Filioque ў дыялогу хрысціянаў сёння |
святар Вацлаў Грыневіч (Польская Праваслаўная Царква) Мне давялося ўдзельнічаць у адной важнай навуковай сессіі, якая была арганізавана ў траўні 1998 года камісіяй «Pro Oriente», заснаванай ў 1964 годзе кардыналам Францам Конігам. Сімпозіум сабраў шмат праваслаўных, арыентальна-праваслаўных (г. зн. дахалкідонскіх), рымска-каталіцкіх, лютэранскіх і рэфарматскіх багасловаў. Сярод выдатных праваслаўных іерархаў у мерапрыемстве прымалі ўдзел Мітрапаліт Пергамонскі Іаан Зізіўлёс і Мітрапаліт Малдовы і Букавіны Данііл Цёботэа. Удзельнічалі таксама архіепіскап Месроб Крыкаран з Армянскай Царквы і епіскап лютэранскі з Венгрыі Гіўла Нагі. Удзельнікі навуковага сімпозіума разважалі пра літургічнае змяненне першапачатковага тэксту Нікейска-Канстанцінопальскага Сімвала веры, у якім не было пазнейшага дадатку пра тое, што Дух Святы сыходзіць ад Айца «і Сына» (Filioque). Спрэчкі вакол аднабаковага ўключэння Filioque да вялікага вызнання веры Заходняй Царквой ідуць ужо больш за тысячу гадоў. У бясконцых палеміках, якія пачаліся яшчэ да вялікай схізмы 1054 года, Усходняя Царква разумела Filioque, як адну з галоўных прычын падзелу хрысціянства. Заходняя Царква афіцыйна ўвяла Filioque ў Сімвал веры задоўга да пачатку ІХ ст. Яно пачало з’яўляцца ў афіцыйных царкоўных прамовах вельмі рана (напрыклад, на сінодзе ў Таледа ў 589 г.), але гэта рабілася зусім не для таго, каб супрацьпаставіць сябе Усходняй Царкве. Гэтая формула павінна была спыніць смуту, якую выклікалі на Захадзе розныя плыні арыянства і дадаткова падкрэсліць Божую Сутнасць Хрыста. Пад канец VIII ст. формулу Filioque пачалі ўстаўляць у Нікейска-Канстанцінопальскі Сімвал веры. Адбылося гэта пры двары караля Карла Вялікага ў Аквізгране, які схіляў папу Ільва ІІІ (795--816) да таго, каб той зацвердзіў гэтую формулу. Але папа супрацьстаў гэтай тэндэнцыі. Менавіта ён загадаў павесіць у Рымскай базіліцы дзе табліцы, па-грэцку і па- латыні, з першапачатковым тэкстам вызнання веры, якое было ўсталявана Вялікімі саборамі. Ён выдаў загад зняць дадатак Filioque, які мог ускладніць адносіны з Усходняй Царквой. Але памяркоўны голас застаўся без увагі. На Захадзе ўвядзенне Filioque не выклікала такога супраціўлення, як на Усходзе. Калі б на гэта своечасова звярнулі больш ўвагі, то можа не было б такога супрацьстаяння ў Царкве. Праз два стагоддзі звычай дадаваць Filioque быў санкцыянаваны папам Бенедыктам VIII (1012--1024) па просьбе Рымскага караля Генрыха ІІ. З 1014 года Сімвал веры спявалі з Filioque, ніхто не ўяўляў сабе, якія наступствы гэта будзе мець для Царквы. Сёння мы з’яўляемся сведкамі адваротнага працэсу. КАТАЛІКІ ПРЫЗНАЮЦЬ НАРМАЛЬНУЮ ВАРТАСЦЬ КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКАГА СІМВАЛА ВЕРЫ У пропаведзі, якую сказаў папа Іаан Павел ІІ у саборы Св. Пятра 29 чэрвеня 1995 г., у прысутнасці Усяленскага Патрыярха Варфаламея І, гаварылася пра неабходнасць высвятлення традыцыйнай дактрыны пра Filioque, звычайнай у лацінскай літургіі. Даведачны дакумент (ад 13. 09. 1995) прыгатавала Папская Рада па справах еднасці хрысціян. Ён аўтарытэтна пацвердзіў нарматыўную і сусветную вартасць Нікейска-Канстанцінопальскага Сімвала веры (традыцыя захавала яго ў той форме, якую ёй даў ІІ Усяленскі Сабор у Канстанцінопалі ў 381 г.). Вось найбольш істотнае сцвярджэнне: “Царква Кафалічная вызнае – як выраз адзінай супольнай веры Царквы і ўсіх хрысціян – саборную, сусветную, нарматыўную вартасць абвешчанага Сімвала па-грэцку ў Канстанцінопалі на Другім Усяленскім саборы. Ні адно вызнанне веры, уласцівае асобнай літургічнай традыцыі, не можа быць у згодзе з агульнацаркоўным вызнаннем веры і навучаннем, калі яно не прымаецца ўсёй Царквой.” Чытаючы гэтыя словы, можна задумацца, чаму не скончыліся яшчэ спрэчкі пра Filioque. Важнасць гэтага пытання ўзрастае, калі ў дакуменце з’яўляецца наступная інтэрпрэтацыя праўды веры пра паходжанне Святога Духа: “Толькі Айцец ёсць Пачатак Безпачатковы (αρχή άναρχος) Дзвюх іншых Асобаў Троіцы, Адзіная Крыніца (πηγή) як Сына, так і Святога Духа. Святы Дух мае Свой пачатак з Адзінага Айца (έκ μόνου τού Πάτρος) праз уласцівае і непасрэднае нараджэнне”. Праваслаўны хрысціянін можа знайсці ў гэтых фармулёўках голас патрыярха Фоція і вялікай усходняй традыцыі. Аднак, мы не знойдзем у рымскім дакуменце наступнай самачыннай устаўкі, што Рымска-каталіцкая Царква павінна карыстацца Сімвалам веры без дадатку Filioque. Але ўсё ж былі і такія выказванні, што лацінская літургічная традыцыя не супярэчыць веры непадзеленай Царквы. Высвятленне гэтай праблемы не ўлічвае галоўнай перашкоды ў паразуменні, якая ёсць сам факт змены Усяленскага тэксту І Канстанцінопальскага Сабору. КАЛІСЦІ НАДЫЙДЗЕ ЗАЛАТЫ ЧАС Можна мець надзею, што раней ці пазней Рымска-каталіцкая Царква вернецца да літургічнага ўжытку першапачатковай рэдакцыі Сімвала веры. Не бачна ні адзінага поваду, з нагоды якога гэта магло адыцца сёння. Скасаванне Filioque было б актам экуменічнай шчырасці і знакам брацкага паяднання. Гэты акт быў бы вялікай палёгкай для каталіцка-праваслаўнага дыялогу. Усялякія іншыя захады будуць толькі асобнымі штучнымі спробамі. Ватыканскі дакумент, які быў прыняты пры папе Іаане Паўле ІІ усяляе пэўную надзею, хаця ёсць у ім і падстава для недакладнасці і вагання. Далейшае адцягванне не будзе добрым знакам для дыялогу. Шматвекавыя спрэчкі на гэтую тэму, такім чынам, застаюцца, што з’яўляецца перашкодай для экуменізму і аб’яднання. Багаслоў з Парыжа Барыс Бабрынской, пісаў у 1981 г.: “Калі лацінскі дагмат Filioque страціць у вачах праваслаўных сваю перашкодную моц, калі Нікейска-Канстанцінопальскі Сімвал веры зноў вернецца да сваёй першапачатковай супольнай формы і стане Сімвалам адзінства і любові – тады Filioque перастане вызнавацца як грэх супраць адзінства і любові”. Таксама выдатна выразіў гэта ў 1991 г. праваслаўны грэчаскі багаслоў са Злучаных Штатаў Феадор Стыліянопулёс: “Калі як хрысціяне будзем здольны супольна прамаўляць Сімвал веры без Filioque, тады наступіць залаты момант у нашым экуменічным дыялогу, які будзе весці нас да больш глыбокага зразумення Жывога і Трыадзінага Бога як галоўнай таямніцы жыцця”. Каталіцкі багаслоў, які удзельнічае ў дыялогу з Праваслаўем, з болем заўважае неўступлівасць і ваганне сваёй Царквы. У Рымскім дакуменце няма ніводнай заўвагі пра драматычны факт аднабаковага увядзення Filioque да саборнага вызнання веры. Не відаць таксама і гатоўнасці да вызнання дзейснай віны і просьбы пра прабачэнне, чаго патрабуе экуменічная шчырасць і павага. Сёння гэта неад’емная частка экуменічнага працэсу ачышчэння гістарычнай памяці. ВАТЫКАНСКІ ДАКУМЕНТ У АЦЭНЦЫ ПРАВАСЛАЎНЫХ Праваслаўныя багасловы, якія ўдзельнічаюць ў дыялогу, прызнаюць Ватыканскі дакумент карысным і каштоўным, але, з іншага боку, не хаваюць сваіх сумненняў. Яны бачаць у ім спробу высвятлення розніцы і важны імпульс для далейшага багаслоўскага дыялогу – перш за ўсё з той нагоды, што ён падкрэслівае саборны, нарматыўны і экуменічны характар Нікейска-Канстанцінопальскага Сімвала. Аднак, гэты дыялог вымушае зрабіць акцэнт навукі на “манархіі Айца”, ці вызнання, што Айцец з’яўляецца адзінай Прычынай і Адзіным Пачаткам Сына і Святога Духа. Тымчасам, у іх ацэнцы, заходняя дактрына пра Filioque сцвярджае пра дзве крыніцы Іпастасі Духа – першы і галоўны пачатак бачаць у Айцы, другі ж – у Сыне. Паводле мітрапаліта Іаана (Зізіўляса), “калі б Рымска-каталіцкае багаслоўе было гатовае прызнаць, што Сын не якім спосабам не з’яўляецца прычынай паходжання Святога Духа, гэта б вельмі зблізіла дзве традыцыі ў пытанні адносна Filioque”. Праваслаўныя бачаць у рымскім дакуменце добры повад для далейшага развіцця экуменізму. Мітрапаліт Данііл (Цёботэа) казаў у Вене: “Я знаходжу ў рымскім дакуменце шмат знакаў надзеі і магчымых экуменічных перспектыў, якія дазваляюць пераадолець даўнія дагматычныя і багаслоўскія спрэчкі”. ДУХ “СПАЧЫВАЕ” НА СЫНЕ Надыйшоў час, калі супольным узмацненнем думкі і сэрца трэба шукаць шляхоў якія вядуць да экуменічнага паразумення. Усходняе багаслоўе не без поваду падкрэслівае, што Дух “спачывае” на Сыне, праз Яго “прамянее” і “свеціць”. У такой перспектыве лягчэй заўважыць, што адвечнае нараджэнне Сына і паходжанне Духа роўнавартасныя і неразрыўныя і паміж сабой звязаныя. Трэба іх сапраўды адрозніваць, але не трэба іх ад Сябе аддзяляць. Гэтага патрабуе трынітарны парадак унутраных адносін Бажэственых Асоб. Св. Іаан Дамаскін (De fide orthodoxa I, 7-8. PG 94, 804-805. 824) параўнуе Духа з дыханнем (Πνεύμα) Айца, а Сына – з Яго Словам (Λόγος). Такім чынам выражаючы думку, што Сын і Дух роўнавартасна маюць Свой Пачатак у Айцы. Айцец ніколі не існаваў без Слова, а Слова ніколі не існавала без Дыхання. Слова мусіць заўсёды мець сваё Дыханне. Божы Дух спадарожнічаў ад пачатку Слову і явіў Яго дзеянні. Перад тым, як Хрыстос, даў людзям дары Святога Духа, Ён сам быў найперш Тым, на кім Дух “спачываў”. Гэта сведчыць пра ўзаемную прыналежнасць Сына і Духа. Перад тым, як Дух стаў дарам Хрыста, Ён пранік найперш у Яго Самога, Яго месіянскую прысутнасць і таясамасць. Гэты факт адкрыцця нечага з адвечнай таямніцы Святога Духа, які “спачывае” на Сыне. Сыход Духа на Іісуса падчас Хрышчэння ў Іардане таксама як і на вучняў у дзень Пяцідзесятніцы, яўляе ў чалавечых дзеях гэтае “спачыванне” Духа на Сыне. Гэта выключае ўсялякае падпарадкаванне Духа Сыну. Вялікавечныя наступы праваслаўя супраць Filioque былі накіраваныя на тое, што згодна той фармулёўцы ў заходняй традыцыі памяншаецца роля Святога Духа, а абгрунтаванне свабоды і прароцтваў падпарадкавана інстытуцыям і бачным структурам Царквы. АБ’ЯДНАННЕ МАГЧЫМА Разважаючы пра непаразумелы для чалавечага розуму спосаб паходжання Бажэственых Асоб (Сына праз нараджэнне, Духа праз “сыходжанне”, εκπόρευσις), трэба ўлічваць два парадкі ці рухі, аднак, не аддзяляючы іх адзін ад аднаго: парадак “ад” і парадак “да”. Filioque кажа пра рух “ад”, не ўспамінаючы пра рух “да”. Паводле Св. Іаана Дамаскіна (там жа, І, 7, 8, 13. PG 94, 805. 821. 857), Дух сыходзіць ад Айца, каб спачыць на Сыне і ў Ім застацца. Аднак, Ён не застаецца ў Сыне, як у канечным целе, але вяртаецца ад Яго да Айца, ад Якога бярэ Свой пачатак. Святая Троіца ўтрымліваецца дзякуючы дасканалай поўнай Любові Бажэственых Асоб. Ужо сёння хрысціяне Усходу і Захаду могуць супольна выражаць сваю веру ў тое, што Святы Дух адвечна сыходзіць ад Айца да Сына і адначасова вяртаецца ад Сына (праз Сына) да Айца, у адзіным коле жыцця Бажэственнай Троіцы. Такім чынам засталася б грунтоўная пасылка хрысціянскай навукі пра Святую Троіцу. Гаворыць яна пра “манархію Айца”, ці пра тое, што Ён з’яўляецца адзіным Пачаткам (αρχή), Прычынай (αιτία) і Крыніцай (πηγή) Божасці дзвюх іншых Божых Асоб. Паводле фармулёўкі св. Іаана Дамаскіна, Сын Божы ёсць адзіная прычына (μέσον), якая пасрэднічае адвечнаму паходжанню Духа. “Выхад” Духа засноўвае нараджэнне Сына, на Якім спачывае і ў Якім застаецца як любоў Айца, які заўседы з’яўляецца Айцом Сына. Увогуле, экуменічныя спробы заканчэння спору пра Filioque прымаюць да ўвагі багаслоўскую варожасць хрысціянскага Усходу і Захаду. Яны ідуць па наступным шляху разважання: Святы Дух паходзіць толькі ад Айца, які ёсць адначасова Айцец Свайго Адзінароднага Сына. Дух не з’яўляецца “другім Сынам”. Ён паходзіць (“выходзіць”) уласцівым спосабам ад Айца, які, як Айцец, ніяк не аддзелены ад Сына. Абедзве традыцыі, усходняя і заходняя, могуць затым збліжацца да аб’яднання. Патрэба для таго добрай волі, узаемнага слухання і разумення. Заходняе багаслоўе паступова пдыходзіць да згоднага пераканання, што Айцец з’яўляецца адзінай крыніцай і адзінай прычынай у Троіцы Божых Асоб. Адпаведна, праваслаўныя багасловы зараз найбольш гатовыя прызнаць за Сынам пэўную ролю пасрэдніцтва ў паходжанні Духа ад Айца. Так мы збліжаемся да экуменічнага абмяркавання цяжкай праблемы, якая праз вякі дзяліла хрысціян Усхода і Захада. ПРА ВЕРУ З ВОПЫТА ЖЫЦЦЯ Хрысціянская навука пра Святую Троіцу не можа застацца сферай багаслоўскіх спекуляцый. Яна мае экзыстэнцыяльны характар. Яна паказвае, што Святы Дух заўсёды прыводзіць людзей да Хрыста, паходзячы адвечна ад Айца да Сына. Роўнавартасна Дух вядзе нас праз Сына, вяртаючыся да Айца, Які з’яўляецца іх супольнай крыніцай і адзінай прычынай. Багасловы павінны знайсці больш цвярозасці і сціпласці ў падыходзе да пытанняў, якія не маглі вырашыць цэлыя стагоддзі. Хто хоча размаўляць пра адвечнае паходжанне Духа, становіцца перад абліччам невымяральнай таямніцы Божай. Уласна, гэтая таямніца патрабуе ад багаслова, як на Захадзе, так і на Усходзе, мудрага стаўлення, якое натхнёна адчуваннем падманлівасці і неадэкватнасці ўсялякіх чалавечых паняццяў і аналогій. Пра таямніцу трыадзінага Бога можна правільна гаварыць толькі ў катэгорыях негатыўнага, апафатычнага багаслоўя, якое выходзіць за межы чалавечай мовы. Шматвекавыя спрэчкі пра Filioque прывялі да паніжэння ў значнай ступені вартасці хрысціянскай навукі пра Святую Троіцу. Трэба сёння свядома вярнуцца да мовы Бібліі і старажытнай традыцыі, якая з’яўляецца, перш за ўсё, мовай даксалогіі (δόξα – слава), якая выражае пахвалу Богу за тое, што Ён зрабіў для свету ў справах уратавання. Мова даксалогіі, прызывання (эпіклезы!) і надзеі з’яўляецца найлепшым чалавечым інструментам, які сведчыць пра прысутнасць трыадзінага Бога ў чалавечых справах. Вера ў Бажэственую Троіцу Асоб набірае тады поўны сэнс і становіцца бліжэй да жыццёвага вопыту чалавека. Калі Біблія кажа пра Святога Духа, які ад Айца паходзіць (выходзіць) (Ін. 15, 26), трэба здолець на тым спыніцца. Адвага інтэлектуальнага разважання ведае межы свайго распаўсюджвання. Пераклаў з польскай святар Яўген Грамыка |