Свяціцель Лаўрэнцій, затворнік Пячэрскі, епіскап Тураўскі
Пра жыццё і дзейнасць прападобнага Лаўрэнція мы даведваемся з жыццяпісу святых Кіева-Пячэрскай лаўры. Сваё манаскае жыццё прп. Лаўрэнцій пачаў у Кіева-Пячэрскім манастыры. Вялікае ўражанне на яго зрабілі словы Збавіцеля, Які сказаў: "Калі ты молішся, зайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайне; і Айцец твой, Які бачыць у тайне, аддасць табе на яве" (Мф. 6:6). Лаўрэнцій вырашыў жыць у затворніцтве — у адзіноце, наводдаль ад іншых манахаў, у пячэры. Аднак згоды ігумена манастыра на гэта малады манах не атрымаў. Тады Лаўрэнцій пайшоў у манастыр святога вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, што знаходзіўся побач з Кіева-Пячэрскай лаўрай. Дзімітрыеўскі манастыр, заснаваны князем Ізяславам, з 1128 года быў падначалены Пячэрскаму архімандрыту. Там Лаўрэнцій жыў таксама ў затворніцтве, прызначыўшы сабе самы суровы рэжым манаскага жыцця. Дзякуючы шчырай малітве, подзвігу ды Божай міласці, ён пачаў лячыць людзей ад цялесных і душэўных хваробаў. Прп. Лаўрэнцій праславіўся сваёй здольнасцю да ацалення. Аднаго разу прывялі да яго чалавека, апанаванага нячыстым. Доўгі час апанаваны знаходзіўся пры манаху Лаўрэнціі, але не ацаляўся. Прападобны не адмовіўся ад хворага і павёў няшчаснага ў Пячэрскі манастыр шукаць там для яго збаўлення. Дужа шалеў хворы па дарозе да манастыра, баяўся ўвайсці ў святую Лаўру, поўную манахаў і падзвіжнікаў. Але, увайшоўшы ў манастыр ды стаўшы перад іконай Божае Маці Пячэрскае, ён цалкам пазбавіўся нячыстае сілы. З таго часу прп. Лаўрэнцій стаў служыць пры Кіева-Пячэрскім манастыры. Глыбокая вера і адданасць Царкве манаха Лаўрэнція звярнулі ўвагу Кіеўскага мітрапаліта, які ў 1182 годзе прызначыў Лаўрэнція на Тураўскую кафедру, дзе ён стаў пераемнікам святога Кірыла Тураўскага. У Тураве прп. Лаўрэнцій, нягледзячы на сваё становішча, працягваў свой подзвіг — даючы прыклад служэння Богу і Царкве. Уладыка Лаўрэнцій займаў Тураўскую кафедру да 1194 года. 3 прычыны старасці й нямогласці ён прасіў дазволу мітрапаліта вярнуцца ў Пячэрскі манастыр. Там прп. Лаўрэнцій знайшоў месца свайго вечнага спачыну (1194г.). Паводле мясцовага Тураўскага падання, нятленныя мошчы святога былі перанесены з былога Тураўскага Барысаглебскага манастыра ў Кіеў ды змешчаны ў той самай пячэры, дзе адбываў сваё затворніцтва святы Лаўрэнцій пры жыцці.