Прападобны Елісей Лаўрышаўскі з’яўляецца найбольш загадкавай асобай Беларускага пацерыка. Небагатыя звесткі пра яго супярэчлівыя, часам, легендарныя. Паводле жыццяпісу святога Елісея, ён быў сынам князя Трайната, займаў высокую пасаду пры двары князя Міндоўга. Прыняўшы хрышчэнне, пакінуў двор і адышоў у пустынь, дзе яго знайшоў невядомы нам праваслаўны манах, разам з якім Елісей заснаваў Лаўру пры царкве Святога Успення на рацэ Нёман. Лаўрышаўскі манастыр -- адзін з найбольш старажытных манастыроў Беларусі, які быў апорай праваслаўнай хрысціянізацыі старажытнай Літвы—Беларусі. Паводле падання, прп. Елісей быў забіты юнаком-слугою ноччу 23 кастрычніка 1250 года. Пасля смерці (1250 г.) мошчы прападобнага праславіліся цудамі. Маецца, напрыклад, сведчанне пра беснаватага, які ацаліўся, выпадкова дакрануўшыся да мошчаў св. Елісея. Калі ў 1505 годзе татары спустошылі наваколлі Наваградка і наблізіліся да Лаўрышаўскага манастыра, Гасподзь зноў явіў цуд праз свайго ўгодніка: татарам здалося, што манастырскі двор запоўнены магутнай конніцай, і яны са страхам разбегліся. Магчыма, гэты цуд стаў нагодай для кананізацыі прападобнага Елісея мітрапалітам Іосіфам Солтанам на саборы, што адбыўся ў 1514 г. ў Вільні. Мошчы святога спачатку былі адкрытыя для пакланення, а у час адной са шматлікіх войнаў былі схаваныя ў зямлю і пасля таго, як сам Лаўрышаўскі манастыр быў спалены, больш не былі знойдзены. Цяпер у вёсцы Лаўрышава Навагрудскага р-на ўстаноўлены помнік прап.Елісею Лаўрышаўскаму. Захавалася рукапіснае Лаўрышаўскае Евангелле, напісанае для Лаўрышаўскага манастыра ў 1-й палове 14 ст.