Дабраверны князь Расціслаў Мсціславіч быў празваны Пабожным і ўвасобіў у сабе словы прарока Ісайі пра цара, які будзе царстваваць па праўдзе і князях, якія будуць правіць па закону (Іс. 32, 1). Айцом дабравернага князя быў знакаміты князь Мсціслаў-Фёдар, старэйшы сын Уладзіміра Манамаха. Пасля смерці апошняга пачынаецца разлад паміж яго нашчадкамі за права валодаць тымі ці іншымі гарадамі. Прымаў удзел у гэтых войнах і Смаленскі князь Расціслаў. Аднак, не толькі ў войнах прымаў удзел князь: ён клапаціўся пра гараджан і сялян сваёй вобласці, пра духавенства і манахаў, надаваў шмат увагі царкоўнаму жыццю Смаленскай зямлі. У 1145 годзе ён пабудаваў на Смядыні – месцы забойства святых князёў Барыса і Глеба – мураваны Барыса-Глебскі храм, прысвяціўшы яго 30-годдзю перанясення яго дзедам мошчаў святых князёў у Вышгарад. У той жа час ён аднаўляе, заснаваную яшчэ ў ХІ ст. Смаленскую епіскапскую кафедру, пра што сведчыць яго грамата ад 30 верасня 1150 года. У 1146 годзе пасля смерці вялікага князя Кіеўскага Уселавада на яго месца становіцца Ізяслаў, які аддае Расціславу горад Перэяслаў, але праз некаторы час Расціслаў зноў вяртаецца ў Смаленск. У 1147 годзе Ізяслаў вырашыў пасці вайной на князёў Святаслава Ольгавіча і Юрыя Уладзіміравіча Суздальскага, якія плялі інтрыгі супраць яго. Але Ізяслава падтрымалі толькі верныя брацкаму абавязку Расціслаў і Уладзімір. Ва ўрочышчы Чорная Магіла браты сустрэліся і на ваенным савеце дабраверны князь Расціслаў выказаў гатоўнасць ісці вайной на Святаслава, нават, калі гэта абыйдзецца вялікай крывёю. На шчасце Гасподзь пазбавіў іх вялікай крыві. Даведаўшыся, што войскі Кіеўскага князя аб’ядналіся з войскамі Расціслава і з полаўцамі, Святаслаў з Чарнігаўскімі князямі паспяшаліся адыйсці ў Чарнігаў, так хутка, каб іх ніхто не знайшоў. Пазней, калі мяцежныя князі пасылалі сваіх паслоў да Ізяслава з прапановай міру, то ён па савету свайго брата, міралюбівага князя Расціслава, згаджаецца на спыненне войн. Пасля смерці Ізяслава і свайго дзядзі Вячаслава, Расціслаў уступіў у канфлікт з князямі Ізяславам Давідавічам і Глебам Юр’евічам Перэяслаўскім. Ён хацеў ісці на іх вайной, але Глеб, ня ведаючы за сабой ніякай віны перадае Расціславу сваё здзіўленне – за што той хоча з ім ваяваць? За сваю недаверлівасць Расціслаў быў пакараны – яго ж саюзнікі, полаўцы, напалі на яго і ён вымушаны быў бяжаць з ганьбай у Смаленск. Даведаўшыся пра гэта, Кіеўскі князь Юрый, празваны Даўгарукім, пайшоў вайной на Смаленск, але Расціслаў схіляе яго да міру. У 1155 годзе Юрый качаткова прыміраецца з Расціславам і той пачынае прыкладаць усе намаганні на спыненне войн. У 1158 годзе Расціслаў, па згодзе астатніх князёў, становіцца князем Кіеўскім. З гэтага часу ён пачынае праводзіць палітыку прымірэння ўсіх князёў, заключаючы з імі саюзы і пагадненні. У 1166 годзе Расціслаў паехаў уладжваць канфлікт у Ноўгарадзе, дзе мясцовае насельніцтва стала выказваць нездавальненне князем Святаславам Расціславічам. Па дарозе ў Ноўгарад, Расціслаў заехаў у Смаленск, да свайго зяця, затым паехаў у Вялікія Лукі, куды пазваў Святаслава з пасламі ад наўгародцаў і прымусіў прасіць апошніх прабачэння ў князя з клятвай і цалаваннем крыжа. Калі ён вяртаўся, то, стомлены ад хваробы ён спыніўся у Смаленску, але не захацеў там заставацца, а вырашыў ехаць у Кіеў, сказаўшы, што хоча быць пахаваным там, а калі перажыве хваробу, то выканаць сваю даўную мару – пайсці ў Кіева-Пячэрскі манастыр. Па дарозе ў Кіеў, князь яшчэ раз выказаў пажаданне пастрыгчыся ў манахі, але ягоны духаўнік пераканаў яго гэтага не рабіць. Але князь ужо разумеў, што жыць яму засталося нядоўга і ў сяле Гордзіна ён пазваў да сябе свяшчэнніка Сімеона, каб той тварыў малітву, свайго пасцельнічага Іванку Фларовіча, смаленскага баярына Барыса Захар’іча і з малітвай “Цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладыка, па слову Твайму з мірам” ціха адыйшоў да Госпада 14 сакавіка. Праз тыдзень цела святога князя было пахавана ў Кіеўскім Фёдараўскім манастыры.