http://belmova.hram.by
Разьдзел 16

1. Калі адыйшла сыбота, Марыя Магдалена й Марыя Якубава й Саламія, купіўшы пахучых масьцяў, каб намасьціць Цела Ісуса. 2. Вельмі рана, на ўсходзе сонца, у першы дзень тыдня прыходзяць да гробу. 3. I гавораць між сабою: "Хто нам адваліць камень ад дзьвярэй гробу?" А узглянуўшы, убачылі, што камень адвалены, а быў ён вельмі вялікі. 4. Увайшоўшы-ж да гробу, яны ўбачылі юнака; ён сядзеў з правага боку, адзеты ў белую вопратку, і жахнуліся. 5. I сказаў ён ім: "Ня бойцеся, шукаеце Ісуса Назараніна ўкрыжаванага? 6. Ён уваскрос, Яго няма тут, вось месца, дзе быў паложаны. 7. Але йдзеце й скажэце вучням Яго й Пятру, што апярэдзіць вас у Галілеі, там Яго ўбачыце, як і казаў вам". 8. I яны, выйшаўшы, пабеглі ад гробу; праняў іх жах, і дрыжэлі ад страху, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся. 9. Iсус, уваскросшы раніцай першага дня тыдня, зьявіўся перш Марыі Магдалене, зь якое выгнаў сем злыдухаў. 10. Яна-ж пайшла й абвесьціла тым, якія былі зь Ім, а цяпер тужылі й плакалі. 11. Але яны, пачуўшы, што Ён жывы й што яна бачыла Яго, — не паверылі 12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх у дарозе, калі яны йшлі ў паселішча. 13. I тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі іншым, але й ім не далі веры. 14. Урэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны былі за сталом, і дакараў ім за нявер'е й жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага. 15. І сказаў ім: "Ідзеце па ўсім сьвеце й абвяшчайце Евангельле ўсякаму стварэньню. 16. Хто паверыць і ахрысьціцца, збавёны будзе, а хто не паверыць, асуджаны будзе. 17. А тым, хто паверыць, будуць прыданыя гэткія знаменьні: Імём Маім будуць выганяць злыдухаў, будуць гаварыць новымі мовамі 18. I будуць браць зьмей, і калі што мяртвячае вып’юць, не зашкодзіць ім, пакладуць рукі на хворых, і здаровымі стануць". 19. Госпад-жа, пасьля размовы зь імі, узьнёсься на неба й сеў праваруч Бога. 20. А яны, выйшаўшы, вешчавалі ўсюды з успамогай Госпада і з пацьверджанем знаменьнямі слова іхнага. Амін.

 

 
< Папярэдні
Назад
bel_svjat.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2023