Разьдзел 15 |
1. Назаўтра, адразу зранку, першасьвятары з кніжнікамі й старшынямі і ўвесь сынедрыён, зрабіўшы нараду, зьвязалі Ісуса, і павялі, і перадалі Яго Пілату. 2. I спытаўся ў Яго Пілат: "Ці Ты Кароль Юдэйскі?" Ён-жа ў адказ сказаў яму. "Ты кажаш!" 3. I шмат абвінавачаньняў архісьвятары ўзводзілі на Яго. 4. Пілат-жа ізноў спытаўся ў Яго, кажучы: "Ты нічога не адказваеш? Глядзі, колькі абвінавачаньняў падаюць на Цябе". 5. Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, аж Пілат дзівіўся. 6. Меў-жа ён звычай падчас сьвята адпускаць ім аднаго зь вязьняў, за якога прасілі. 7. Быў-жа ў вязьніцы нейкі Вараўва з сваім супольнікам, якія ў часе бунту ўчынілі забойства. 8. I народ, сабраўшыся, стаў голасна дамагацца, ад Пілата таго, што ён рабіў для іх заўсёды. 9. Пілат, адазваўшыся да іх, сказаў: "Калі хочаце, адпушчу вам караля Юдэйскага". 10. Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго праз зайздрасьць. 11. Але першасьвятары падбурылі народ, каб лепш адпусьціў ім Вараўву. 12. Пілат у адказ ізноў сказаў ім: "Што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго завяце Каралём Юдэйскім?" 13. А яны ізноў закрычалі: "Укрыжуй Яго!" 14. Пілат сказаў ім: "Якое-ж зло ўчыніў Ён?" Але яны яшчэ мацней крычалі: "Укрыжуй Яго!" 15. Тады Пілат, дагаджаючы натоўпу, адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбіваючы пугаю, выдаў на ўкрыжаваньне. 16. Жаўнеры-ж завялі Яго на двор суду, званым Прэторыя, і пазвалі ўжо кагорту войска. 17. I апранулі Яго ў баграніцу і, сплёўшы зь цярніны вянок, узлажылі на Яго. 18 І пачалі голасна ўсклікаць: "Вітай, Кароль Юдэйскі" 19. І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плявалі на Яго, і стаючы на калены, пакланяліся Яму. 20. А калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго баграніцу й адзелі ў вопратку ўласную, і павялі Яго на ўкрыжаваньне. 21. А сустрэўшы аднаго кірынеяніна, бацьку Аляксандра й Руфа, які йшоў з поля, — прымусілі таго нясьці крыж Ягоны. 22. I прывялі Яго на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча. 23. I давалі Яму піць віно, зьмяшанае зь міраю, але Ён ня прыняў. 24. I, укрыжаваўшы Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабе, каму што ўзяць. 25. Была-ж трэйцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. 26. I быў прыложаны напіс віны Ягонае: — Кароль Юдэйскі. 27. А зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога зь левага боку ад Яго. 28. I споўнілася Пісаньне, у якім напісана: "I да злачынцаў прылічаны". 29. I праходзячы побач Яго, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі й кажучы: "Ага, руйнуеш храм і ў тры дні адбудуеш. Выбаві Сам Сябе й зыйдзі з крыжа". 30. Таксама й архісьвятары з кніжнікамі насьміхаліся зь Яго, гаворачы адзін аднаму: "Іншых выбаўляў, а Сябе ня можа выбавіць. 32. Няхай Хрыстос, Кароль Ізраэльскі, зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы пабачылі, і уверым". І ўкрыжаваныя зь Ім дакаралі Яму. 33. А шостай гадзіне цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай. 34. А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам: "Элоі, элоі, лама савахфані!" Што азначае: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў". 35. Некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, гаварылі: "Вось Ільлю кліча" 36. Адзін-жа пабег намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: "Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго". З7. Ісус-жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў. 38. І заслона ў храме разьдзерлася папалам, зьверху да нізу. 39. А сотнік, які стаяў насупраць Яго, бачачы скананьне з такім голасам, сказаў: "Запраўды, гэты Чалавек быў Сын Божы". 40. Былі тут і жанчыны, якія наглядалі здалёк, а між імі была Марыя Магдалена й Марыя маці Якуба меншага й Ёсі, і Саламія. 41. Яны былі пры Ім і слугавалі Яму, калі Ён быў у Галілеі; і многа іншых жанчын, якія прыйшлі, зь Ім у Ерусалім. 42. I калі надыйшоў ужо вечар, — была-ж пятніца, дзень прыгатовы, — перадсыботні. 43. Прыйшоў Язэп з Арымафеў, паважаны раднік, які й сам чакаў Уладарства Божага; і ён сьмела увайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісусавага. 44. Пілат-жа зьдзівіўся, што ўжо памёр; і, паклікаўшы сотніка, пытаўся ў яго, ці запраўды памёр. 45. А даведаўшыся ад сотніка, што ўжо памёршы, аддаў цела Язэпу. 46. Язэп, купіўшы плашчаніцу й зьняўшы Яго, плашчаніцаю авінуў і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, і прываліў камень да дзьвярэй гробу. 47. Марыя-ж Магдалена й Марыя Ёсева глядзелі, дзе Яго палажылі.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|