Гэтая святая была дачкою правіцеля Александрыі Егіпецкай. У грэкаў дзяўчына атрымала бліскучую адукацыю. Юнакі з самых знакамітых сямействаў імперыі шукалі рукі св. Екацярыны, якая мела рэдкую прыгажосць і розум, але ніводзін з іх не стаў яе выбраннікам. Яна аб’явіла бацькам, што згодзіцца выйсці замуж толькі за таго, хто пераўзыдзе яе ў радавітасці, багацці, прыгажосці і мудрасці. Маці Екацярыны, якая была таемнай хрысціянкай, павяла дзяўчыну да свайго духаўніка. Старац сказаў, што ведае Юнака, які пераўзыдзе Екацярыну ўсім, “бо прыгажосць Яго святлейшая за сонечнае ззянне, мудрасць Яго кіруе ўсім сусветам, багацце Яго разліваецца па ўсім свеце”. Вобраз Жаніха Нябеснага нарадзіў у душы святой дзевы гарачае жаданне ўбачыць Яго. Старац загадаў ёй з верай маліцца да Багародзіцы і спадзявацца на яе дапамогу. Але Екацярына яшчэ не прымала хрышчэнне, і не магла маліцца як сапраўдная хрысціянка. Яна свядома прыняла таінства святога Хрышчэння, у час якога ёй з’явілася Прасвятая Багародзіца з Богадзіцяткам. У той час у Александрыю на язычніцкае свята прыехаў сам імператар Максімін. У час святкавангня прыносіліся ў ахвяру язычніцкім багам не толькі жывёлы, але і людзі – спаведнікі Хрыстовы. Святая Екацярына пайшла да галоўнага жраца, адкрыта заявіла пра вызнанне хрысціянскай веры і мужна выкрыла язычніцкія аблуды. Прыгажосць дзяўчыны выклікала захапленне правіцеля. Каб паказаць ёй перавагу язычніцкай мудрасці ён склікаў 50 вучонейшых мужоў з усёй імперыі. Але святая сваёй разважлівасцю і цвёрдасцю перамагла ўсіх мудрацоў. Яны, пранікнуўшыся тым, што прапаведала Екацярына, прынялі хрысціянства і былі тут жа спалены. Максімін спрабаваў спакусіць св. Екацярыну багаццем і славаю. Атрымаўшы гнеўны адказ, імператар падвергнуў святую жорсткім пакутам, а затым кінуў у цямніцу. На наступны дзень мучаніцу зноў прывялі на суд. Пад пагрозай калесавання ёй прапанавалі прынесці ахвяру язычніцкім багам. Святая пацвердзіла сваё стаянне ў хрысціянскай веры і смела пайшла на катаванне. Але Ангел Божы не дапусціў гэтага, разбурыўшы катавальню. Убачыўшы гэтае цуда больш за 200 язычнікаў прынялі Хрыста і былі абезгалоўлены. Разам з імі была і святая Екацярына. Яна сама мужна паклала галаву пад меч ката. Пасля мучаніцкай канчыны мошчы святой былі перанесены на Сінайскую гару. У 6-м стагоддзі адбылося аднойдзенне яе нятленных мошчаў і перанясенне, з вялікай пашанай, у новазбудаваны храм Сінайскага манастыра.