http://belmova.hram.by
Прападобны Фёдар, князь Астрожскі
Прападобны Фёдар, князь АстрожскіРод князёў Астрожскіх – гэта адгалінаванне ад старажытнага роду князёў Тураўскіх і Пінскіх. Бацька прп. Фёдара – Даніла, ужо жыў на Валыні і явіў прыклад служэння сваёй радзіме і айцоўскай веры, узначаліўшы супраціўленне палякам у іх спробах пасягнуць на землі Вялікага княства Літоўскага. Яшчэ больш важным было тое, што бацькі прп. Фёдара адрозніваліся прыкладнай пабожнасцю і хрысціянскай любоўю да храма Божага, ахвяруючы сваю ўласнасць на карысць цэркваў і хрысціянскай асветы. Пасля смерці бацькі прп. Фёдар пераняў у спадчыну Астрожскае і Заслаўскае княствы. Разам з тым ён пераняў ад бацькі абавязак абароны свайго народа і Праваслаўнай Царквы ад  пасягненняў іншаверных суседзяў. У 1410 г. разам з каралём Ягайлам ён удзельнічаў у паходзе супраць нямецкіх рыцараў-крыжаносцаў, якія хацелі гвалтоўна насадзіць рымскую веру на поўначы ВКЛ. У вядомай бітве пад Грунвальдам прп. Фёдар узначальваў вайсковую дружыну і  без сумнення  у многім садзейнічаў перамозе.
У 1419 г. князь Фёдар прымаў самы дзейсны удзел у паходзе добраахвотнікаў з ВКЛ  у Маравію для падтрымкі чэскіх гусітаў, якія змагаліся супраць лацінянаў і немцаў.
Вярнуўшыся на радзіму, князь Фёдар, як “муж з усіх   кіраўнікоў Літвы і Русі, найбольшай смеласці і агромнага аўтарытэту у войсках”, стаў самым дзейсным спадзвіжнікам Свідрыгайлы ў барацьбе з пасяганнямі на землі ВКЛ. Пераможныя бітвы адбыліся на Падоллі, каля Луцка і Камянца.  Прычым тактыка  князя -хрысціяніна будавалася па прынцыпу дасягнення перамогі праз воінскае мастацтва пры найменшым   праліцці крыві. Дружына прп. князя удзельнічала пры вызваленні ад палякаў Бярэсця і ўсяго Пабужжа. Дзякуючы гэты перамогам, значна палепшылася становішча праваслаўных у Рэчы Паспалітай.
У 1435 г. Свідрыгайла, былы саюзнік князя Фёдара , каварна ўварваўся на землі Падолля,  захапіў Астрожскага ў палон і пасадзіў у вязніцу. Даведаўшыся пра гэта, праваслаўныя валыняне аб`ядналіся, выступілі супраць Свідрыгайлы  і вызвалілі прп. Фёдара. Пасля гэтага князь Фёдар, памірыўшыся з Свідрыгайлам, прыняў удзел яшчэ ў адной бітве 1435 г., у выніку чаго Свідрыгайла быў разбіты і пасаджаны ў цямніцу.
Такім чынам у першай палове 15 ст. мы бачым прп. Фёдара багатым вотчыннікам,  военачальнікам, які ўдасканаліў ваеннае мастацтва ў ВКЛ. Захаваліся звесткі, што ён таксама апекаваўся праваслаўнымі цэрквамі, у прыватнасці, заснаваў мураваны Прачысценскі храм у Астрозе.
Пасля названых падзей князь Фёдар пакінуў “княжую славу”, прыняў на сябе манашаства, і стаў думаць толькі пра  ўратаванне сваёй душы, дагаджаючы Богу да апошніх сваіх дзён.
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
26-08-1big.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2025