Нарадзіўся прмч. Афанасій каля 1597 г. у Бярэсці, у набожнай хрысціянскай сям'і Філіповічаў. У маладосці атрымаў добрую адукацыю, вучыўся ў Берасцейскай брацкай школе, вывучаў багаслоўскую і гістарычную літаратуру, валодаў польскай, лацінскай, грэчаскай, славянскай мовамі. Прп. Афанасій доўгі час займаўся навучаннем моладзі ў сем'ях беларускай знаці, нейкі час жыў пры двары літоўскага канцлера Льва Сапегі. Быў выхавацелем і настаўнікам царэвіча Дзімітрыя (Я. Лубы), кандыдата на Расійскі царскі прастол. У 1627 годзе Афанасій прыняў манашаскі пострыг ад ігумена Іосіфа ў Віленскім Свята-Духаўскім манастыры. Пасля служыў у манастырах Куцеінскім (пад Оршай), Міжгорскім (пад Кіевам). У 1632 годзе быў рукапаложаны ў іераманаха і прызначаны намеснікам у Дубойскі манастыр каля Пінска. У 1640 годзе прп. Афанасій быў абраны ігуменам Берасцейскага Сімяонаўскага манастыра. Гэта былі часы ўкаранення уніі і жорсткага пераследу Праваслаўнай Царквы. Прп. Афанасій пільна сачыў за падзеямі, якія адбываліся ў Вялікім княстве Літоўскім, збіраў матэрыялы аб прыгнечаным стане праваслаўных, аб жорсткім уціску з боку уніятаў і католікаў. Гэтай балючай і актуальнай тэме прысвяціў песню “Даруй, Божа, спакой Тваёй царкве” і Дзённік “Дыярыуш”. Каб знайсці законную абарону правоў праваслаўных, прп. Афанасію давялося ехаць у Варшаву і звяртацца да караля, але гэта не прынесла чаканых вынікаў. Не знайшоў падтрымкі прп. Афанасій нават сярод праваслаўныхіерархаў, якія ў той час знаходзіліся ў Варшаве. Затое Маці Божая не прамінула паслаць яму Сваю дапамогу. Перад ад'ездам з Варшавы, у час чытання Акафіста Божай Маці, ён пачуў голас: "Афанасій! Падавай прашэнне на сойм праз вобраз Мой Купяціцкі, на крыжы напісаны, і напомні каралю і ўсёй Рэчы Паспалітай аб праведным судзе Божым, калі яны не апамятаюцца і не адменяць унію". У 1643 годзе прп. Афанасій выступіў на сойме ў Варшаве, выкрываў беззаконні уніятаў. Прыведзеныя яскравыя факты ўразілі сойм, але за рэзкія выпады супраць караля прападобнага пасадзілі пад хатні арышт, і ён вырашыў змагацца за праўду сродкамі "дзеля Хрыста юродзівых". Прп. Афанасія асудзілі, выслалі з Варшавы ў Кіеў, дзе ён правеў тры месяцы ў вязніцы. Вярнуўшыся ў Бярэсце, у Сімяонаўскі манастыр, прападобны зноў вырашыў дамагацца ад караля і сойма адмены уніі. І зноў пасля прыезду ў Варшаву яго пад вартай вяртаюць у Кіеў. Але прп. Афанасій не пакінуў змагання супраць уніі за абарону Праваслаўя. Нясцерпныя ўмовы для праваслаўных, створаныя езуітамі, уніятамі і грэка-католікамі былі прычынамі пачатку паўстання пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Аднойчы ў час літургіі ў Брэсцкім Сімяонаўскім манастыры, ігумена Афанасія арыштавалі і абвінавацілі ў дапамозе рускаму паслу. Ігумена арыштавалі і пасадзілі ў варшаўскую турму, дзе ён напісаў шэраг артыкулаў, у якіх рэзка крытыкаваў палітыку Рэчы Паспалітай. У 1647 г. выпушчаны на волю, але не надоўга. За дапамогу казакам Багдана Хмяльніцкага зноў арыштаваны. Прп. Афанасія катавалі, нясцерпна білі, пяклі агнём, угаворвалі адмовіцца ад Праваслаўя, але дарэмна. 5 верасня 1648 г. жаўнер двойчы выстраліў у галаву святога, мучаніка яшчэ жывога скінулі ў магілу. Гэта было ў Гершонскім лесе непадалек ад вёскі Аркадзія каля Брэста. Нятленнае цела святога Афанасія знайшлі інакі Свята-Сімяонаўскага манастыра і праз некалькі дзён з пашанай пахавалі ў галоўным храме. Адразу ж пасля спачыну народ Божы праслаўляў і ўшаноўваў а. Афанасія як мучаніка за Святое Праваслаўе, а ў 1649 г. адбылася афіцыйная кананізацыя як святога нашай царквы. У 1819 годзе драўляная манастырская царква згарэла, ацалелыя астанкі мошчаў былі знойдзены і перанесены ў сабор. Аднойдзенне мошчаў пазначана ў календары датаю 2 жніўня (н. ст.). Цяпер часціца мошчаў прп. знаходзіцца ў зноў узведзеным Брэсцкім Свята-Сімяонаўскім саборы. На месцы мучаніцкай канчыны прп. узведзена капліца і заснаваны манастыр у гонар прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага.