Радавод князёў Альшанскіх паходзіць з рода князёў Дамбравіцкіх. Паводле адной з версій род гэты паходзіць з мястэчка Дуброўна (зараз г. Дуброўна, райцэнтр у Віцебскай вобласці). Нажаль, гісторыя захавала нам вельмі мала звестак як пра самую Юліянію, так і пра яе бацькоў. Вядома толькі, што бацька яе Юрый ці Геогргій, князь Альшанскі быў адным з фундатараў Кіева-Пячэрскай Лаўры. Вядома таксама, што ў 1503 годзе ён браў удзел у бітве з татарамі. Пра саму св. Юліянію вядома, што яна памёрла дзяўчынай у 16 год. Але гады яе нараджэння і смерці невядомыя. Хучшэй за ўсё гэта адбылося не пазней 1550 года. Пасля смерці яна была пахавана пад паўднёваю сцяною вялікай Пячэрскай царквы Успення Прасвятой Багародзіцы, каля прыдзела Іаана Багаслова, дзе потым былі аднойдзеныя яе мошчы. Гэты прыдзел быў пабудаваны ў 1470, і калі браць да ўвагі, што бацька св. Юліяніі стаў вядомы толькі ў 1503 годзе, то можна меркаваць, што святая дзева жыла паміж 1500 і 1520, ці 1525 і 1540. Што тычыцца жыцця святой дзевы, то трэба сказаць, што яна выбівалася нявіннасцю, лагодным паслушэнствам бацькам, дабразычлівасцю да бліжніх, справамі хрысціянскай любові і міласэрнасці, за што Гасподзь праславіў яе пасля смерці нятленнем мошчаў і дарам цудатварэння. На пачатку XVII стагоддзя пад час праўлення манастыром архімандрыта Елісея Плецянецкага былі адкрыты мошчы св. Юліяніі. Адбылося гэта калі пачалі капаць магілу для адной памёрлай Кіеўскай дзяўчыны. Падчас капання была знойдзена труна з целам дзяўчыны, апранутай у шоўкавую сукенку. На шыі ў дзяўчыны былі багатыя карáлі, на пальцах залатыя перстні. На галаве – дзявочы вянец з пярлінамі, у вушах – завушніцы з камнямі. Таксама быў знойдзены герб князёў Альшанскіх і таблічка з імем нябожчыцы. Як толькі людзі дакрануліся да адзення, яно рассыпалася ў прах, пакінуўшы толькі цела, да якога не дакранулася тленне. Цела святой дзевы адзелі ў новае адзенне і паклалі ў Паўднёва-Захадным куце царквы, але без пашаны, якую трэба аддаваць святым. Мноства людзей прыходзілі да труны і не ўсе дакраналіся да яе з пашанай, ад чаго мошчы пачалі цямнець. Праз некаторы час святая явілася ў сне свяціцелю Пятру Магіле, калі ён стаў мітрапалітам Кіеўскім і дакарыла яго за малавер’е і непашану да яе мошчаў. Пасля гэтага свяціцель загадаў інакіням вышіць новае адзенне для святых мошчаў. Мошчы былі пакладзеныя ў прыгожую раку і ўрачыста перанесены ў Вялікую Пячэрскую царкву. Свяціцель Пётр Магіла пастанавіў святкаваць памяць святой Юліяніі 6 ліпеня (19 ліпеня паводле новага стылю). У 1617 годзе прыйшоў у Лаўру нейкі чалавек і сказаў, што хоча пакланіцца святым мошчам праведнай Юліяніі. Іераманах Ліверый, эклессіарх лаўры, не заўважыўшы прытвроства гэтага чалавека падвёў яго да ракі і адчыніў яе. Чалавек скланіўся над мошчамі і, як быццам з вялікай пашанай пацалаваў іх. Але як толькі ён выйшаў за парог царквы, ён ўпаў на зямлю і пачаў метусіцца ў розныя бакі, выпускаючы з вуснаў пену, пасля чаго ён памёр у страшных пакутах. У нябожчыка знайшлі персцень, які быў на руцэ святой дзевы. У 1667 годзе, у дзень памяці святой, у лаўру прыйшоў архімандрыт златаверхага манастыра і сказаў, што святая явілася яму ў сне і запаведала пакланіцца яе мошчам, паколькі дагэтуль ён ні разу гэтага не рабіў. У 1718 годзе ў лаўры адбыўся пажар, які спаліў шмат каштоўных прадметаў. Пацярпелі ад агню і святыя мошчы. Пасля пажару яны былі сабраны ў новую раку і перанесеныя ў дальнія пячэры, дзе знаходзяцца і дагэтуль. А ў царкве на гэтым месцы былі пакладзены мошчы свяціцеля Міхаіла, прешага мітрапаліта Кіеўскага.