Малітвы ранішнія |
Малітвы ранішнія Устаўшы ад сну, перад усякай іншай справай стань благагавейна перад Усёвідушчым Богам і, робячы на сабе знак Крыжа, скажы: У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амінь. Потым трохі пачакай, пакуль усе пачуцці твае супакояцца і думкі твае пакінуць усё зямное, і тады гавары наступныя малітвы без паспешнасці і з увагай сардэчнай: Малітва мытніка (Евангелле паводле Лукі, раздзел 18, верш 13) Божа, будзь міласцівы да мяне грэшнага. (Паклон) Малітва пачынальная Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, дзеля малітваў Прачыстае Твае Маці і ўсіх святых, памілуй нас. Амінь. Слава Табе, Божа наш, слава Табе. Малітва Святому Духу Цару Нябесны, Уцяшыцелю, Духу ісціны, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцця Падацелю, прыйдзі і ўсяліся ў нас, і ачысці нас ад усякай нечыстаты і збаў, Добры, душы нашы. Трысвятое Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас. (Чытаем тройчы, робячы на сабе знак Крыжа і паясны паклон). Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Малітва да Прасвятой Троіцы Прасвятая Троіца, памілуй нас; Госпадзі, ачысці грахі нашы; Уладару, прабач беззаконні нашы; Святы, наведай і ацалі немачы нашы дзеля імя Твайго. Госпадзі, памілуй. (Тройчы) Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Малітва Гасподняя Ойча наш, Які ёсць у нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым; і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Трапары Троічныя Устаўшы ад сну, прыпадаем да Цябе, Добры, і ангельскую песню пяем Табе, Магутны: Святы, Святы, Святы Ты, Божа, праз Багародзіцу памілуй нас. Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу. З пасцелі і сну Ты падняў мяне, Госпадзі, розум мой прасвятлі і сэрца, і вусны мае адкрый, каб апяваць Цябе, Святая Троіца: Святы, Святы, Святы Ты, Божа, праз Багародзіцу памілуй нас. І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Неспадзявана Суддзя прыйдзе, і ўчынкі кожнага выявяцца, але са страхам усклікнем апоўначы: Святы, Святы, Святы Ты, Божа, праз Багародзіцу памілуй нас. Госпадзі, памілуй. (12 разоў) Малітва да Прасвятой Троіцы Устаўшы ад сну, дзякую Табе, Святая Троіца, што па вялікай Тваёй дабрыні і доўгацярпенню не загневаўся1 Ты на мяне, лянівага і грэшнага, і не загубіў мяне з беззаконнямі маімі; паказаў Сваё звычайнае чалавекалюбства і падняў мяне, калі я ляжаў без памяці, каб я ўстаў рана і славасловіў уладу Тваю. І цяпер прасвятлі мае вочы духоўныя, адкрый мае вусны, каб мне навучацца слову Твайму, і разумець запаведзі Твае, і выконваць волю Тваю, і праслаўляць Цябе з удзячнасцю сардэчнай, і апяваць усесвятое імя Тваё — Айца, і Сына, і Святога Духа — цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Прыйдзіце, паклонімся Цару нашаму — Богу. (Паклон) Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Цара нашага, Бога. (Паклон) Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Самога Хрыста, Цара і Бога нашага. (Паклон) Псалом 50 Памілуй мяне, Божа, па вялікай міласці Тваёй і па мноству шчодрасцяў Тваіх ачысці беззаконні мае. Зусім абмый мяне ад беззаконня майго і ад граху майго ачысці мяне. Бо беззаконне маё я знаю і грэх мой перада мною заўжды. Перад Табой адзіным я саграшыў і злое перад Табою ўчыніў, так што Ты справядлівы ў словах Тваіх і беззаганны ў судзе Тваім. Бо вось у беззаконнях зачаты я i ў грахах нарадзiла мяне мацi мая. Бо вось iсцiну ўзлюбiў Ты, невядомае i тайнае з прамудрасцi Тваёй адкрыў Ты мне. Акрапiш мяне ісопам — i буду чысты, абмыеш мяне — i буду за снег бялейшы. Дасі мне пачуць радасць i вясялосць — i ўзрадуюцца косцi пакораныя. Адвярнi аблiчча Тваё ад грахоў маiх i ўсе беззаконнi мае ачысцi. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, i дух праўды аднаві ўнутры мяне. Не адкiнь мяне ад аблiчча Твайго i Духа Твайго Святога не адымі ад мяне. Вярні мне радасць збаўлення Твайго і Духам уладарным умацуй мяне. Я навучу беззаконных шляхам Тваiм, i грэшныя да Цябе звернуцца. Уратуй мяне ад крывi2, Божа, Божа збаўлення майго, i ўзрадуецца язык мой праўдзе Тваёй. Госпадзі, вусны мае адкрыеш, i вусны мае абвясцяць хвалу Тваю. Бо калi б Ты захацеў ахвяры, то я даў бы, але ўсеспаленне не мiлае Табе. Ахвяра Богу — дух скрушаны; сэрцам скрушаным i пакорлiвым Бог не пагарджае. Ашчасліў, Госпадзе, з ласкi Твае Сiён, i няхай збудуюцца сцены Iерусалiма. Тады мiлай Табе будзе ахвяра праўды, прынашэнне i ўсеспаленне; тады пакладуць на ахвярнiк Твой цяльцоў. Сімвал веры 1 Верую ў Адзiнага Бога Айца, Уседзяржыцеля, Тварца неба i зямлi, усяго бачнага и нябачнага. 2 I ў адзiнага Госпада Iiсуса Хрыста, Сына Божага, Адзiнароднага, ад Айца народжанага перад усiмi вякамi; Святло ад Святла, Бога iсцiннага ад Бога iсцiннага, народжанага, не створанага, адзiнасутнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася. 3 Якi дзеля нас, людзей, i дзеля нашага збаўлення сышоў з нябёс i ўцялеснiўся ад Духа Святога i Дзевы Марыi, i стаў чалавекам. 4 Быў распяты за нас пры Понцii Пiлаце, i пакутаваў, i быў пахаваны. 5 I ўваскрэс на трэцi дзень згодна з Пісаннем. 6 I ўзышоў на нябёсы, i сядзiць праваруч Айца. 7 I зноў прыйдзе ў славе судзiць жывых i мёртвых, i Яго Царству не будзе канца. 8 I ў Духа Святога, Госпада, Жыватворчага, што ад Айца зыходзiць, што з Айцом i Сынам разам пакланяемы i славiмы, што гаварыў праз прарокаў. 9 У адзiную Святую Саборную i Апостальскую Царкву. 10 Вызнаю адно хрышчэнне для адпушчэння грахоў. 11 Чакаю ўваскрасення мёртвых 12 i жыцця будучага веку. Амiнь. Малітва 1-я, св. Макарыя Вялікага Божа, ачысці мяне грэшнага, бо я ніколі не зрабіў добрага перад Табою; але збаў мяне ад злога, і няхай будзе ўва мне воля Твая, каб я неасуджана (1) адкрыў вусны мае недастойныя і ўсхваліў імя Тваё святое — Айца, і Сына, і Святога Духа — цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Малітва 2-я, таго ж святога Устаўшы ад сну, я апоўначы песню прыношу Табе, Збавіцелю, і, прыпадаючы, усклікаю да Цябе: не дай мне заснуць грахоўнай смерцю, а пашкадуй мяне, дабравольна Распяты, і як ляжу я ў ляноце, хутка паднімі мяне, і збаў мяне, як стаю я і малюся, і пасля сну начнога дай заззяць нада мною дню бязгрэшнаму, Хрысце Божа, і збаў мяне. Малітва 3-я, таго ж святога Да Цябе, Уладару Чалавекалюбны, устаўшы ад сну, я звяртаюся, і да спраў Тваіх прыступаю па міласэрнасці Тваёй, і малюся Табе: памажы мне ва ўсякі час, ва ўсякай рэчы, і захавай мяне ад усякай злой рэчы ў свеце, і ад дыявальскага ўздзеяння, і збаў мяне, і ўвядзі ў Царства Тваё вечнае. Бо Ты мой Стварыцель і ўсякага дабра Прамысліцель і Падацель, на Цябе ўсё спадзяванне маё, і Табе славу ўзношу цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Малітва 4-я, таго ж святога Госпадзі, Ты вялікай Тваёй дабрынёй і вялікімі шчодрасцямі Тваімі даў мне, рабу Твайму, мінулы час ночы гэтай без напасці прайсці ад ўсякага зла супраціўнага; Ты Сам, Уладару, Творца ўсяго, спадобі мяне ў праўдзівым Тваім святле і з прасветленым сэрцам выконваць волю Тваю цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Малітва 5-я, св. Васілія Вялікага Госпадзі Уседзяржыцелю, Божа сіл2 і ўсякае плоці, Ты ў вышынях жывеш і на нізіны3 спаглядаеш, сэрцы і думкі назіраеш і ясна ведаеш тайны чалавечыя, Беспачатнае і Вечнаіснае Святло, што не мае змянення і не дае ценю! Ты Сам, Неўміручы Цару, прымі маленні нашы, якія мы ў цяперашні час, спадзеючыся на мноства шчодрасцяў Тваіх, нячыстымі вуснамі прыносім Табе, і даруй нам правіннасці нашы, учыненыя намі дзеяннем, словам і думкаю, свядома ці несвядома; і ачысці нас ад усякае нечыстаты плоці і духа. І дай нам з нядрэмным сэрцам і цвярозаю думкаю ўсю ноч цяперашняга жыцця прайсці ў чаканні прышэсця светлага і слаўнага дня Адзінароднага Твайго Сына, Госпада і Бога і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста, калі са славаю Суддзя ўсіх прыйдзе кожнаму аддаць паводле ўчынкаў яго; каб не ў ляжанні і ляноце, а нядрэмнымі і на нагах, у выкананні запаведзяў Яго4 мы былі знойдзены, гатовыя ўвайсці з Ім у радасць і ў Бажэственны хорам славы Яго, дзе святкуючых голас несціханы і невымоўная асалода сузіральнікаў невыказнага хараства аблічча Твайго. Бо Ты — праўдзівае Святло, Якое прасвятляе і асвячае ўсё, і Цябе апявае ўсё стварэнне на векі вякоў. Амінь. Малітва 6-я, таго ж святога Цябе благаслаўляем, вышні Божа і Госпадзі міласці, Які заўсёды робіш з намі вялікае і недаступнае разуменню, слаўнае і дзівоснае, на што і ліку няма, Які даў нам сон для супакаення немачы нашай і аслаблення ўтомленасці знясіленай плоці. Дзякуем Табе, што не загубіў нас з беззаконнямі нашымі, але паказаў Сваё звычайнае чалавекалюбства і падняў нас, калі мы ляжалі без памяці, каб мы славасловілі ўладу Тваю. Таму молім бязмерную Тваю добрасць: прасвятлі нашы думкі, вочы, і розум наш ад цяжкага сну ляноты абудзі, адкрый нашы вусны і напоўні іх хвалою Табе, каб мы маглі непарушна апяваць і праслаўляць Цябе, ва ўсіх і ўсімі славімага Бога — Беспачатнага Айца з Адзінародным Тваім Сынам і Ўсесвятым і Добрым і Жыватворным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Малітва 7-я, да Прасвятой Багародзіцы Апяваю благадаць тваю, Уладычыца, малю Цябе: розум мой благадаццю адары. Хадзіць правільна мяне навучы – шляхам Хрыстовых запаведзяў. Нядрэмнасць ў спеве ўмацуй, маркотны сон адганяючы. Звязанага ланцугамі грэхападзенняў малітвамі Тваімі вызвалі, Боганявеста. Уначы мяне і ўдзень ахоўвай, ад ваяўнічых ворагаў ратуючы мяне. Ты, Якая Жыццядацеля – Бога нарадзіла, мяне, памерлага ад страсцей ажыві.Ты, Якая святло невячэрняе1 нарадзіла, душу маю аслеплую прасвятлі. О, дзівосны хорам Уладара, домам Духа Бажэственнага мяне ўчыні. Ты, Якая Лекара нарадзіла, вылечы душы маёй шматгадовыя страсці. Мяне, жыццёваю бураю захопленага, на сцяжыну пакаяння скіруй. Уратуй мяне ад агню вечнага, ад чарвяка лютага і тартара2. Не ўчыні радасці для дэманаў з мяне, у многіх грахах вінаватага. Новым зрабі мяне змарнелага ад неадчувальных, Найчысцейшая, саграшэнняў. Далёкім ад мукі усякай пакажы мяне і Уладара ўсіх умалі. Нябесных мне дасягнуць радасцей з усімі святымі спадобі. Прасвятая Дзева, пачуй голас нягоднага раба Твайго. Дай ліцца слязам маім, Прачыстая, душы маёй нечыстату ачышчаючы. Стогны ад сэрца прыношу Табе няспынна: падтрымай, Уладычыца. Малітвенае служэнне маё прымі і Богу міласэрнаму прынясі. Вышэйшая за Ангелаў, узнімі мяне, не даўшы са светам змяшацца мне. Светланосная Засень нябесная, духоўную благадаць на мяне скіруй. Рукі ўзнімаю і адкрываю забруджаныя нечыстатой вусны для ўсхвалення, Найчысцейшая. Ад душатленных мяне нападаў пазбаў, старанна ўмаляючы Хрыста, Якому пашана і пакланенне належаць цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Малітва 8-я, да Госпада нашага Іісуса Хрыста Многаміласцівы і Усяміласцівы Божа мой, Госпадзі Іісусе Хрысце, дзеля вялікай любові Ты сышоў і ўцялесніўся, каб збавіць усіх. Дык вось, Збавіцелю, збаў мяне па благадаці, малю Цябе; бо калі за ўчынкі збавіш мяне, то гэта не благадаць і дар, а хутчэй абавязак. О, багаты шчодрасцямі і невымоўны ў міласці! Ты сказаў, Хрысце мой: хто веруе ў Мяне, той жывы будзе і не ўбачыць смерці вавекі. Калі ж вера ў Цябе збаўляе тых, хто ў адчаі, то вось я верую, збаў мяне, бо Ты мой Бог і Стварыцель. І вера замест учынкаў няхай залічана будзе мне, Божа мой, бо Ты зусім не знойдзеш учынкаў, якія апраўдаюць мяне. Але той веры маёй няхай дастаткова будзе замест усіх іх яна няхай адказвае, яна няхай апраўдае мяне, яна няхай зробіць мяне ўдзельнікам вечнай славы Тваёй. Каб не выкраў мяне сатана і не пахваліўся, Слова3 , што адлучыў мяне ад Тваёй рукі і з-пад Тваёй аховы. Але ці хачу, ці не хачу, збаў мяне, Хрысце Збавіцелю мой, паспяшы скора, бо хутка загіну: Ты ж Бог мой ад улоння маці маёй. Спадобі мяне, Госпадзі, цяпер узлюбіць Цябе, як некалі я любіў той самы грэх; і ўжо служыць Табе без ляноты шчыра, як я служыў раней сатане лжываму. Лепш буду служыць Табе, Госпаду і Богу майму Іісусу Хрысту, ва ўсе дні жыцця майго, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Малітва 9-я, да Ангела Храніцеля Святы Ангеле, пастаўлены ахоўваць маю бедную душу і няшчаснае жыццё, не пакінь мяне, грэшнага, і не адступі ад мяне за няўстрыманасць маю. Не дай магчымасці злому дэману авалодаць мною праз перавагу гэтага смяротнага цела; вазьмі моцна гаротную і кволую руку маю і вывядзі мяне на шлях збаўлення. О, святы Ангеле Божы, ахоўнік і заступнік беднай маей душы і цела, усё мне прабач, чым я зняважыў цябе ва ўсе дні жыцця майго і, калі я чым саграшыў у гэтую мінулую ноч, абарані мяне ў цяперашні дзень; і захавай мяне ад усякае спакусы варожае, каб я ніякім грахом не ўгнявіў Бога; і маліся за мяне Госпаду, каб Ён умацаваў мяне ў страху Сваім і зрабіў мяне рабом, дастойным Сваёй добрасці. Амінь. Малітва 10-я, да Прасвятой Багародзіцы Прасвятая Уладычыца мая, Багародзіца, святымі Тваімі і ўсёмагутнымі малітвамі адгані ад мяне, пакорлівага і няшчаснага раба Твайго, маркоту, непамятлівасць, неразумнасць, нядбайнасць і ўсе нячыстыя, злыя і кашчунскія думкі з беднага майго сэрца і з азмрочанага розуму майго; і пагасі полымя страсцей маіх, бо я ўбогі і няшчасны. І пазбаў мяне ад шматлікіх згубных успамінаў і намераў, і ад усіх учынкаў злых вызвалі мяне. Бо Цябе благаслаўляюць усе роды, і славіцца найпачэснейшае імя Тваё на векі вякоў. Амінь. Малітвены зварот да святога, імя якога носіш Малі Бога за мяне, святы ўгоднік Божы (імя), бо я шчыра да цябе звяртаюся, скорага памочніка і малітвенніка за душу маю. Песня да Прасвятой Багародзіцы Багародзіца Дзева, радуйся, Благадатная Марыя, Гасподзь з Табою; благаславёная Ты сярод жанчын і благаславёны плод улоння Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых. Трапар Крыжу і малітва за Бацькаўшчыну Збаў, Госпадзі, людзей Тваіх і благаславі спадчыну Тваю, перамогу праваслаўным хрысціянам над праціўнікамі даючы і Тваім Крыжам ахоўваючы народ Твой. Малітва за жывых Збаў, Госпадзі, і памілуй айца майго духоўнага (імя), бацькоў маіх (імёны), сваякоў (імёны), начальнікаў, настаўнікаў, дабрадзеяў (імёны іхнія) і ўсіх праваслаўных хрысціян. Малітва за спачылых Упакой, Госпадзі, душы спачылых рабоў Тваіх: бацькоў маіх, сваякоў, дабрадзеяў (імёны іх), і ўсіх праваслаўных хрысціян і прабач ім усе саграшэнні, вольныя і міжвольныя, і падай ім Царства Нябеснае. Калі можаш, чытай замест кароткіх малітваў за жывых і спачылых наступны памяннік: За жывых Памяні, Госпадзі Іісусе Хрысце, Божа наш, міласці і шчодрасці Твае адвечныя, з-за якіх Ты і стаў чалавекам, і распяцце і смерць дзеля збаўлення тых, хто правільна веруе ў Цябе, перацярпець пажадаў; і, уваскрэснуўшы з мёртвых, Ты ўзнёсся на нябёсы і сядзіш праваруч ад Бога Айца, і прыхільна прымаеш пакорлівыя малітвы тых, хто ўсім сэрцам кліча Цябе; прыхілі вуха Тваё і пачуй пакорлівую малітву маю, недастойнага раба Твайго, які прыносіць яе Табе, як пах водару духоўнага, за ўсіх людзей Тваіх. І найперш памяні Царкву Тваю Святую, Саборную і Апостальскую, якую здабыў Ты пачэснаю Сваёю Крывёю; і сцвердзі яе, і ўмацуй, і пашыр, памнож, заміры, і захавай навек непераможнаю варотамі пякельнымі1; нязгоду паміж Цэрквамі ўціхамір, ганенні ад язычнікаў загасі, і ўзнікненню ерасяў хутка перашкодзь і выкарані іх, і ў нішто сілаю Святога Твайго Духа ператвары. (Паклон) Збаў, Госпадзі, і памілуй Богам сцеражоную краіну нашую, улады і воінства яе, каб нам весці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набожнасцю і годнасцю. (Паклон) Збаў, Госпадзі, і памілуй Вялікага Спадара і Айца нашага Свяцейшага Патрыярха Кірыла і Экзарха яго Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта, праасвяшчэнных мітрапалітаў, архіепіскапаў і епіскапаў праваслаўных, а таксама іерэяў і дыяканаў і ўвесь прычт царкоўны, які Ты паставіў пасвіць духоўнае Тваё стада, і малітвамі іх памілуй і збаў мяне, грэшнага. (Паклон) Збаў, Госпадзі, і памілуй айца майго духоўнага (імя яго), і святымі яго малітвамі прабач мае саграшэнні. (Паклон) Збаў, Госпадзі, і памілуй бацькоў маіх (імёны іх), братоў і сясцёр, і сваякоў маіх па плоці, і ўсіх бліжніх роду майго, і сяброў, і дай ім Твае зямныя і нябесныя даброты. (Паклон) Збаў, Госпадзі, і памілуй старых і маладых, убогіх і сірот, і ўдоў, хворых і засмучаных, тых, што ў бядзе і ў няшчасці, пад уціскам і ў няволі, а таксама ў цямніцах і ссылках, асабліва ж рабоў Тваіх, якія за Цябе і веру праваслаўную праследуюцца бязбожнымі язычнікамі і ератыкамі, – памяні іх, наведай, умацуй, уцеш і скора сілаю Тваёю палёгку, вызваленне і выратаванне ім падай. (Паклон) Збаў, Госпадзі, і памілуй пасланых на службу, падарожных айцоў і братоў нашых, і ўсіх праваслаўных хрысціян. (Паклон) Збаў, Госпадзі, і памілуй тых, каго я па неразумнасці сваёй спакусіў і са шляху збавіцельнага звёў, да ўчынкаў злых і ганебных прывёў; Бажэственным Тваім Промыслам на шлях збаўлення зноў іх вярні. (Паклон) Збаў, Госпадзі, і памілуй тых, што ненавідзяць і крыўдзяць мяне, і нападаюць на мяне, і не дай ім згінуць з-за мяне, грэшнага. (Паклон) Тых, што ад праваслаўнай веры адступілі і пагібельнымі ерасямі аслепленыя, прасвятлі святлом пазнання Цябе і да Святой Тваёй Апостальской Саборнай Царквы далучы. (Паклон) За спачылых Памяні, Госпадзі, тых, што з жыцця гэтага адышлі, свяцейшых патрыярхаў, праасвяшчэнных мітрапалітаў, архіепіскапаў і епіскапаў праваслаўных, а таксама тых, што паслужылі Табе ў іерэйскім сане і ў царкоўным прычце, і ў манашаскім чыне, і ў вечных Тваіх сялібах са святымі іх упакой. (Паклон) Памяні, Госпадзі, душы спачылых рабоў Тваіх: бацькоў маіх (імёны іх) і ўсіх сваякоў па плоці; і прабач ім усе саграшэнні, вольныя і міжвольныя, падай ім Царства і далучэнне да вечных Тваіх даброт, і Твайго бясконцага блажэннага жыцця асалоду. (Паклон) Памяні, Госпадзі, і ўсіх спачылых з надзеяй на ўваскрасенне і жыццё вечнае айцоў і братоў нашых, і сясцёр, і тых, што тут ляжаць і ўсюды, праваслаўных хрысціян, і са святымі Тваімі, дзе ззяе святло аблічча Твайго, усялі іх, і нас памілуй, як Добры і Чалавекалюбны. Амінь. (Паклон) Падай, Госпадзі, адпушчэнне грахоў усім, якія раней адышлі з верай і надзеяй на ўваскрасенне, айцам, братам і сёстрам нашым, і ствары ім вечную памяць. (Тройчы) Малітва апошніх Опцінскіх старцаў1 Госпадзі, дай мне з душэўным спакоем сустрэць усё, што прынясе мне сённяшні дзень. Дай мне цалкам аддацца волі Тваёй святой. У кожную пару гэтага дня ва ўсім накіруй і падтрымай мяне. Якія б я не атрымаў звесткі на працягу дня, навучы мяне прыняць іх са спакойнай душою і цвёрдай упэўненасцю, што на ўсё святая воля Твая. Ва ўсіх словах і справах маіх кіруй маімі думкамі і пачуццямі. Ва ўсіх непрадбачаных выпадках не дай мне забыць, што ўсё паслана Табою. Навучы мяне шчыра і разумна абыходзіцца з кожным членам сям’і маёй, нікога не бянтэжачы і не засмучаючы. Госпадзі, дай мне сілу перанесці стому сённяшняга дня і ўсе падзеі на працягу дня. Кіруй маёю воляю і навучы мяне маліцца, верыць, спадзявацца, цярпець, прабачаць і любіць. Амінь. Малітва іерасхіманаха Парфенія Кіеўскага Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, не дапусці, каб мітуслівасць, самалюбства, пачуццёвасць, нядбайнасць, гнеў панавалі нада мною і выкрадалі мяне ў любві Тваёй... О, Госпадзі, Стварыцелю мой, усё спадзяванне маё! Не пакінь мяне без удзелу ў блажэннай вечнасці; зрабі так, каб і я паследаваў святому прыкладу Твайму, быў пакорны ўладам, нада мною пастаўленым; дай мне тую чысціню духу, тую прастату сэрца, якія робяць нас дастойным любові Тваёй. Да Цябе, о Божа мой, узношу душу і сэрца маё: не дай загінуць стварэнню Твайму, а пазбаў мяне ад адзінага і найвялікшага зла – граху. Зрабі, Госпадзі, так, каб я пераносіў з такой самай цярплівасцю хваляванні і скрухі душэўныя, з якою радасцю прымаю ўцехі сардэчныя. Калі Ты хочаш, Госпадзі, – можаш ачысціць і асвяціць мяне. Вось, аддаю сябе Тваёй добрасці з просьбаю вынішчыць ува мне ўсё супраціўнае Табе і далучыць да ліку выбраннікаў Тваіх. Госпадзі, адымі ад мяне бяздзейнасць духу, якая марнуе час; мітуслівасць думак, якая перашкаджае Тваёй прысутнасці і рассейвае маю ўвагу ў час малітвы; і калі на малітве я ўхіляюся ад Цябе сваімі думкамі, то памажы мне, каб гэтая рассеянасць не была наўмыснай, і, ўхіляючы розум, каб не адвярнуў я сэрца сваё ад Цябе. Вызнаю перад Табою, Госпадам Богам маім, усе грахі майго беззаконня, цяпер і раней учыненыя перад Табою: адпусці мне іх дзеля імя Твайго святога, і збаў душу маю, якую Ты адкупіў каштоўнаю Крывёю Тваёю. Аддаю сябе міласэрнасці Тваёй, аддаюся волі Тваёй, рабі са мною паводле добрасці Тваёй, а не паводле зласлівасці і беззаконня майго. Навучы мяне, Госпадзі, размяркоўваць свае справы так, каб яны садзейнічалі праслаўленню Твайго святога імя. Змілуйся, Госпадзі, над усімі хрысціянамі; пачуй жаданне ўсіх, хто кліча Цябе, пазбаў ад усякага зла, збаў рабоў Тваіх (імёны), пашлі ім радасць, уцеху ў журбе і міласць Тваю святую. Госпадзі! Малю Цябе асабліва за тых, хто мяне чым-небудзь пакрыўдзіў і засмуціў або якое-небудзь зло ўчыніў мне: не карай іх за мяне, грэшнага, а вылі на іх добрасць Тваю… Госпадзі, малю Цябе за ўсіх, каго я, грэшны, засмуціў, пакрыўдзіў або спакусіў словам, учынкам, думкаю, наўмысна ці незнарок. Госпадзі Божа! Даруй нам узаемныя крыўды; выгані, Госпадзі, з сэрцаў нашых усялякае абурэнне, падазрэнне, гнеў, злапамятнасць, сваркі і ўсё тое, што можа перашкаджаць любові і змяншаць браталюбства. Памілуй, Госпадзі, тых, якія даручылі мне, грэшнаму, недастойнаму, маліцца за іх! Памілуй, Госпадзі, кожнага, хто просіць Тваёй дапамогі. Госпадзі! Зрабі гэты дзень днём міласэрнасці Тваёй, падай кожнаму паводле просьбы яго; будзь пастырам тых, што заблудзілі, правадыром і святлом для недасведчаных, настаўнікам для неразумных, бацькам для асірацелых, памочнікам для прыгнечаных, лекарам для хворых, суцяшальнікам для тых, што пры смерці, і прывядзі нас усіх да жаданага канца – да Цябе, прыстанішча нашага і блажэннага ўпакаення. Амінь. Заканчэнне малітваў Дастойна ёсць сапраўды ўблажаць Цябе, Багародзіцу, заўжды блажэнную і найчысцейшую і Маці Бога нашага. Пачэснейшую за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за Серафімаў, што непарушанаю Бога Слова нарадзіла, Існую Багародзіцу, Цябе велічаем. Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Госпадзі, памілуй. (Тройчы) Госпадзі, Іісусе Хрысце, Сыне Божы, дзеля малітваў Прачыстай Тваёй Маці, прападобных і боганосных айцоў нашых і ўсіх святых, памілуй нас. Амінь. Примечание: (1) не наклікаючы на сябеасуджэння, беспакарана. |
Наступны > |
---|