горшым за суседа. Але галоўным для многіх з’яўляецца дзелавое жыццё, праца. “Ён весь у працы”, “праца для яго – усё”, “ён – чалавек справы”: вось лепшы камплімент, які можна пачуць ад сяброў і калег. “Дзелавыя людзі – гэта асобая генерацыя людзей ХХ стагоддзя, для якіх не існуе нічога, акрамя іх уласнай функцыі ў нейкай “справе”, бізнесе, які паглынае іх цалкам і не пакідае ніякага прасвету ці паўзы, неабходнай для таго, каб пачуць голас Бога. І ўсё ж, як гэта ні парадаксальна, сярод шуму і мітусні спраў, падзей, уражанняў людзі чуюць у сваім сэрцы таямнічы Божы покліч. Гэты покліч, можа быць, не заўсёды атаесамляецца з ідэяй пра Бажаство і суб’ектыўна нярэдка ўспрымаецца проста як нейкая незадаволеннасць, унутраны непакой, пошук. І толькі праз гады чалавек усведамляе, што ўсё яго папярэдняе жыццё было такім непаўнавартасным і нікчэмным з-за таго, што ў ім не было Бога, без Якога няма і не можа быць паўнаты быцця. “Ты стварыў нас для Сябе, – кажа блажэнны Аўгусцін, – і непакойна таміцца сэрца нашае, пакуль не супакоіцца ў Цябе”. Божы покліч можна параўнаць са стралой, якой Бог, як вопытны паляўнічы, раніць душу чалавека. Рана, якая крывіць і не загойсваецца, прымушае душу, забыўшыся пра ўсё, шукаць лекара. Душа таго, хто адчуў покліч, становіцца апантанай гарачым імкненнем да Бога. “І думкі такой душы, – піша св. Макарый Ягіпецкі, – гараць духоўнай любоўю і нястрымнай цягай да ўсё больш слаўнай і светлай прыгажосці духа, мучыцца ад нястрымнага кахання да нябеснага Жаніха і …ірвуцца да найбольш узнёслага і найвялікшага, чаго ўжо больш ані словамі не выказаць, ні чалавечым розумам спасцігнуць… Праз вялікую працу, намаганні, доўгае падзвіжніцтва і дасканалую барацьбу… такія душы заўсёды захопленыя нябеснымі і духоўнымі таінствамі і разнастайнасцю Божай прыгажосці. З вялікай прагай яны шукаюць лепшага і найвялікшага. Бо ў Божым Духу заключана разнастайная і неймаверная прыгажосць, якая адкрываецца дастойным душам на радасць і асалоду і жыццё і суцяшэнне, каб чыстая душа, якая мучыцца штогадзінна наймацнейшым і палымяным каханнем да нябеснага Жаніха, ніколі ўжо больш не азіралася на зямное, яле было цалкам захоплена імкненнем да Бога. Хочацца пажадаць тым, хто не пачуў гэты покліч ад Бога, зразумець яго і хучшэй адгукнуцца, а тым, хто ўжо ідзе гэтым шляхам – напоўніцца гэткай прагай да Бога, каб па словах ап. Паўла ніхто і нішто не магло нас адкінуць ад Божай любові. Амінь. |
< Папярэдні |
---|