Пачатак Хрыстовай пропаведзі |
Гасподзь пасля свайго Нараджэння ў Віфліеме быў вымушаны збегчы ў Егіпет, а потым Святая Сям’я пасялілася ў Назарэце. Там Гасподзь і жыў да пачатку Свайго грамадскага служэння. Але потым, пасля хрышчэння і соракадзённага посту, Гасподзь пайшоў прапаведаваць у Галілею. Пра гэта гавораць усе чацвёра Евангелістаў. Тым, што Гасподзь пачаў сваё служэнне не ў Назарэце, дзе Ён выхоўваўся, Гасподзь засведчыў пра тое, што прарок не мае гонару ў сваёй айчыне і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, які знаходзіўся на тэрыторыі, дзе жылі нашчадкі Завулона і Нефаліма. У гэтым апостал і евнгеліст Матфей бачыць выкананне старажытнага прароцтва Ісаі. Галілеяне добра прынялі Хрыста, таму што і яны хадзілі на свята ў Іерусалім і бачылі, што Ён там рабіў. Хутка весткі пра Яго разнесліся па ўсёй краіне, і Ён паўсюдна вучыў у сінагогах, пачынаючы Сваю пропаведзь словамі: “Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае!” Важна, што гэтымі самымі словамі пачынаў сваю пропаведзь і Іаан Хрысціцель. Новае Царства, новыя парадкі, якія прыйшоў усталяваць у людзях Гасподзь Іісус Хрыстос так адрозніваліся ад тагачаснага звычайнага грахоўнага жыцця людзей, што яны павінны былі кінуць усё, што было да гэтага і як быццам нанава нарадзіцца праз пакаянне, гэта значыць цалкам змяніць свой унутраны свет. З таго часу як Гасподзь вярнуўся з Іўдзеі ў Галілею, Галілея стала звычайным месцам ягонай дзейнасці. Гэта была краіна невялікая па тэрыторыі, але там жыло вельмі шмат людзей. Сярод насельніцтва былі не толькі Іўдзеі, але і фінікійцы, аравійцы і нават егіпцяне. Урадлівасць гэтай краіны заўсёды вабіла шматлікіх перасяленцаў, якія склалі адзін народ з мясцовым насельніцтвам. Пануючай верай была іўдзейская, але было шмат і язычнікаў, таму яна і называлася “Галілеяй язычнікаў”. Усё гэта было прычынай, з аднаго боку рэлігійнага нéвуцтва галілеянаў, з другога боку, і большай іх свабоды ад рэлігійных забабонаў іўдзеяў, у прыватнасці адносна Месіі. Вучні Збавіцеля усе былі з Галілеі, і іншым ягоным паслядоўнікам таксама лёгка было хадзіць паўсюдна за ім па гэтай невялікай урадлівай краіне. Гэтымі фактарамі і можна растлумачыць, чаму Гасподзь выбраў Галілею асноўным месцам Свайго служэння. І мы бачым, што галілеяне сапраўды лепш успрымалі Ягоныя пропаведзі, чым ганарлівыя іўдзеі. Такім чынам, пропаведзь Хрыста стала заклікам да радыкальнай змены ладу жыцця і думак, абнаўлення розума і пачуццяў, адмаўленню ад грахоўных справаў і жаданняў, змяненню чалавека. Сінонімам пакаяння з’яўляецца часта сустракаемае ў Бібліі слова навяртанне: “Навярніцеся кожны ад злога шляху свайго і выпраўце шляхі вашыя і падзеі вашыя” гаворыцца ў Іер. Навяртанне ёсць адпрэчванне ад грахоўнага жыцця і вяртанне да Таго, ад Каго мы сыйшлі, ад Каго адпалі, ад Каго адвярнуліся. Чалавек, які каецца падобны на блуднага сына з евангельскай прытчы: пажыўшы ў граху, ён аддаляецца ад Бога, але пасля шмалтілікх выпрабаванняў ён “прыходзіць у сябе”, вырашае вярнуцца да Айца. Пакаянне пачынаецца з раскаяння і навяртання (“прыйшоў у сябе”), якія прерастаюць у рашучасць (“устану, пайду”) і закнчваецца вяртаннем да Айца (“устаў і пайшоў”), спавяданнем грахоў (“я саграшыў”), прабачэннем ад Бога (“прынясіце лепшае адзенне”), усынаўленнем (“гэта сын мой”) і духоўным уваскрасеннем (“ён быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”). Таінства пакаяння, якое называецаа таксама споведзю, було ўсталявана ў глыбокай старажытнасці. У Дзеях Апосталаў гаворыцца, што “многія з тых, хто ўвераваў прыходзілі (да апосталаў), спавядаючы і адкрываючы ўчынкі свае”. Са споведзі пачыналася хрысціянскае жыццё былых язычнікаў. Практыкавалася часам адкрытая споведзь перад усёй абшчынай (да V ст. яна знікае), а таксама споведзь перад некалькімі святарамі. Часцей за ўсё споведзь была тайнай. У хрысціянскай традыцыі Царква ўспрумаецца як духоўная “лякарня”, грэх – як хвароба, споведзь – лячэнне, святар – лекар: “Ты саграшыў? Уваходзь у Царкву і кайся ў сваім граху… Тут лекар, а не суддзя; тут ніхто не асуджаецца, але кожны прымае адпушчэнне грахоў” – гаворыць св. Іаан Златавуст. У чыне споведзі ёсць словы: “Будзь уважлівы, бо ты прыйшоў у лякарню, каб не сыйсці табе не вылечаным”. Грэх з’яўляецца падзенне, памылкай чалавека: споведзь дапамагае яму падняцца і высці на верный шлях. Хрысціяніну ўсе грахі прабачаюцца ў Хрышчэнні. Але “няма чалавека, які будзе жыць і не грашыць” і пасля Хрышчэння ён ізноў дапускае грахі, які застаюцца ў яго душе, як бруд і чарната, якія пазбаўляюць яго паўнаты жыцця з Богам, таму, што нішто нячыстае не можа ўвайсці ў зносіны з Найчысцейшым Богам. Св. Айцы называлі пакаянне “другім хрышчэннем”, падкрэсліваючы яго ачышчальнае, абнаўлялнае дзеянне”. Той, хто каецца на споведзі, больш востра адчувае сваю грахоўнасць, і гэта павінна штурхаць яго да выпраўлення жыцця. Паказальна, што тыя, хто спавядаецца рэдка ці не спавядаецца зусім, часцей за ўсё зусім не адчуваюць сябе грэшнымі: “жыву як усе”, “ёсць і горшыя за мяне”, “зла нікому не раблю”, “хто ж не грэшны ў нашыя часы?” – часцей за ўсё можна пачуць ад такіх людзей. А тыя, хто спавядаецца рэгулярна заўсёды знаходзяць у сябе шмат недахопаў і імкнуцца змагацца з імі. Гэты парадокс тлумачыцца тым, што як пыл і бруд бачныя там, дзе ёсць святло, а не ў цёмным пакоі, так і грахоўнасць чалавека становіцца для яго тым больш зразумелай, чым больш ён набліжаецца да Бога, Які ёсць Святло, а без Бога не можа быць выразнага бачання грахоў, таму што душа знаходзіцца ў цемры. Споведзь прыносіцца Богу, святар – толькі сведка, як сказана ў чыне таінства. Навошта патрэбны сведка, калі можна спавядацца Самому Богу? Царква ўсталявала споведзь перад святаром таму, што ў споведзі, акрамя ўсяго, ёсць суб’ектыўны фактар: Бога шмат хто не саромееца, таму, што не бачаць Яго, а перад чалавекам спавядацца сорамна, але гэта ўратавальны сорам, які лапамагае пераадолець грэх. Акрамя таго, святар з’яўляецца духоўным кіраўніком, які дапамагае знайсці верны шлях да пераадолення граху. Споведзь не абмяжоўваецца толькі расказам пра грахі, яна прадугледжвае і параду святара, я ў некаторых выпадках і эпіцімію – пакаранне ці маральнае практыкаванне для лячэння граху. Перад пачаткам споведзі святар папярэджвае, што яна павінна быць поўнай; у тым выпадку, калі той, хто каецца з-за сораму і ці іншай прычыны ўтойвае грахі, таінства лічыцца несапраўдным: “Не саромейся і не бойся і не ўтойвай нічога ад мяне, бо тады ў цябе будзе падвойны грэх”. Чалавек атрымоўвае на споведзі поўнае прабачэнне сваіх грахоў: “Я недастойны іерэй, уладай Яго, якая дадзеная мне, прабачаю і вызваляю цябе ад усіх грахоў тваіх у імя Айца, і Сына, і Святога Духа”. Ці прабачаюцца тыя грахі, якія чалавек не памятае? Адназначана на гэта адказаць нельга, хаця ў малітве і гаворыцца пра прабачэнне ўсіх грахоў. Часцей за ўсё, калі чалавек пасля споведзі ўспамінае забыты грэх, ён каецца ў ім на наступнай споведзі. Хаця, калі споведзь бывае не надта рэдка, чалавек не паспявае забыць свае грахі. Святар надзелены ад Бога правам абвяшчаць ад імя Бога прабачэнне грахоў. Гасподзь Іісус Хрыстос казаў апосталам: “Што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана на небе”. Гэтая ўлада “звязваць і развязваць” перайшла, як верыць Царква, ад апосталаў ад іх паслядоўнікаў – епіскапаў і святароў. Такім чынам, мы бачым, наколькі важна пакаянне для хрысціяніна. Гэта – мэта нашага жыцця. І толькі праз пакаянне мы можам наблізіцца да Бога і атрымаць вечнае жыццё ў Ягоным Царстве. І таксама важна падкрэсліць, што пакаянне, як і іншыя таінствы, адбываецца ў Храме Божым. Без наведвання Царквы, без малітвы, без удзелу ў набажэнстве мы не можам знайсці правільны шлях да Бога, бо як кажуць людзі: “Каму Царква – не Маці, таму Бог – не Айцец”. Будзем жа разам маліцца і хадзіць у Царкву, каб жыццё нашае стала больш цнатлівым і богаўгодным. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|