Яна пацярпела пад час праўлення рымскага імператара Дыяклітыяна. Нарадзілася ў Рыме, у сям’і сенатара Прэтэкстата. Айцец – язычнік, маці Фаўста – таемная хрысціянка, якая даручыла выхаванне маленькай дзяўчынкі вядомаму сваёй навуковасцю святому Хрысагону. Хрысагон вучыў Анастасію Святому Пісанню і выкананню закона Божага. Пасля заканчэння навучання пра Анастасію казалі як пра мудрую і прыгожую дзеву. Пасля смерці маці, не бяручы да ўвагі жаданне дачкі, айцец выдаў яе замуж за язычніка Помплія. Каб не парушыць абяцанне дзявоцтва і пазбегнуць шлюбнага ложа, Анастасія пастаянна спасылалася на невылечную хваробу і захоўвала чысціню. У цямніцах Рыма ў той час знаходзілася шмат зняволеных хрысціян. У жабрацкім адзенні святая таемна наведвала вязняў, – мыла і карміла хворых, якія не былі здольныя рухацца, перавязвала раны, суцяшала тых, каму гэта было патрэбна. Яе настаўнік два гады знаходзіўся ў вязніцы і яна вучылася ў яго доўгацярпенню і адданасці Збавіцелю. Муж Анастасіі Помплій, даведаўшыся пра гэта жорстка пабіў яе і пакінуў у асобным пакоі, а каля дзвярэй паставіў варту. Святая гаравала, што не можа сустракацца з хрысціянамі. Пасля смерці айца Анастасіі Помплій пастаянна катаваў жонку. У сваім адказе на пісьмо Анастасіі святы Хрысагон суцешыў яе і прадказаў хуткую смерць яе мужа. Праз некаторы час Помплій быў прызначаны паслом да Пярсіцкага цара і патануў па дарозе ў Персію. Цяпер святая зноў магла наведваць хрысціян у цямніцах, атрыманую спадчыну яна выкарыстоўвала на адзенне, ежу і лекі для хворых. Святога Хрысагона адправілі ў Аквілею на суд да імператара і ён скончыў жыццё ў пакутах за Хрыста. Праз 30 дзён пасля смерці ён з’явіўся Зоілу і прадказаў мучаніцкі канец трох хрысціянак – Агапіі, Хіоніі і Ірыны і павялеў паслаць да іх Анастасію. Анастасія памалілася каля мошчаў святога Хрысагона і пайшла да трох дзеў, падмацаваўшы іхную мужнасць. Пасля іх смерці яна пахавала іх целы. Святая Анастасія стала вандраваць, каб паўсюль, дзе толькі можна, служыць хрысціянам. Яна атрымала дар лекарства і палегчыла пакуты многіх хрысціян у вязніцы, таму яна і была названая Аковазбаўляльніцай. Ёй дапамагала хрысціянка Феадоція, якая пазней прыняла за Хрыста пакуты разам з траімі сваімі сынамі. Калі стала вядома, што святая Анастасія – хрысціянка, яе ўзялі пад варту і адвялі да імператара Дыяклітыяна. Даведаўшыся, што святая выкарыстала ўсе свае сродкі на дапамогу жабракам, галодным і хворым, імператар загадаў адвесці яе да вярхоўнага жраца Ульпіяна, каб той ці прымусіў яе прынесці ахвяру язычніцкім багам, ці аддаў яе на катаванне. Жрэц прапанаваў Анастасіі выбар паміж багатымі дарамі і прыладамі да катаванняў, якія ляжалі з двух бакоў ад яе. Святая без хістанняў абрала прылады для катаванняў. Перад тым, як аддаць святую на катаванні, Ульпіян хацеў апаганіць яе, але як толькі ён да яе дакрануўся, ён аслеп, страшны боль сціснуў ягоную галаву і праз некаторы час ён памёр. Святая апынулася на свабодзе і працягвала сваё служэнне. Святую зноў пасадзілі ў цямніцу і 60 дзён не давалі ёй есці. Але яна вытрымала гэта. Тады ігеман Ілірыі загадаў утапіць яе. Яе і хрысціяніна Еўціхіяна воіны пасадзілі на карабель і выйшлі ў адкрытае мора. Далёка ад берага, яны пераселі ў лодку і зрабілі дзіркі ў карабле, каб ён затануў. Але, калі карабель пачаў пагружацца ў ваду, мучанікі ўбачылі святую Феадоцію, якая кіравала караблём, накіроўваючы яго да берага. 120 чалавек, убачыўшы гэткі цуд паверылі ў Хрыста і Анастасія з Еўціхіянам ахрысцілі іх. Даведаўшыся пра гэта, ігеман загадаў закатаваць усіх новаахрышчаных. Святую расцягнулі на стаўбах над вогнішчам. Так яна скончыла сваё жыццё. Цела святой засталося непашкоджаным – яго пахавала хрысціянка Апалінарыя. Пасля заканчэння ганенняў яна пабудавала над труной Анастасіі царкву.