Святыя мучанікі Антоній, Іаан і Яўстафій Віленскія
Прайшло ўжо больш за 650 год з тае пары, як жылі і пацярпелі за веру Хрыстовую святыя Віленскія мучанікі – Антоній, Іаан і Яўстафій. У той час на тэрыторыі сучасных Паўночнай Украіны, Беларусі і Літвы існавала магутнае Вялікае княства Літоўскае. У час жыцця свв. мучанікаў Вялікім князем Літоўскім быў Альгерд. Гэта быў князь разумны, мужны, але хітры і вельмі скрытны. Свае маладыя гады Альгерд правёў Віцебску і Полацку сярод славянскага насельніцтва. Ён быў схільны да ўспрыняцця Праваслаўя. У Віцебску ён ажаніўся з князўнай Марыяй Віцебскай і, паколькі праваслаўныя віцебскія князі не хацелі аддаваць сваю княжну за язычніка, Альгерд прыняў хрысціянства з імем Аляксандр, хоць і трымаў гэта ў тайне. Калі Альгерд стаў Літоўскім князем і жыў у Вільні, якая была тады сталіцай княства, то спачатку ён не супрацьдзейнічаў праваслаўнай веры. Ягоная жонка, Марыя, прывезла з Віцебска свяшчэнніка Нестара, якому Альгерд дазволіў прапаведваць Хрысціянства. Марыя пабудавала ў Вільні царкву ў гонар св. муч. Параскевы, якая ў перабудаваным выглядзе захавалася да нашых дзён. Альгерд працягваў трымаць у тайне прыняцце Праваслаўя, таму што ў Вільні яшчэ моцнай была партыя язычнікаў, якія мелі вялікі ўплыў на народ. Яны маглі настроіць народ супраць князя, і таму Альгерд імкнуўся вонкава быць падобным на язычніка. Ён выконваў усе язычніцкія абрады і звычаі і патрабаваў таго ж ад сваіх прыдворных. Спачатку ў Вільні хрысціянства прымалі толькі простыя людзі, але потым праз духаўніка княгіні свяшчэнніка Нестара, яно пачало рапаўсюджвацца і сярод знатных гараджанаў. У гэты час пры двары князя Альгерда жылі два браты, знатныя ліцьвіны – Кумец і Няжыла. Абодва яны былі спачатку язычнікамі і пакланяліся богу Перуну, у гонар якога ў Вільні быў пабудаваны храм і гарэў непагасны агонь “зьніч”. Калі Кумец і Няжыла пачулі ад свяшчэнніка Нестара слова пра Хрыста, то ўсёй душой узлюбілі Хрысціянства і пажадалі прыняць веру Хрыстовую. Нестар ахрысціў іх, старэйшы Кумец прыняў хрысціянскае імя Іаан, а Няжыла – імя Антоній. Іаан і Антоній трымалі ў тайне, прыняцце хрысціянства, не жадаючы злаваць князя і прыдворных-язычнікаў. Але доўга таіцца не маглі. У ліцьвінаў быў звычай галіцца і коратка стрыгчы валасы, круглы год яны елі мяса. Антоній і Іаан, прыняўшы хрысціянства, па хрысціянскім звычаі адпусцілі доўгія валасы і строга захоўвалі царкоўныя пасты. Галоўнае – яны перасталі наведваць язычніцкі храм. Язычнікі, асабліва язычніцкія жрацы, пачалі сачыць за імі і высветлілі, што браты – хрысціяне. Жрацы і без таго былі незадаволеныя Альгердам, што ён спрыяе хрысціянам і дазваляе хрысціянству распаўсюджвацца ў Вільні. Натоўпам яны прыйшлі да Альгерда і патрабавалі наладзіць паказальне пакаранне адступнікаў ад язычніцтва. Альгерд вельмі напалохаўся. Яму не хацелася караць Антонія і Іаана, але ў той жа час ён не хацеў застацца без княжага прастола. Ён вельмі раззлаваўся на святых братоў, што яны адкрытым вызнаннем Хрыста ўзбудзілі супраць яго азлабленне ў горадзе. А абараніць іх не было каму, бо праваслаўная князёўна Марыя да таго часу памерла. Прызваўшы Антонія і Іаана, Альгерд спытаў у іх, ці праўда, што яны хрысціяне. Калі святыя браты бязбоязна вызналі сябе перад князем хрысціянамі, Альгерд спачатку хацеў угаварыць іх, каб яны адступіліся ад хрысціянства, ці хаця-б вонкава паказвалі сябе язычнікамі і прымушаў іх есці мяса ў пост. Але святыя браты заставаліся непахіснымі і не адракліся ні ад святой веры, ні ад хрысціянскіх звычаяў. Тады раззлаваны непаслушэнствам Альгерд загадаў кінуць іх у цямніцу. З пакорай і радасцю прынялі святыя браты катаванні за Хрыстовую веру. У цямніцу яны ішлі так, як быццам іх чакалі не катаванні, а гонар і слава. Цэлы год яны пакутавалі ў цямніцы. Малодшы брат Антоній цярпліва пераносіў мучэнні, а старэйшы Іаан не вытрымаў цяжкасцяў. На другім годзе зняволення ён стаў слабець і, урэшце, зусім упаў духам. Таемна ад Антонія ён паслаў сказаць Альгерду, што гатовы ва ўсім падпарадкавацца яго волі, толькі б яму была вернута свабода. Альгерд вельмі ўзрадаваўся гэтаму і вызваліў не толькі Іаана, але і Антонія, таму што думаў, што і Антоній падзяляе думкі і пачуцці брата. Абодвум братам былі вернуты іх пасады пры двары. Калі Іаан стаў жыць пры двары, то ён дзеля язычнікаў стаў выконваць язычніцкія абрады і звычаі, хаця ўнутрана, у сэрцы сваім заставаўся хрысціянінам і таемна маліўся Іісусу Хрысту. Антоній жа не змяніў свайго ладу жыцця і па-ранейшаму адкрыта вызнаваў сябе хрысціянінам, выконваючы ўсе хрысціянскія абрады і пазбягаючы язычніцкіх. Іаана ён увесь час дакараў за яго крывадушша і пераконваў вызнаваць Хрыста, не палохаючыся катаванняў. Язычнікі бачылі гэта і радаваліся паводзінам Іаана, а на Антонія не звярталі ўвагі. Але аднойчы, настрой абодвух братоў стаў відавочным для ўсіх. Адбылося гэта ў посны дзень, калі абодва брата знаходзіліся за княжым сталом разам з прыдворнымі. Іаан пры гэтым, нягледзячы на пост, еў мяса, а Антоній адмовіўся ад мяса, вызнаючы сябе хрысціянінам. Гэтая адкрытая заява прывяла князя да моцнага гневу, ён загадаў зноў кінуць Антонія ў цямніцу. Іаан жа застаўся пры двары. З ранейшай пакорай і духоўнай радасцю прыняў Антоній гэтае новае выпрабаванне, дзякуючы Богу, які спадобіў яго яшчэ раз прыняць пакуты за Хрыста. Слух пра яго незвычайную цвёрдасць і цярпенне распаўсюдзіўся сярод жыхароў Вільні. Натоўпы народу прыходзілі паглядзець на непахіснага ў сваёй веры мучаніка і паслухаць яго дзіўныя размовы пра Іісуса Хрыста, за Якога ён пакутаваў і Якога так смела вызнаваў. Нават язычнікі, што слухалі яго пранікаліся міжвольнай павагай і многія ўверавалі ў Хрыста. Не так было з Іаанам. Хрысціяне не любілі яго, як адступніка ад веры, а язычнікі пагарджалі ім як чалавекам маладушным і непастаянным. Іаан нарэшце не вытрымаў такога жыцця. Ён зразумеў свой цяжкі грэх, шчыра раскаяўся і стаў шукаць прымірэння з братам. Ён звярнуўся з просьбай да свяшчэнніка Нестара, просячы пахадайнічаць за яго перад братам. Але Антоній сказаў яму: “Не можа быць у мяне з ім ніякіх зносін, раней, чым ён яўна не вызнае Хрыста і хрысціянскую веру”. Іаан, гатовы выканаць волю брата, пачаў шукаць зручнага моманту, каб аб’явіць сябе хрысціянінам. Першым пра гэта ён аб’явіў князю, калі яны знаходзіліся адзін на адзін. Спачатку Альгерд не выказаў ніякага гневу, але наступны раз, калі Іаан аб’явіў сябе хрысціянінам у прысутнасці прыдворных, Альгерд прыйшоў у ярасць. Ён загадаў жорстка збіць Іаана і кінуць яго ў цямніцу да брата Антонія. Вестка пра тое, што Іаан за вызнанне Хрыста зноў кінуты ў цямніцу, хутка распаўсюдзілася ў народзе і ўсё новыя натоўпы людзей прыходзілі паслухаць святых братоў. Пропаведзь Антонія і Іаана ў цямніцы і навяртанне да Хрыста мноства язычнікаў надзвычай устрывожыла язычніцкіх жрацоў. Яны звярнуліся да Альгерда з патрабаваннем аддаць Антонія і Іаана на смерць. Альгерд сатупіў патрабаванню язычнікаў, але спачатку вырашыў пакараць аднаго Антонія, спадзяючыся, што Іаан яшчэ адумаецца і зноў адрачэцца ад хрысціянства. Калі святому Антонію напярэдадні смерці быў аб’яўлены смяротны прыгавор, то ён усю ноч правёў без сну ў малітве, дзякуючы Богу за пасланы яму мучаніцкі вянец і молячы яго пра ўмацаванне сябе і брата. Калі настала раніца, абодва браты прычаціліся Святых Цела і Крыві Хрыстовых. Хутка з’явілася стража і павяла Антонія на катаванне. У той час, там дзе цяпер стаіць у Вільні Свята-Троіцкі манастыр, знаходзіўся дубовы гай. Самы высокі дуб лічыўся ў літоўцаў свяшчэнным, пад ім прыносіліся ахвяры багам, а на ім звычайна каралі злачынцаў. На гэтым дубе 14 красавіка (паводле новага стылю –27-га) быў павешаны святы Антоній, малодшы са святых братоў. Між тым святы мучанік Іаан па-ранейшаму застваўся ў вязьніцы. Язычнікі ўсё яшчэ спадзяваліся, што ён адрачэцца ад хрысціянства. Але годная канчына брата і ягоныя перадсмяротныя наказы так падзейнічалі на Іаана, што ён цяпер ужо нягледзячы на ўсе выпрабаванні, заставаўся цвёрдым і непахісным у хрысціянскай веры. Убачыўшы цвёрдасць святога Іаана, Альгерд па патрабаванню язычніцкіх жрацоў 24 красавіка (паводле новага стылю –7 мая) таго ж года павесіў на тым жа дубе і святога Іаана. Так закончылі сваё зямное жыццё браты-мучанікі, выканаўшы свой мучаніцкі подзвіг, прыняўшы пакуты за хрысціянскую веру і адыйшоўшы да ўзлюбленага імі Госпада Іісуса Хрыста. Целы святых мучанікаў з годнасцю былі пахаваныя ў самай старажытнай царкве Вільні – Свята-Мікалаеўскай. У хуткім часе ў Вільні праславіўся яшчэ адзін мучанік – Яўстафій (у язычніцтве – Круглец). Ён быў сваяком Антонію і Іаану, і таксама служыў пры двары князя Альгерда. Нягледзячы на сваю маладосць, выдзяляўся мужнасцю, розумам і душэўнай дабратой. Пачуўшы пропаведзь пра Хрыста, ён з усім юначым запалам адвергнуў язычніцтва і ўсім сэрцам прыняў хрысціянскую веру. У свяшчэнніка Нестара ён прыняў святое хрышчэнне з імем Яўстафій, і стаў весці сапраўды хрысціянскі лад жыцця. Паколькі Яўстафій быў адным з набліжаных князя, то яго прыняцце хрысціянства не магло доўга заставацца ў тайне. На пытанне Альгерда ён смела адказаў, што вызнае хрысціянства і жыве згодна з хрысціянскімі звычаямі. Гэта выклікала моцны гнеў князя. Спачатку ён хацеў сілай прымусіць Яўстафія адмовіцца ад хрысціянства, загадваючы яму есці мяса падчас посту. Калі Яўстафій адмовіўся, то князь загадаў схапіць яго і біць жалезнымі палкамі Мужнасць Яўстафія ў час катавання выклікала яшчэ большую раз’юшанасць князя і ён прыдумваў усё новыя мучэнні для пакутніка, якія працягваліся тры дні. Але і гэтыя катаванні не зламалі Яўстафія. Пераканаўшыся, што ніякія пакуты не могуць прымусіць Яўстафія адрачыся ад хрысціянскай веры, Альгерд асудзіў яго да такога ж пакарання смерцю, як і ягоных сваякоў – Іаана і Антонія. Яўстафій быў павешаны на тым жа дубе. Гэта адбылося 13 снежня (26-га паводле новага стылю). Цела святога мучаніка тры дні вісела на дрэве, але ні звяры, ані птушкі не кранулі яго. На трэці дзень веруючыя пахавалі Яўстафія разам з целамі першых двух мучанікаў у той жа Мікалаеўскай царкве. Па просьбе другой жонкі Альгерда Юліяніі Цвярской на месцы смерці святых мучанікаў хрысціяне пабудавалі храм у імя Святой Троіцы. Сюды былі перанесеныя нятленныя целы мучанікаў. Шматлікія цуды і ацаленні пераканалі праваслаўных у тым, што Гасподзь далучыў іх да ліку святых сваіх у Нябеснай сваёй Царкве. У 1364 годзе мучанікі Антоній, Іаан і Яўстафій былі кананізаваны Канстанцінопальскім патрыярхам Філафеем. Дзень іх памяці ўстаноўлены 14 красавіка (27-га паводле новага стылю). У хуткім часе часціцы святых мошчаў былі перанесеныя і ў Канстанцінопаль і змешчаны ў кафедральны сабор святой Сафіі, дзе яны высока шанаваліся і давалі ацаленні хворым. Патрыярхам Філафеем была ўведзена і служба св. мучанікам. У часы уніі мошчы святых мучанікаў былі перанесеныя ў Свята-Духаў манастыр і схаваныя ў пячоры пад галоўным алтаром Свята-Духава сабора. Пры мітрапаліце Літоўскім Іосіфе Сямашку ў пячоры была ўладкавана Царква ў імя святых мучанікаў і зроблена новая пазалочаная рака, У 1915 г. мошчы былі эвакуіраваны ў Маскву, а пасля, у 1946 г., па шматлікіх просьбах веруючых Літвы і Беларусі, былі вернуты ў Вільню, дзе знаходзяцца і глыбока ўшаноўваюцца да цяперашняга часу. Кроў святых мучанікаў хрыстовых сапраўды паслужыла семем хрысціянскай веры ў нашым краі. З гэтага часу хрысціянская вера пачала шырока распаўсюджвацца і ўмацоўвацца як у Віленскім краі, так па ўсёй паўночнай частцы сучаснай Беларусі. Жыціе сведчыць, што праслаўленне мучанікаў пачалося адразу пасля іх канчыны. Пра глыбокае ўшанаванне мучанікаў не толькі на ўсіх усходнеславянскіх землях, а ва ўсім праваслаўным свеце сведчаць факты стварэння першых варыянтаў жыція св. Віленскіх Мучанікаў на сербскай і, асабліва, на грэчаскай мове, што з`яўляецца выключнай з`явай. Апрача таго вобразы св. мучанікаў разам з выявамі візантыйскіх і маскоўскіх уладароў знаходзяцца на так званым “вялікім сакасе” мітрапаліта Фоція, які цяпер захоўваецца ў Гранавітай палаце ў Маскве. Гэта сведчыць, што мучанікі былі своеасаблівымі сімваламі праваслаўнага хрысціянства ў Вялікім Княстве Літоўскім. .